Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэртэль заявіў, што вядзецца работа па ўсталяваньні кантактаў з уладамі Ўкраіны


Іван Тэртэль. Архіў
Іван Тэртэль. Архіў

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» ён пазытыўна адказаў на пытаньне, ці вядзецца работа ў кірунку арганізацыі размовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

«У гэтым дачыненьні ёсьць наша пазыцыя аб тым, што неабходна сустракацца і ў гэтай абстаноўцы, што склалася, знаходзіць кансэнсус. Гэтая работа таксам вядзецца. Вядома, тут шмат залежыць ад украінскага боку», — працытавала агенцтва Івана Тэртэля.

Паводле яго, Лукашэнка «працуе максымальна, каб стабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне».

«Мы знайшлі балянс бакоў у гэтай вельмі і вельмі няпростай і зь вялікай тэндэнцыяй да абвастрэньня сытуацыі. І я перакананы, што толькі шляхам ціхіх, спакойных перамоў, пошуку кампрамісу мы можам уладкаваць гэтую сытуацыю», — сказаў Тэртэль.

Раней Іван Тэртэль заяўляў, што Беларусь мае кантакты з Польшчай і краінамі Балтыі, у тым ліку, па лініі спэцслужбаў, і што дыялёг выходзіць «на разуменьне ўзаемных інтарэсаў». Аднак у спэцслужбе Польшчы гэтую заяву зьняпраўдзілі.

У канцы верасьня паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Зяленскім адбылася завочная дыскусія: прэзыдэнт Украіны назваў яго і расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «двума старымі дзядамі». Гэтаму папярэднічала заява Лукашэнкі, якую ён зрабіў у часе свайго візыту ў Маскву, аб тым, што Ўкраіна мае выгадныя прапановы па спыненьні вайны і перасьцярог Уладзіміра Зяленскага ад пагроз ударыць па Крамлі.

«Гаварыць, заяўляць можна ўсё. А калі Крэмль ударыць па Банкавай, што там застанецца? Таму Ўладзіміру Аляксандравічу трэба супакоіцца. Ёсьць на стале добрыя прапановы. Мы з прэзыдэнтам Пуціным абмяркоўвалі. Я ня буду пра іх гаварыць. Прэзыдэнт сам скажа. Добрыя прапановы. Прапановы па Ўкраіне, якія на Алясцы, у тым ліку, пачуў Дональд Трамп, адвёз у Вашынгтон, каб падумаць і абмеркаваць. Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы ня пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што ў пачатку СВА. Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну», — сказаў Лукашэнка.

29 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на гэтую заяву Лукашэнкі ў часе Міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая праходзіла ў Варшаве (Польшча).

«Мне складана нейкім чынам рэагаваць на тое што кажа Лукашэнка. Ён жыве ў сваім сьвеце. Ён пабудаваў яго і ізаляваў сябе. Ён жыве тры дзесяцігодзьдзі ў гэтым доме, які пабудаваў. Але гэты дом памерам з усю краіну. Але, я хачу, каб ён памятаў, што ягоная краіна незалежная. Ён у сваім сьвеце, але Пуцін часам наведваецца і яны балбочуць, два старыя дзяды. Цяжка камэнтаваць», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG