Пасьля адкрыцьця 2 пераходаў «Мінсктранс» аднаўляе пяць штодзённых рэйсаў у Літву і адзін у Латвію
Дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс» 20 лістапада заявіла пра адкрыцьцё шасьці рэйсаў штодня ў Літву і Латвію.
«У сувязі з адкрыцьцём Літоўскай Рэспублікай дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь дзяржаўнае прадпрыемства „Мінсктранс“ аднаўляе штодзённае выкананьне рэйсаў па наступных міжнародных маршрутах Менск — Коўна — Менск, Менск-Рыга-Менск, Менск — Вільнюс — Менск», — паведамляе «Мінсктранс».
Білеты, пачынаючы зь сёньняшняга дня, свабодна прадаюцца, квіткі можна набыць на аўтавакзале «Цэнтральны», а таксама на інтэрнэт-пляцоўках: infobus.by, infobus.eu, intercars-tickets.com.
19 лістапада ўрад Літвы вырашыў адкрыць два раней закрытыя памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Гэтаму папярэднічала сустрэча на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў Літвы і Беларусі.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.