Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран: улады пацьвердзілі гібель тысячаў ахвяраў у пратэстах, звольнілі кіраўніка кампаніі, якая не абмежавала інтэрнэт

На вуліцах Тэгерану аднавіўся рух транспарту. На банэры з выявамі былых і цяперашніх лідэраў Ірану напісана «Даміно падае», 19 студзеня 2026 году
На вуліцах Тэгерану аднавіўся рух транспарту. На банэры з выявамі былых і цяперашніх лідэраў Ірану напісана «Даміно падае», 19 студзеня 2026 году

Пры гэтым Злучаныя Штаты нарошчваюць сваю вайсковую прысутнасьць у рэгіёне.

Іранская служба Радыё Свабода з спасылкай на выданьне The Jerusalem Post паведаміла, што апошнімі днямі Злучаныя Штаты значна ўзмацнілі вайсковую прысутнасьць на Блізкім Усходзе.

Згодна з паведамленьнем, авіяносец Abraham Lincoln і баявыя групы яго суправаджэньня прыбылі ў праліў Малака паміж Малайзіяй і Інданэзіяй. Авіяносец таксама суправаджаюць два зьнішчальнікі-мінаносцы.

Адначасова ў Ярданію прыбылі сама меней 12 зьнішчальнікаў F-15, і яшчэ некалькі прыбудуць неўзабаве.

Амэрыканскія службоўцы заявілі СМІ, што «разглядаюцца ўсе варыянты» і што гэты крок накіраваны на тое, каб даць Дональду Трампу шырокі спэктар апэратыўных магчымасьцяў, калі ён пастановіць пачаць ваенныя дзеяньні.

Кіраўнік парлямэнту Ірану пацьвердзіў гібель «тысяч пратэстоўцаў» 8 і 9 студзеня

Кіраўнік парлямэнту Ірану Мухамад-Багэр Галібаф у сваёй прамове на адкрытым пасяджэньні парлямэнту пацьвердзіў, што тысячы людзей загінулі ў пратэстах 8 і 9 студзеня пасьля закліку сына зрынутага ў 1979 годзе шага Рэза Пэхлеві да іранцаў выходзіць на вуліцы.

Іранская служба Радыё Свабода нагадала, што раней высокапастаўленыя чыноўнікі Ірану казалі пра шматлікія забойствы грамадзян і прыпісвалі гэта «тэрарыстычнай апэрацыі праціўніка».

У той жа час, паводле відавочцаў, пратэстоўцаў, якія ўдзельнічалі ў нядаўніх мірных дэманстрацыях, сілы бясьпекі забівалі простым агнём.

Праваабарончая ініцыятыва HRANA, якая базуецца ў ЗША, паведаміла 18 студзеня, што агульная колькасьць пацьверджаных сьмерцяў дасягнула 3919, прычым 8949 выпадкі ўсё яшчэ дасьледуюцца. Праваабаронцы паведамілі, што сама меней 2109 чалавек атрымалі цяжкія раненьні, а арыштаваных пабольшала да 24 669.

Сын зрынутага манарха заявіў аб намеры вярнуцца ў Іран

Сын зрынутага ў 1979 годзе шага Рэза Пэхлеві 18 студзеня заявіў аб намеры вярнуцца ў Іран, але не назваў канкрэтных тэрмінаў свайго вяртаньня. Цяпер ён у ЗША.

Ён дадаў, што іранцы распачалі рашучыя дзеяньні ў сябе дома і цяпер для міжнароднай супольнасьці надышоў час далучыцца да іх.

«Я вярнуся ў Іран. [...] Іранскі народ паўстаў, каб вярнуць сваю краіну. Гісторыя ўзнагародзіць тых, хто зь ім», — сказаў Пэхлеві.

Улады звольнілі кіраўніка тэлекамунікацыйнай кампаніі за неабмежаваньне інтэрнэту

Іранскае дзяржаўнае агенцтва «Фарс» паведаміла аб звальненьні генэральнага дырэктара тэлекамунікацыйнай кампаніі Irancell за «невыкананьне правілаў, абвешчаных падчас крызісу».

У прыватнасьці, чыноўнікі заявілі, што 10 студзеня кампанія не абмежавала доступ да інтэрнэту на загад уладаў. Неўзабаве на гэтую пасаду прызначаць іншага чалавека.

У СМІ пачалі зьяўляцца здымкі сталіцы Ірану, на якіх відаць аднаўленьне звычайнага жыцьця пасьля пратэстаў.

Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі

Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.

Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.

У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.

Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.

Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.

Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.

У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.

Стасункі зь Беларусьсю

У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.

Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.

У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.

У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.

У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.

Супраца ў вайсковай сфэры

У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.

У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.

У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».

У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.

У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».

У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.

У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.

У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG