Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра Юлію Навальную, якая заявіла, што працягне справу памерлага ў расейскай турме мужа


Юлія Навальная выступае пасьля навіны пра сьмерць мужа на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, люты 2024
Юлія Навальная выступае пасьля навіны пра сьмерць мужа на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, люты 2024

Юлія Навальная заявіла, што «працягне справу мужа», Аляксея Навальнага.

Жонка памерлага расейскага палітыка Аляксея Навальнага Юлія выпусьціла 19 лютага відэазварот, у якім заявіла, што працягне справу мужа. Публікацыя за 2 гадзіны сабрала больш за мільён праглядаў. Што вядома пра жонку расейскага палітвязьня, які памёр у калёніі на Ямале?

Юлія і Аляксей Навальныя — аднагодкі, яны пазнаёміліся, калі абаім было па 22 гады. Цяпер Юліі Навальнай 47 гадоў. У 2001 годзе ў іх нарадзілася дачка Дар’я, у 2008-м — сын Захар. Юлія — эканаміст-міжнароднік паводле адукацыі, выпускніца Расейскага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Пляханава. Пасьля дзьвюх цяжкіх цяжарнасьцяў яна не вярнулася да ўласнай кар’еры і цалкам прысьвяціла сябе сям'і, адзначае тэлеканал «Настоящее время».

«Сваю галоўную задачу я бачу ў тым, каб, нягледзячы ні на што, у нас у сям'і нічога не зьмянілася: дзеці былі дзецьмі, а дом — домам», — камэнтавала яна ў адным з інтэрвію сваё рашэньне быць перш за ўсё жонкай палітыка.

На ўсіх этапах палітычнай і пратэставай дзейнасьці Навальнага Юлія была зь ім побач: на мітынгах, у перадвыбарчым штабе падчас кампаніі на выбарах мэра Масквы 2013 году, у 2017-м, калі Навальны вылучаўся ў прэзыдэнты. Ва ўсіх судах — ад працэсаў «Кіраўлеса» і «Іў Рашэ» да апошняй сустрэчы падчас выязнога паседжаньня ва ўладзімірскай ПК-2, дзе Навальнаму прысудзілі 9 гадоў калёніі ў справе аб «махлярстве» і «абразе суду».

У сваім звароце 19 лютага 2024 году Юлія Навальная паведаміла, што дзень прысуду ў сакавіку 2022 году быў апошнім днём, калі яна была побач з мужам і магла яго абняць. З таго часу спатканьняў ім не давалі.

Суразмоўцы журналістаў, якія пісалі пра Юлію Навальную, расказваюць, што яна чалавек закрыты і стрыманы: «Яна заўсёды вельмі ветлівая і прыязная, але вы ніколі нічога пра яе не даведаецеся, калі не ўваходзіце ў яе найбліжэйшае асяродзьдзе», — цытавала аднаго са сваіх суразмоўцаў з атачэньня Юліі Навальнай журналістка Юлія Ёфэ, якая напісала пра яе ў ліпені 2021 году вялікі матэрыял для амэрыканскага часопіса Vanity Fair.

Сам Аляксей Навальны ў сумесным з жонкай інтэрвію Юрыю Дудзю казаў: у тым, што тычыцца палітычных поглядаў, яго жонка больш «радыкалізаваная», чым ён сам.

Таксама Юлія была з мужам пасьля яго атручэньня ў Омску і дамаглася адпраўкі ў Нямеччыну на лячэньне. Тады Аляксей выжыў, але, акрыяўшы, вырашыў вярнуцца ў Расею, дзе яго арыштавалі і асудзілі.

У гутарцы з журналісткай Ёфэ Хрыста Грозеў з Bellingcat, які разам з Навальным расьсьледаваў спробу яго забойства «Навічком», расказаў, што Юлія Навальная не адгаворвала мужа ад вяртаньня ў Расею: «Яна сказала: „Так, ён павінен ехаць“».

Юлія апошнімі гадамі знаходзіцца за мяжой, уваходзіць у раду дырэктараў міжнароднага ФБК. Як нагадала ў панядзелак палітычная журналістка Фарыда Рустамава ў сваім тэлеграм-канале, улетку 2023 году расейскія ўлады праз прапагандыстаў публічна пагражалі Навальным арыштам: тэлеканал RT са спасылкай на свае крыніцы ў сілавых органах паведамляў, што калі яна прыедзе ў Расею, яе арыштуюць „проста ў аэрапорце“ па тых жа артыкулах, што ставяць у віну самому Аляксею.

  • Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
  • Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
  • Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
  • З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
  • У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
  • Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
  • «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
  • Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
  • Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам. У ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG