Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: Праграма Poland Business Harbour не апраўдала ўскладзеных надзей


Радаслаў Сікорскі
Радаслаў Сікорскі

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэньне прыпыніць удзел МЗС у праграме Poland Business Harbour (PBH) да таго часу, пакуль ня будуць прынятыя рашэньні, якія гарантуюць «належную праверку кампаніяў і іншаземцаў, якія зьяўляюцца яе ўдзельнікамі».

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на замежнапалітычнае ведамства Польшчы.

Паводле ацэнкі міністэрства, праграма «не апраўдала ўскладзеных на яе надзей». «Сярод іншага, у грамадзкай прасторы выказваліся сумневы наконт выкарыстаньня візаў, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, якія не адпавядаюць яе прынцыпам», — адзначылі ў польскім МЗС.

Іншаземцы, якія прэтэндуюць на працу ў IT-сэктары ў Польшчы, па-ранейшаму «могуць падаваць заявы на атрыманьне візы на агульных падставах і — пры выкананьні ўсіх патрабаваньняў — атрымаць візу, якая дае права на працу на тэрыторыі Рэспублікі Польшча», гаворыцца ў рэлізе міністэрства.

Пры гэтым МЗС заяўляе, што «пачне працу па спрашчэньні візавых працэдур для прадстаўнікоў бізнэс-сэктару, асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай».

Радыё Свабода раней сёньня паведаміла аб закрыцьці польскай дзяржпраграмы Poland Business Harbour для спрошчанай і паскоранай рэлякацыі фрылянсэраў, стартапаў, малых, сярэдніх і буйных бізнэсаў, папулярнай у беларусаў.

У Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) «Позірку» паведамілі, што афіцыйнай інфармацыі на гэты конт у іх няма. Арганізацыя зьвярнулася з адпаведным запытам у МЗС Польшчы.

«Позірк» таксама пісьмова зьвярнуўся ў польскае замежнапалітычнае ведамства з просьбай праясьніць сытуацыю.

  • Намесьніца дырэктара Ўсходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Ганна Костшава-Мішталь 20 верасьня 2023 году на III Беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве паведаміла, што за тры гады ў рамках Poland Business Harbour было выдадзена амаль 90 тысяч віз.
  • Праграма Poland Business Harbour была створана ў верасьні 2020 году з мэтай прыцягненьня ў Польшчу ІТ-адмыслоўцаў і кампаніяў зь Беларусі, а затым была пашыраная на такія краіны, як Грузія, Расея, Украіна, Малдова і Армэнія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG