Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея трэцюю ноч запар маштабна атакавала Ўкраіну ракетамі і бесьпілётнікамі, ёсьць ахвяры

Наступствы расейскай паветранай атакі на Харкаўскую вобласьць. Архіўнае фота
Наступствы расейскай паветранай атакі на Харкаўскую вобласьць. Архіўнае фота

Расейскія войскі ў ноч на 26 траўня атакавалі Ўкраіну 9 ракетамі і 355 бесьпілётнікамі.

У ноч на 26 траўня расейскія вайскоўцы зноў нанесьлі камбінаваны ўдар па Ўкраіне, выкарыстоўваючы дзевяць крылатых ракет паветранага базаваньня Х-101, запушчаных з стратэгічных самалётаў Ту-95МС, і 355 ударных бесьпілётнікаў «Шахед» і імітатараў БПЛА розных тыпаў, паведамілі Вайскова-паветраныя сілы Ўкраіны. Падобныя расейскія атакі былі ў ноч на 24 і 25 траўня.

«Паводле папярэдніх зьвестак, на 11:00 сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі ўсе дзевяць крылатых ракет Х-101, а таксама нэўтралізавалі 288 варожых БПЛА „Шахед“ і бесьпілётнікаў іншых тыпаў на ўсходзе, поўначы, поўдні, захадзе і ў цэнтры краіны. 233 былі зьбітыя агнястрэльнай зброяй, 55 страчаныя/заглушаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы», — гаворыцца ў паведамленьні 26 траўня.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі 26 траўня заявіў:

«Толькі пачуцьцё поўнай беспакаранасьці можа дазволіць Расеі наносіць такія ўдары і працягваць павялічваць іх маштаб. У гэтым няма рэальнай ваеннай лёгікі, але ёсьць значны палітычны сэнс. Робячы гэта, Пуцін паказвае, наколькі ён пагарджае светам — сьветам, які больш намаганьняў траціць на «дыялёг» зь ім, чым на рэальны ціск».

Украіснкая СПА адбівае расейскую атаку дронаў над Кіевам. 26 траўня 2026 году
Украіснкая СПА адбівае расейскую атаку дронаў над Кіевам. 26 траўня 2026 году

Сілы СПА Ўкраіны працавалі над Кіевам і Харкавам. У Харкаве чулі больш за дзесяць выбухаў, паведамляюць карэспандэнты тэлевізіі «Суспiльне».

Інфармацыю аб ударах пацьвердзіў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі (АВА) Алег Сінягубаў.

«Харкаў і прадмесьці пад атакай варожых БПЛА. У некаторых раёнах гораду былі чуваць магутныя выбухі», — напісаў ён.

Кіеў трэцюю ноч запар цярпіць ад абстрэлу з боку Расеі, паведаміла вайсковая адміністрацыя гораду раніцай 26 траўня.

«Трывога ў тую ноч працягвалася 6 гадзін. Вораг наносіў удары з дапамогай ударных бесьпілётнікаў. У выніку нападу ёсьць пашкоджаньні ў Дняпроўскім раёне гораду. У адным з жылых будынкаў разьбітыя вокны. Таксама зафіксаваныя абломкі падзеньня на тэрыторыі гаражнага каапэратыву і базы адпачынку», — гаворыцца ў паведамленьні.

У выніку ўдару дронамі па Адэскай вобласьці разбураны дом, паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны. Акрамя таго, пашкоджаныя дахі жылых дамоў, дваровая пабудова, гаражы, аўтамабілі, агароджа і газавы трубаправод.

У Запароскай вобласьці былі параненыя два чалавекі ў вёсцы Юркоўка, паведаміў кіраўнік АВА Іван Фёдараў.

«Пасьля поўначы вораг ударыў па вёсцы Юркоўка. Пацэліў па прыватным доме. Дом разбураны. Выбухной хваляй пашкоджаныя дамы і аўтамабілі побач. Атрымалі раненьні 60-гадовая жанчына і 52-гадовы мужчына. Пацярпелым нададзена неабходная мэдычная дапамога», — удакладніў ён.


У Хмяльніцкай вобласьці пашкоджаныя прыватныя дамы і прадпрыемствы; паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма, расказаў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Цюрын.

Позна ўвечары расейскія войскі абстралялі з артылерыі сяло Кандратаўка ў Сумскай вобласьці — ёсьць загінулы, паведамілі ў АВА. Гэта 48-гадовы мясцовы жыхар. Яшчэ адзін цывільны — 52-гадовы мужчына — атрымаў раненьне. Яму надалі першую мэдычную дапамогу на месцы, паведамілі ў адміністрацыі.

У выніку абстрэлаў па ўсёй Украіне за мінулыя выходныя загінулі 13 чалавек, у іх ліку трое дзяцей, больш за 50 атрымалі раненьні.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць рэгіёны Ўкраіны рознымі відамі зброі — ударнымі дронамі, ракетамі, авіябомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG