У Кіеве ад дронаў пацярпелі сынагога і дзіцячы садок. У васьмі расейскіх аэрапортах уводзілі абмежаваньні

Кіеўскія ратаўнікі змагаюцца з пажарам на месцы ўдару расейскага дрону, 23 кастрычніка 2025 году
Кіеўскія ратаўнікі змагаюцца з пажарам на месцы ўдару расейскага дрону, 23 кастрычніка 2025 году

Расея цягам 12 гадзін атакавала Ўкраіну ўдарнымі бесьпілётнікамі. У Кіеве дрон урэзаўся ў жылы дом і цудам ня выбухнуў.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 23 кастрычніка расейскія войскі атакавалі краіну 130 ударнымі дронамі розных тыпаў.

Як папярэдне вядома, удалося зьбіць і зьняшкодзіць 92 бесьпілётнікі, яшчэ 25 пацэлілі ў 11 лякацыяў. Дронавая атака працягваецца дагэтуль.

У Кіеве 7 параненых, 5 зь іх у шпіталях

Паводле ўладаў украінскай сталіцы, у выніку расейскай атакі адбыліся пажары ў трох жылых дамах, гарэлі аўтамабілі.

Ад выбуховай хвалі вылецелі шыбы ў школе і дзіцячым садку, пацярпела сынагога ў цэнтры Кіева. Раненьні атрымалі 7 чалавек, 5 зь іх шпіталізавалі.

У адным з раёнаў Кіева дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом, але ня выбухнуў.

На Сумшчыне пацярпела чыгуначная станцыя, ёсьць параненыя ў іншых рэгіёнах

У Сумскай вобласьці раненьні атрымалі тры чалавекі. Ад абстрэлаў пацярпелі 42 паселішчы ў вобласьці.

Найбольшы ўдар быў скіраваны на чыгунку — шпіталізавалі двух параненых супрацоўнікаў, спынілі чыгуначны рух да паляпшэньня ўмоваў бясьпекі.

У выніку расейскай атакі пацярпелі некалькі аб’ектаў цывільнай інфраструктуры і жылы сэктар.

У Чарнігаўскай вобласьці адзін паранены. Рэгіён усё яшчэ застаецца безь цяпла і электрычнасьці.

У Херсонскай вобласьці раненьні атрымалі 13 мірных грамадзян. Ад артылерыі і дронаў моцна цярпяць жылы сэктар і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

У Расеі зноў пашкоджаны НПЗ

У Расеі праз атакі бесьпілётнікамі ўводзілі абмежаваньні ў 8 аэрапортах — у Самары, Калузе, Орску, Саратаве, Пензе, Арэнбургу, Валгаградзе і Тамбове.

Украінскія крыніцы сьцьвярджаюць, што дроны пацэлілі па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Разані, а таксама атакавалі мясцовы аэрапорт.

Пацэльваньне пацьвердзіў губэрнатар Разанскай вобласьці Павел Малкоў, хоць і не назваў пацярпелае прадпрыемства. Паводле яго, на месцы ўзгараньня працуюць апэратыўныя службы, ацэньваецца матэрыяльнай шкоды. Пацярпелых няма.

У Міністэрстве абароны Расеі ўдакладнілі, што цягам ночы зьнішчылі і перахапілі 139 украінскіх дронаў, найбольш — 56 — над тэрыторыяй Белгарадзкай вобласьці.

​
XS
SM
MD
LG