Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ІТ-кампаніі дамагаюцца вяртаньня візавых ільгот беларускім айцішнікам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

ІТ-кампаніі Польшчы рыхтуюць зварот у МЗС з просьбай аб аднаўленьні праграмы Poland.Business Harbour, якая дазваляла наймаць замежных спэцыялістаў паводле спрошчанай працэдуры.

Пра гэта заявіла ў інтэрвію выданьню Rzeczpospolita дырэктар польскай Асацыяцыі распрацоўнікаў праграмнага забесьпячэньня. Паводле Марцэліны Хайнацкай, прыпыненьне праграмы «раптоўна, без папярэдняй дамоўленасьці з ІТ-галіной» стала «балючым ударам» для польскіх кампаній, і цяпер асацыяцыя «заканчвае працу» над хадайніцтвам у МЗС.

«Мы былі пазбаўленыя магчымасьці падрыхтавацца да гэтага сцэнара», — падкрэсьліла Хайнацка.

Паводле зьвестак МЗС Польшчы, дадзеных газэце Rzeczpospolita, усяго на канец студзеня 2024 года ў праграме PBH выдалі 98,75 тысячы візаў, 51 тысячу зь іх — у 2022 годзе.

«Тады ажыятаж у ІТ-сфэры супаў з нападам Расеі на Ўкраіну, і праграму пашырылі на ўвесь сьвет, — адзначае выданьне. — У 2023 годзе колькасьць візаў скарацілася да 22,3 тысячы, а пераважная большасьць была выдадзена ў першым паўгодзьдзі».

Выданьне падкрэсьлівае, што рэпутацыя PBH пацярпела «ад нэгатыўнай рэакцыі ўладаў пасьля візавага карупцыйнага скандалу, які выявіўся летам 2023 году». Пры гэтым польскія экспэрты лічаць, што беларускія ІТ-спэцыялісты выкарыстоўвалі візы па прызначэньні, а не як «мост для рэлякацыі ў Заходнюю Эўропу».

Па словах Хайнацкай, «кожны айцішнік, які пераехаў у Польшчу па PBH, прайшоў праверку», што дазволіла прыняць рашэньне аб яго працаўладкаваньні. Яна сьцьвярджае, што не было такой сытуацыі, калі б візу PBH выкарыстоўвалі «не па прызначэньні».

У якасьці пацьверджаньня яна прывяла статыстыку Ўпраўленьня сацыяльнага страхаваньня Польшчы (ZUS), паводле якой з кожным годам у краіне павялічваецца доля іншаземцаў, якія працуюць у ІТ-сфэры. У канцы 2021 года ў рэестры ZUS было зарэгістравана 28,3 тысячы замежных спэцыялістаў, занятых у сфэры «інфармацыя і камунікацыя» (у тым ліку 4,5 тысячы беларусаў). У канцы 2023-га колькасьць вырасла амаль удвая — да 55 тысяч, прычым грамадзяне Беларусі сталі самай шматлікай групай — 18,1 тысячы. Далей ідуць украінцы — 17,3 тысячы і прадстаўнікі Індыі — 2,8 тысячы.

Хайнацкая падкрэсьліла, што, хоць эканамічны спад у галіне зьнізіў патрэбы рынку ў ІТ-спэцыялістах у Польшчы, попыт на «высокакваліфікаваных супрацоўнікаў са спэцыялізаванымі ведамі па-ранейшаму вельмі высокі».

26 студзеня міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі прыняў рашэньне прыпыніць удзел МЗС у PBH да прыняцьця рашэньняў, якія гарантуюць «належную праверку кампаній і замежнікаў, якія зьяўляюцца яе ўдзельнікамі».

Паводле ацэнкі міністэрства, праграма «не апраўдала ўскладзеных на яе надзей».

«Сярод іншага, у грамадзкай прасторы выказваліся сумненьні наконт выкарыстаньня віз, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, якія не адпавядаюць яе прынцыпам», — зазначыў кіраўнік МЗС Польшчы.

Іншаземцы, якія прэтэндуюць на працу ў польскім ІТ-сэктары, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на атрыманьне візы на агульных падставах і пры выкананьні ўсіх патрабаваньняў атрымаць дазвол на працу на тэрыторыі краіны.

Пры гэтым МЗС заяўляе, што «пачне працу па спрашчэньні візавых працэдур для прадстаўнікоў бізнэс-сектара, асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай».

Намесьніца дырэктара Ўсходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Ганна Костшава-Мішталь 20 верасьня 2023 года на III Беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве паведаміла, што за тры гады ў рамках PBH было выдадзена амаль 90 тысяч віз.

Праграма Poland Business Harbour была створаная ў верасьні 2020 году з мэтай прыцягненьня ў Польшчу ІТ-спэцыялістаў і кампаній зь Беларусі, а затым была пашыраная на такія краіны, як Грузія, Расея, Украіна, Малдова і Армэнія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG