Расея ў ноч на аўторак 27 траўня атакавала тэрыторыю Ўкраіны 60 бесьпілётнікамі, 43 зь іх былі зьбітыя або ўпалі самі, сьцьвярджае ўкраінскае войска. 9 дронаў патрапілі ў цэлі, гаворыцца ў паведамленьні, яшчэ ў трох выпадках зафіксавалі падзеньне абломкаў ад зьбітых дронаў. Якія аб’екты былі атакаваныя, у паведамленьні не гаворыцца.
Адміністрацыя Днепрапятроўскай вобласьці расказала, што ў выніку атакі пацярпела сельскагаспадарчае прадпрыемства, паранены два чалавекі, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Раніцай 27 траўня ў выніку авіяўдару расейцаў у Сумах пашкоджаныя як мінімум 7 прыватных дамоў і адзін двухпавярховы дом, а таксама аўтамабілі.
У Запароскай вобласьці ў выніку дронавага нападу расейскіх войскаў на прыватны дом пацярпеў 17-гадовы падлетак, паведаміў начальнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.
Як паведамляюць мясцовыя ўлады, за мінулыя суткі расейскія войскі нанесьлі 306 удараў па 15 населеных пунктах у Запароскай вобласьці.
Масква ўдар не камэнтавала.
Тым часам Мінабарны Расеі заявілі пра 99 зьбітых украінскіх бесьпілётнікаў у ноч на аўторак 27 траўня. Большая частка зь іх была перахопленая над Белгарадзкай і Варонескай абласьцямі. Колькі не ўдалося зьбіць — не паведамляецца, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Аб ахвярах і пашкоджаньнях у зводцы міністэрства абароны Расеі не паведамляецца. Рэгіянальныя ўлады паведамляюць аб узьніклых пажарах. Са справаздач уладаў вынікае, што пацярпелых у выніку атакі няма.
Тры папярэднія ночы Расея маштабна атакавала Ўкраіну ракетамі і бесьпілётнікамі
У ноч на 26 траўня расейскія вайскоўцы зноў нанесьлі камбінаваны ўдар па Ўкраіне, выкарыстоўваючы дзевяць крылатых ракет паветранага базаваньня Х-101, запушчаных з стратэгічных самалётаў Ту-95МС, і 355 ударных бесьпілётнікаў «Шахед» і імітатараў БПЛА розных тыпаў.
Сілы СПА Ўкраіны працавалі над Кіевам і Харкавам. Кіеў трэцюю ноч запар цярпеў ад абстрэлу з боку Расеі.
У Адэскай і Хмяльніцкай вобласьцях былі пашкоджаныя прыватныя дамы і прадпрыемствы.
У выніку абстрэлаў па ўсёй Украіне за мінулыя выходныя загінулі 13 чалавек, у іх ліку трое дзяцей, больш за 50 атрымалі раненьні.
Гэтыя атакі лічацца рэкорднымі за апошні час, яны былі аднымі з самых інтэнсіўных расейскіх паветраных удараў па Ўкраіне з моманту паўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 года.
Што сказаў Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 25 траўня пасьля сэрыі сьмяротных нападаў Расеі на Ўкраіну заявіў, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін «абсалютна зварʼяцеў» і папярэдзіў, што калі ён паспрабуе заваяваць усю Ўкраіну, гэта прывядзе да «падзеньня» Расеі.
«У мяне заўсёды былі вельмі добрыя адносіны з Уладзімірам Пуціным, але з ім нешта здарылася. Ён абсалютна ЗВАРʼЯЦЕЎ!» — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы позна ўвечары 25 траўня.
«Ён без патрэбы забівае шмат людзей, і я кажу ня толькі пра салдат. Ракеты і бесьпілётнікі запускаюцца па гарадах Украіны без якой-небудзь прычыны», — дадаў Трамп.
«Я заўсёды казаў, што ён хоча ЎСЮ Украіну, а ня толькі яе кавалак, і, магчыма, гэта аказваецца правільным, але калі ён гэта зробіць, гэта прывядзе да падзеньня Расеі!»
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць рэгіёны Ўкраіны рознымі відамі зброі — ударнымі дронамі, ракетамі, авіябомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню.
Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.