Наступствы расейскай атакі па Днепрапятроўскай вобласьці ў чэрвені 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
У выніку расейскай атакі дронамі ў Днепрапятроўскай вобласьці 10 чалавек атрымалі раненьні.
Паводле ўладаў, адзін чалавек у цяжкім стане, адбыліся пажары ў жылым сэктары, пашкоджана інфраструктура.
Расейскія войскі абстрэльвалі рэгіён дронамі і з артылерыйскіх сыстэм.
У Запароскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 17 населеных пунктаў, два чалавекі параненыя. Улады паведамілі, што расейскія войскі выкарысталі супраць мірных жыхароў 412 бесьпілётнікаў розных мадыфікацый, а таксама зэнітныя і артылерыйскія сыстэмы.
Не спыняюцца абстрэлы Чарнігаўскай, Сумскай (4 параненых) і Харкаўскай вобласьцяў (1 чалавек загінуў, 14 пацярпелі). Расейскія войскі цэляць у жылы сэктар і аб’екты энэргетыкі.
У Расеі ад новай атакі бесьпілётнікаў пацярпелі два заводы — нафтаперапрацоўчы ў Навакуйбышаўску Самарскай вобласьці і газаперапрацоўчы ў Арэнбургу.
Губэрнатары гэтых рэгіёнаў Вячаслаў Федарышчаў і Яўгеній Солнцаў пацьвердзілі атакі, але кіраўнік Самарскай вобласьці не назваў аб’ект, які пацярпеў.
Telegram-канал Astra з спасылкай на мясцовых жыхароў паведаміў, што ў Навакуйбышаўску за 20 кілямэтраў ад Самары гарыць НПЗ, які ўваходзіць у структуру «Раснафты».
Яўгеній Солнцаў паведаміў, што на газаперапрацоўчым заводзе ў Арэнбургу часткова пацярпела інфраструктура, пачаўся пажар у адным з цэхаў.
Форум