Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп назваў Пуціна «абсалютным вар’ятам» і папярэдзіў пра «падзеньне» Расеі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Пасьля рэкордных расейскіх паветраных атак на Ўкраіну Трамп выступіў з самымі рэзкімі публічнымі камэнтарамі на адрас кіраўніка Крамля.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля сэрыі сьмяротных нападаў Расеі на Ўкраіну заявіў, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін «абсалютна зварʼяцеў» і папярэдзіў, што калі ён паспрабуе заваяваць усю Ўкраіну, гэта прывядзе да «падзеньня» Расеі.

«У мяне заўсёды былі вельмі добрыя адносіны з Уладзімірам Пуціным, але з ім нешта здарылася. Ён абсалютна ЗВАРʼЯЦЕЎ!» — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы позна ўвечары 25 траўня.

«Ён без патрэбы забівае шмат людзей, і я кажу ня толькі пра салдат. Ракеты і бесьпілётнікі запускаюцца па гарадах Украіны без якой-небудзь прычыны», — дадаў Трамп.

«Я заўсёды казаў, што ён хоча ЎСЮ Украіну, а ня толькі яе кавалак, і, магчыма, гэта аказваецца правільным, але калі ён гэта зробіць, гэта прывядзе да падзеньня Расеі!»

Публікацыя ў Truth Social зьявілася неўзабаве пасля таго, як Трамп раскрытыкаваў Пуціна ў падобных камэнтарах для журналістаў.

«Я незадаволены тым, што робіць Пуцін. Ён забівае шмат людзей, і я ня ведаю, што, чорт вазьмі, здарылася з Пуціным», — сказаў ён журналістам у Нью-Джэрсі, рыхтуючыся да вылету назад у Вашынгтон.

Пуцін «пасылае ракеты па гарадах і забівае людзей, і мне гэта зусім не падабаецца», — злосна сказаў Трамп на ўзлётна-пасадачнай паласе аэрапорта Морыстаўн.

«Мы якраз размаўляем, а ён страляе ракетамі па Кіеве і іншых гарадах. Мне гэта зусім не падабаецца, — сказаў Трамп. — Я зьдзіўлены. Вельмі зьдзіўлены. «Нешта здарылася з гэтым хлопцам — і мне гэта не падабаецца».

Людзі кладуць кветкі і цацкі да руінаў дома, у якім ад расейскага ўраду загінеулі трое дзяцей. Каростышаў Жытомірскай вобласьці, 25 траўня 2025
Людзі кладуць кветкі і цацкі да руінаў дома, у якім ад расейскага ўраду загінеулі трое дзяцей. Каростышаў Жытомірскай вобласьці, 25 траўня 2025

Аднак у сваім пазьнейшым паведамленьні ў сацыяльных сетках Трамп таксама дадаў рэзкую крытыку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, сказаўшы:

«Зяленскі ня робіць сваёй краіне ніякай ласкі, кажучы так, як ён кажа. Усё, што ён кажа, выклікае праблемы, мне гэта не падабаецца, і лепш гэта спыніць».

Паток камэнтароў зьявіўся пасля таго, як Зяленскі, у рэдкім публічным дакоры найважнейшага саюзніка Кіева, асудзіў тое, што ён назваў «маўчаньнем Амэрыкі» пасля таго, калі ў выніку расейскіх нападаў на выходных загінулі як мінімум 13 чалавек і дзясяткі іншых атрымалі раненьні.

Дональд Трамп заявіў, што «абавязкова» разгледзіць магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцый супраць Расеі, каб прымусіць да прагрэсу ў мірных перамовах, хоць і не ўдакладніў дэталяў.

«Маўчаньне Амэрыкі, маўчаньне іншых у сьвеце толькі падбадзёрвае Пуціна», — напісаў Зяленскі ў сацыяльных сетках 25 траўня.

Празь некалькі гадзін пасьля заўваг Зяленскага і да камэнтароў Трампа пасланец ЗША Кіт Кэлаг назваў напады на Кіеў «ганебнымі» і заклікаў да спынення агню.

«Забойствы жанчын і дзяцей уначы ў іх дамах зьяўляюцца відавочным парушэннем Жэнэўскіх мірных пратаколаў 1977 года, прызначаных для абароны нявінных... Спыніце забойствы», — напісаў Кэлаг у сваім акаўнце X.

Украінскія чыноўнікі заявілі раніцай 26 траўня, што Расея пачала новую хвалю паветраных нападаў, але падрабязнасьці пакуль невядомыя.

Эўрапейскія саюзьнікі Ўкраіны працягваюць гучна асуджаць апошнія напады Расеі і заяўляць пра неабходнасьць падтрымліваць Кіеў.

«Учорашнія напады зноў паказваюць, што Расея імкнецца да большых пакут і зьнішчэньня Ўкраіны», — напісала ў сацыяльных сетках галоўны дыплямат ЭЗ Кая Калас.

Яна заклікала да «наймацнейшага міжнароднага ціску на Расею, каб спыніць гэтую вайну».

Як паведамляе камандаваньне ВПС Украіны, у ноч на нядзелю 25 траўня Расея выпусціла па Ўкраіне не менш як 69 ракет і 298 бесьпілётнікаў. З іх 45 ракет і 266 дронаў зьбілі.

Паводле апошніх звестак, у выніку абстрэлаў па ўсёй Украіне загінулі 13 чалавек, у іх ліку трое дзяцей, больш за 50 атрымалі раненьні.

У выніку масавага расейскага нападу на Кіеўскую вобласьць загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 16 атрымалі раненьні, сярод пацярпелых — трое дзяцей. У самім Кіеве пацярпелі 11 чалавек, пашкоджаныя бізнэс-цэнтар і інтэрнат.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG