Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі могуць быць наступствы гібелі прэзыдэнта Ірану Раісі для сьвету, рэгіёну і Беларусі? Тлумачэньне экспэрткі


Аляксандар Лукашэнка, Ібрагім Раісі, Алена Кудзько, каляж
Аляксандар Лукашэнка, Ібрагім Раісі, Алена Кудзько, каляж

Які ўплыў можа аказаць гібель іранскага прэзыдэнта на адносіны Тэгерану з афіцыйным Менскам? Ці будуць іранскія ўлады адстойваць вэрсію тэракту? Ці перасьцерагаецца Лукашэнка, што ён — наступны? Як гібель Ібрагіма Раісі можа паўплываць на палітычную стабільнасьць у Іране?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПІК Свабоды» адказвае віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько.

— У Іране ў выніку крушэньня верталёта загінулі прэзыдэнт Ібрагім Раісі і шэраг іншых высокапастаўленых асобаў. Лукашэнка і Пуцін заявілі, што пайшоў з жыцьця вялікі сябра, адпаведна, Беларусі і Расеі. Якое значэньне будзе мець гібель іранскага прэзыдэнта для адносінаў Тэгерану з афіцыйным Менскам і з Крамлём?

— Сяброўства Ірану зь Беларусьсю і Расеяй не будавалася на асабістых адносінах Раісі з Лукашэнкам і Пуціным. Так, прэзыдэнт Ірану адыграў важную ролю ў наладжваньні вайсковага і эканамічнага супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. Але ў прынцыпе прэзыдэнт у Іране не адыгрывае вырашальнай ролі ў палітыцы. Раісі быў прадстаўніком палітычных сілаў, якія зараз маюць найбольшы ўплыў на іранскую палітыку. Таму чакаецца пераемнасьць стратэгічнага курсу пасьля гібелі прэзыдэнта. Прэзыдэнт будзе новы, а замежная палітыка — такая ж, як і была.

Сяброўства Ірану з Беларусьсю і Расеяй абумоўленае, апроч іншага, і становішчам, у якім знаходзяцца ўсе тры краіны. У іх ёсьць агульныя ворагі — гэта Захад. Яны ўсе тры знаходзяцца пад санкцыямі. І прынамсі Іран і Расея маюць рэсурсы, каб дапамагаць адзін аднаму, у тым ліку ў сфэры вайсковага супрацоўніцтва. І гэта надзвычай важна ў сытуацыі, калі няшмат краінаў, гатовых супрацоўнічаць зь імі. Таму, хутчэй за ўсё, на месца гэтага «сябра Беларусі і Расеі» прыйдзе такі ж новы «сябра». Але гібель Раісі можа стварыць эмацыйны фон, які падштурхне гэтыя краіны да яшчэ больш шчыльнай супрацы.

— Выказваецца вэрсія, што гібель Раісі — вынік тэракту. Прэзыдэнт Ірану загінуў неўзабаве пасьля пачатку крызісу ў адносінах паміж Ізраілем і Іранам у сувязі з забойствам высокапастаўленага іранскага вайскоўца ў Дамаску. Калі Тэгеран будзе настойваць на вэрсіі забойства прэзыдэнта Раісі — якія наступствы гэта можа мець для рэгіёну?

— Я пакуль ня бачыла афіцыйных абвінавачваньняў з боку Тэгерану ў тым, што Ізраіль вінаваты ў сьмерці Раісі. Распаўсюджваюцца розныя вэрсіі ў сацыяльных мэдыя, але зараз гэта не зьяўляецца афіцыйнай пазыцыяй Ірану. І, дарэчы, вэрсія, што замежныя сілы забілі адну з найвышэйшых асобаў краіны, не заўжды паляпшае становішча гэтай краіны. Гэта які ж Ізраіль магутны, калі мог у Іране ў іранскім верталёце забіць іранскага прэзыдэнта? І што гэта кажа пра здольнасьць Ірану кантраляваць сваю тэрыторыю і ахоўваць вышэйшых асобаў краіны?

Тут варта дадаць, што адносіны паміж Ізраілем і Іранам не былі такімі ўжо просталінейнымі, хаця і былі варожымі. Далейшай эскаляцыі не хацелася ні Ірану, ні Ізраілю. Нават ракетныя ўдары, якія мы назіралі ў мінулым месяцы ў адказ на забойства іранскага вайскоўца ў Дамаску, былі хутчэй дэкляратыўныя. Але гэтыя кансьпіралягічныя абвінавачваньні пасьпелі распаўсюдзіцца і могуць адыграць сваю ролю.

Нават калі афіцыйны Тэгеран кажа, што аварыя верталёта адбылася з прычыны кепскага надвор’я, асабліва апантаныя групоўкі могуць выйсьці з-пад кантролю і самастойна спрабаваць адпомсьціць. Гэта тычыцца і саюзьнікаў, і проксі Ірану па-за яго межамі. І можа адбывацца далейшая эскаляцыя. Я не выключаю, што будзе павялічаная дапамога з боку Ірану ХАМАСу і Хізбале. Могуць быць больш інтэнсіўныя атакі на Ізраіль.

— Іншымі словамі, рэакцыя афіцыйнага Тэгерану на гібель Раісі — не такая, якой была рэакцыя Расеі на тэракт у канцэртнай залі «Крокус»? У Маскве адразу заяўлялі, што за нападам у «Крокусе» стаяла Ўкраіна.

— Пакуль, сапраўды, рэакцыя Тэгерану стрыманая. Нават інфармацыя пра гібель прэзыдэнта і міністра замежных справаў зьявілася з затрымкай. Зараз іранскія ўлады больш занятыя мерамі дзеля забесьпячэньня стабільнасьці, цырымоніяй пахаваньня, падрыхтоўкай да новых выбараў, а не абвінавачаньнямі на адрас вонкавых сілаў.

— Лукашэнку ўласьцівае кансьпіралягічнае мысьленьне. Маўляў, пазаўчора — Фіца (прэмʼер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, на якога нядаўна быў учынены замах. — РС), учора — Раісі, а заўтра — мо і я. У ворагаў доўгія рукі. Ён ня можа так думаць? І калі можа, то якія высновы зробіць з такіх развагаў?

— Лукашэнка даўно так думае. Ён вельмі пільна клапоціцца пра сваю бясьпеку, абараняецца ад ворагаў, якіх бачыць паўсюль. У прэмʼера Славаччыны Фіца была нашмат слабейшая ахова, чым у Лукашэнкі. Я не магу сабе ўявіць, каб Лукашэнка па Менску перасоўваўся з такой аховай, якая была ў Фіца.

А прэцэдэнтаў хапае і без Раісі. Думаю, што лёс Прыгожына ня мог не напружыць Лукашэнку і яго асяродзьдзе. Але не выключаю, што зараз ахова Лукашэнкі будзе яшчэ больш узмоцненая. Фіца думаў, што ідзе сустракацца са сваімі прыхільнікамі. Прынамсі адзін зь іх аказаўся яго ворагам. Уяўляю сабе, колькі мэталашукальнікаў давядзецца прайсьці людзям, каб іх дапусьцілі да сустрэчы з Лукашэнкам.

Ну, і яшчэ адна думка, якая можа прыйсьці ў галаву Лукашэнкі, — пра ўплыў санкцыяў. Авіяцыйная галіна зараз пад санкцыямі і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў Іране. Авіятэхніку — самалёты, верталёты — можна рамантаваць уласнымі сіламі. Але выпадак з Раісі можа прымусіць задумацца, як забясьпечыць бясьпеку хаця б тых сродкаў, на якіх лятае Лукашэнка.

— Я бачыў дадзеныя пра гандаль Беларусі і Ірану за 2014–2021 гады. Яны ня ўражваюць. Агулам за ўвесь гэты час — 642 мільёны даляраў. Што насамрэч няшмат. Прычым абʼёмы двухбаковага гандлю, хоць і з ваганьнямі, зьніжаліся. Наколькі для Лукашэнкі важны Іран як гандлёвы партнэр? Ці тут большую ролю адыгрывае палітычная, ідэалягічная блізкасьць, супольнае супрацьстаяньне Захаду?

— Тут ёсьць і трэці чыньнік. Што праз Іран можна дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі. Што да гандлю, то я ня бачыла дадзеных за 2022–2023 гады. Гэта гады, калі супраца паглыбілася з прычыны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. Зьявіліся дадатковыя чыньнікі, каб рабіць новыя сумесныя праекты. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Беларусі і Расеі стала няважна, якія санкцыі дзейнічаюць адносна Ірану, бо яны самі апынуліся пад санкцыямі. Цяпер у Беларусі дадзеныя гандлю па краінах не абнародуюць. А тым больш закрытыя лічбы гандлю ў сфэры ВПК.

— Які ўплыў сьмерць Раісі будзе мець на ўнутраную іранскую палітыку? Некалькі гадоў таму краіна скаланалася ад масавых пратэстаў, якія былі здушаныя вельмі жорстка. Але не відавочна, што пратэставы імпульс зьнік. Ускосны паказьнік — рэакцыя прынамсі часткі іранскай палітычнай эміграцыі. Некаторыя эмігранты не хаваюць радасьці, ледзь не сьвяткуюць гібель Раісі. Ці можа яна спарадзіць новую хвалю пратэстаў унутры краіны?

— Зраблю агаворку — я не адмыслоўка, не экспэртка па ўнутранай сытуацыі ў Іране. Але з таго, што ведаю і чытаю, мала хто чакае новай хвалі пратэстаў, якія былі б выкліканыя сьмерцю Раісі. Яго шмат хто ненавідзеў, ён быў вельмі жорсткі, ён выступаў за жорсткую рэакцыю на пратэсты. Так што матыў для пратэстаў ёсьць. Але ці ёсьць «акно магчымасьцяў» для іх? У іранскіх уладаў зараз ёсьць патрэба паказаць, што яны кантралююць сытуацыю і што пераход улады да новага прэзыдэнта пройдзе плаўна. Выбары будуць кантраляваныя яшчэ больш, чым звычайна. А ў Іране выбары вельмі стэрыльныя, нават калі параўноўваць зь беларускімі выбарамі.

Але незадаволенасьць насельніцтва ёсьць, і даволі высокая. І яна спароджаная і эканамічнымі, і сацыяльнымі фактарамі. У прыватнасьці, многія моцна незадаволеныя абмежаваньнем правоў жанчын. І, як мы ведаем і з досьведу Беларусі, у аўтарытарных краінах пратэсты часам узьнікаюць вельмі нечакана.

— Іран — не пэрсаналісцкая аўтакратыя. Першая асоба там — вярхоўны лідэр, аятала Алі Хамэнэі. Але вялікі ўплыў на прыняцьцё рашэньняў там маюць Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі і іншыя інстытуцыі рэжыму. Фігуральна кажучы, Раісі ня быў іранскім Лукашэнкам. Што кажуць экспэрты — які ўплыў можа аказаць сьмерць прэзыдэнта на расстаноўку сілаў у іранскім істэблішмэнце?

— У Іране існуе канкурэнцыя ўнутры рэжыму, і яна даволі жорсткая. І яна адбываецца сярод прадстаўнікоў кансэрватыўных сілаў. Рэфармісты, якія былі ўплывовымі раней, цяпер у значнай ступені страцілі свой уплыў пасьля таго, як ЗША падчас прэзыдэнцтва Дональда Трампа выйшлі зь ядзернай угоды. Зараз рэфармісты ў Іране практычна ня маюць палітычнага ўплыву. У іх ёсьць падтрымка часткі насельніцтва. Але прадстаўнікоў гэтай плыні мы, хутчэй за ўсё, ня ўбачым сярод удзельнікаў бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў.

Новы прэзыдэнт будзе, хутчэй за ўсё, крэатурай аяталы Алі Хамэнэі. Але галоўная барацьба разгарыцца ў бліжэйшыя гады за тое, хто стане пераемнікам Хамэнэі на пасадзе вярхоўнага лідэра краіны. Хамэнэі 85 гадоў. І ў Іране ідзе сурʼёзнае абмеркаваньне таго, як арганізаваць пераход улады ў будучыні.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG