Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС павялічыла нормы зброі для ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс», якую ачольвае целаахоўнік Лукашэнкі


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі перагледзела нормы забесьпячэньня зброяй і боепрыпасамі асобных арганізацый і службаў. Дакумэнт, апублікаваны 25 траўня, сярод іншага, прадугледжвае павелічэньне нормаў для прыватнай ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс», заўважыў reform.by.

«ГардСэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная ахоўная кампанія з правам ужываньня службовай і цывільнай зброі. Яе ўзначальвае супрацоўнік службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі — Юры Альшэўскі.

У адпаведнасьці з новай пастановай МУС, павялічаныя нормы забесьпячэньня асобнымі тыпамі і мадэлямі баявой зброі «ГардСэрвіса» складаюць:

  • 9-міліметровы пісталет Макарава — 100 адзінак (+ 60 адзінак да дзейных раней нормаў),
  • пісталеты Glock-17, Glock-19, Glock-34 (распрацаваныя аднайменнай фірмай з Аўстрыі) калібру 9 мм — 50 адзінак (+30 адзінак),
  • аўтаматы Калашнікава АК-74, АК-74Н, АКС-74, АКС-74У калібру 5,45 мм — 100 адзінак (+40 адзінак),
  • аўтаматы АКМ, АКМС калібру 7,62 мм — 80 адзінак (+40 адзінак).

Акрамя гэтага, паводле нормаў забесьпячэньня, «ГардСэрвіс» валодае наступнымі тыпамі і мадэлямі баявой зброі (гэтыя нормы засталіся нязьменнымі):

  • 30 снайпэрскіх вінтовак (ОРСИС Т-5000 калібру 7,62 мм — 20 адзінак, вінтоўкі калібра 8,6 мм — 10 адзінак).
  • 90 пісталетаў розных відаў (40 пісталетаў ТТ калібру 7,62 мм, 10 пісталетаў ПСМ калібру 5,45 мм і 10 рэвальвераў сыстэмы Наган калібру 7,62 мм, па 5 адзінак пісталетаў МР-446 «Вікінг» калібру 9 мм, МР-448 «Скіф» калібру 9 мм, ПЯ калібру 9 мм, Caracal F калібру 9 мм, у тым ліку распрацаваныя заходнімі краінамі CZ-75 калібру 9 мм (Чэхія) і SIG-Sauer P226 калібру 9 мм (Нямеччына).
  • 10 карабінаў (5 — калібру 7,62 мм і 5 — калібру 8,6 мм).

Адначасова для ТАА «ГардСэрвіс» зьмянілі нормы забесьпячэньня боепрыпасамі да асобных тыпаў і мадэляў баявой зброі. Гадавы выдатак патронаў для практычных стрэльбаў на аднаго чалавека павялічылі ў 1,5 раза, гадавы выдатак патронаў для праверкі бою ўсталявалі ў памеры 40 патронаў на адну адзінку ўсіх тыпаў баявой зброі. Незьніжальны запас патронаў на адзінку зброі паменшылі ў 4 разы для аўтаматаў да 30 патронаў, а для астатніх тыпаў зброі — удвая.

Пастановай таксама карэктуюцца нормы забесьпячэньня зброяй лясной аховы і службаў інкасацыі.

  • Кампанія «Гардсэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная ахоўная арганізацыя, якая мае адмысловы дазвол на набыцьцё, захоўваньне і перадачу сваім супрацоўнікам зброі. Гэты дазвол кампанія атрымала дзякуючы ўказу Лукашэнкі, выдадзенаму ў чэрвені 2020 году.
  • ТАА «ГардСэрвіс» зарэгістравана 21 лістапада 2019 году ў падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, «ГардСэрвіс» належыць недзяржаўным юрыдычным асобам і займаецца гарантаваньнем бясьпекі прыватных асобаў і маёмасьці. Вядома таксама, што «ГардСэрвіс» — не адзіная назва кампаніі. У дакумэнтах таксама фігуруе найменьне «БелСэк’юрыціГруп».
  • У сакавіку 2024 году «ГардСэрвіс» узначаліў Юры Альшэўскі, які ўжо каля 20 гадоў служыць целаахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі.
  • У лістападзе 2023 году BelPol апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што «Гардсэрвіс» мае цэлы арсэнал зброі і пры гэтым ахоўвае толькі двух чалавек — Віктара Шэймана і набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Пры гэтым грошы кампанія зарабляе праз сумнеўныя схемы перапродажу нерухомасьці, якую «Гардсэрвіс» бязвыплатна атрымаў ад дзяржавы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG