Адзін з ранейшых расейскіх удараў па Кіеве. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія войскі ўсю ноч атакавалі ўкраінскую энэргетычную сыстэму. Некалькі рэгіёнаў засталіся безь сьвятла, ёсьць загінулыя.
Вядома аб пацэльваньнях у цеплаэлектрацэнтралі, ГЭС і электрападстанцыі. Аварыйна адключаюць электрычнасьць у Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Сумскай, Кіеўскай, Запароскай, Адэскай, у іншых вобласьцях Украіны.
У Кіеве і Кіеўскай вобласьці ёсьць ахвяры
Паводле ўладаў Кіева, у выніку расейскай атакі пацярпелі чатыры раёны сталіцы: пашкоджаныя мэдычная ўстанова, шматкватэрныя жылыя дамы, у месцах удараў пачаліся пажары.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў аб двух загінулых і 22 пацярпелых, у тым ліку чацьвярых дзецях.
У Кіеўскай вобласьці расейскія войскі ўдарылі па энэргетычнай інфраструктуры і жылым сэктары. Чатыры чалавекі загінулі, у тым ліку 38-гадовая жанчына і двое яе дзяцей — шасьцімесячнае немаўля і 12-гадовая дачка.
Ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 10 вобласьцяў Украіны
Разбурэньні і 12 параненых — у Сумскай вобласьці. Ад абстрэлаў моцна пацярпелі Запароская, Чарнігаўская, Днепрапятроўская, Кіраваградзкая, Палтаўская, Віньніцкая, Чаркаская і Адэская вобласьці.
«Пад ударамі былі звычайныя гарады, у асноўным наша энэргетыка, але шмат пацэльваньняў і ў жылыя дамы», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Украінскі прэзыдэнт зноў заклікаў партнэраў па Эўрапейскім Зьвязе ўхваліць моцны санкцыйны пакет.
На большай часты Ўкраіны — аварыйныя адключэньні электраэнэргіі
У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны паведамілі, што ў выніку інтэнсіўнай расейскай атакі ў большасьці рэгіёнаў увялі аварыйныя адключэньні электраэнэргіі.
Аднаўленчыя работы пакуль вядуць толькі там, дзе гэта дазваляе сытуацыя па бясьпецы — у некалькіх рэгіёнах яшчэ працягваецца барацьба з расейскімі дронамі і паветраная трывога.
Спажыўцоў заклікаюць рацыянальна выкарыстоўваць электраэнэргію, каб зьнізіць нагрузку на энэргасыстэму ў цэлым.
У той жа час пра колькасьць пашкоджаных аб’ектаў нічога не паведамляюць.
Форум