Наступствы расейскага абстрэлу Крывога Рогу ў чэрвені 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны заявілі, што расейскія войскі ў ноч на 16 ліпеня ажыцьцявілі камбінаваную атаку з выкарыстаньнем балістычнай ракеты, запушчанай з анэксаванага Крыму, і 400 ударных дронаў з шасьці расейскіх пляцовак.
Асноўныя ўдары нанесеныя па родным горадзе Ўладзіміра Зяленскага Крывым Рагу (Днепрапятроўская вобласьць), а таксама па Віньніцы і Харкаве. Расейцы не спыняюць абстрэлаў Сумскай вобласьці. Штодзень ад удараў дронамі цярпіць Херсонская вобласьць.
У Паветраных сілах Украіны сьцьвярджаюць, што супрацьпаветраная абарона змагла зьнішчыць 198 бесьпілётнікаў тыпу «Шахед» на поўначы, поўдні, усходзе і ў цэнтры краіны.
У Крывым Рагу адзін чалавек паранены, зьнішчана прадпрыемства
Аляксандар Вілкул, кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу, заявіў аб найбольшай з пачатку вайны расейскай атацы на горад — адначасова расейцы выкарысталі балістычную ракету і 28 ударных бесьпілётнікаў, зь якіх толькі 16 зьбіта.
Цяжкія раненьні атрымаў 17-гадовы хлопец, лекары змагаюцца за ягонае жыцьцё.
«У выніку атакі зьнішчана прамысловае прадпрыемства. Ахвяраў сярод супрацоўнікаў удалося ўнікнуць, бо ў часе трывогі яны былі ў сховішчы», — паведаміў Аляксандар Вілкул.
У горадзе адбылося некалькі пажараў, пашкоджаныя энэргетычныя аб’екты: без электрычнасьці засталіся некалькі раёнаў гораду, а забесьпячэньне вадой давялося пераводзіць на генэратары.
У Віньніцы 8 чалавек параненыя, пашкоджана інфраструктура
Гарадзкія ўлады Віньніцы паведамілі, што ў выніку расейскай атакі 8 мясцовых жыхароў атрымалі раненьні. Усе яны шпіталізаваныя.
Ратаўнікі дагэтуль змагаюцца з пажарамі, якія пачаліся на месцы падзеньня і пападаньняў дронаў, у тым ліку на прадпрыемстве цывільнай інфраструктуры. Улады не ўдакладняюць, каторы менавіта аб’ект пацярпеў.
Паводле мэра Харкава Ігара Церахава, расейская атака на горад працягвалася 14 хвілін.
«За гэты час вораг 16 разоў ударыў па Кіеўскім раёне Харкава. Таксама, паводле папярэдняй інфармацыі, сілы абароны Ўкраіны зьбілі некалькі баявых дронаў», — паведаміў ён.
Адначасова з Харкавам расейцы абстралялі 10 паселішчаў вобласьці. Паводле абласных уладаў, у выніку ўдараў два чалавекі загінулі і 5 атрымалі раненьні.
Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў адзначыў, што расейскія войскі выкарысталі супраць рэгіёну 41 бесьпілётнік рознага тыпу, у тым ліку «Шахед», «Герань-2», «Молния» і «Куб-2».
У выніку пападаньня і падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў істотна пацярпеў жылы сэктар, а таксама палі з пшаніцай.
Пад абстрэламі застаюцца Сумская і Херсонская вобласьці
У Сумскай вобласьці паветраная трывога працягвалася больш за 18 гадзін. У выніку абстрэлаў адзін чалавек загінуў.
Паводле абласных уладаў, з раніцы 15 ліпеня да раніцы 26 ліпеня расейцы ўчынілі амаль 100 абстрэлаў па 33 паселішчах у 13 раёнах вобласьці.
Для ўдараў расейцы актыўна выкарыстоўвалі кіраваныя авіяцыйныя бомбы, артылерыю і бесьпілётнікі. Пашкоджаныя і зьнішчаныя інфраструктурныя аб’екты, прыватныя будынкі, гаспадарчыя памяшканьні і сельскагаспадарчая тэхніка
Улады працягваюць эвакуацыю мірнага насельніцтва з гэтага рэгіёну.
У Херсонскай вобласьці раненьні атрымалі 8 чалавек. Разбураныя шмат прыватных дамоў, два шматпавярховікі і гаспадарчыя забудовы.
Форум