Уладзімір Зяленскі і Кіт Келаг, Кіеў, 14 ліпеня 2025 году.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэўся ў панядзелак са спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Кітам Келагам, які раніцай 14 ліпеня прыбыў на цягніку ў Кіеў.
Зяленскі назваў сустрэчу «прадуктыўнай».
«Абмеркавалі шлях да міру і тое, што мы практычна можам зрабіць разам, каб наблізіць яго. Гэта ўзмацненьне СПА для Ўкраіны, сумесная вытворчасьць і закупкі абарончага ўзбраеньня разам з Эўропай. І, вядома, санкцыі супраць Расеі і тых, хто ёй дапамагае. Спадзяемся на лідэрства Злучаных Штатаў, бо відавочна, што Масква ня спыніцца, калі яе неадэкватныя амбіцыі не спыніць сілай», — напісаў прэзыдэнт Украіны ў сацыяльных сетках.
Чакаецца, што Келаг прабудзе ў Кіеве ўвесь тыдзень.
Як піша Reuters, неўзабаве пасьля заканчэння сустрэчы Зяленскага і Келага ва ўкраінскай сталіцы была аб’яўленая паветраная трывога.
Кіт Келаг анансаваў візыт у Кіеў у канцы мінулага тыдня, знаходзячыся на канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны ў Рыме. Візыт Келага праходзіць на фоне паведамленьняў у СМІ аб тым, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп упершыню з моманту прыходу да ўлады ўхваліць пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне. Гаворка ідзе аб выдзяленьні дапамогі па праграме Presidential Drawdown Authority, якая дазваляе прэзыдэнту прымаць рашэньні без ухваленьня Кангрэсу.
Да гэтага часу Ўкраіна атрымлівала дапамогу, ухваленую яшчэ пры адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна.
Форум