Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль паставіў ХАМАС ультыматум напярэдадні Рамадану


Цывільныя ў зоне канфлікту ў Газе
Цывільныя ў зоне канфлікту ў Газе

ЦАХАЛ уварвецца ў Рафах, калі баевікі не адпусьцяць закладнікаў.

Ізраіль прыгразіў уварвацца ў Рафах у Газе да пачатку сьвяшчэннага месяца мусульманаў — Рамадану, калі ХАМАС ня верне астатніх закладнікаў да таго часу. Уварваньне абяцаюць зрабіць, нягледзячы на міжнародны ціск з мэтай абароны палестынскіх мірных жыхароў, якія хаваюцца ў паўднёвым горадзе.

ЗША і іншыя ўрады, а таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый зьвяртаюцца з усё больш настойлівымі заклікамі да Ізраіля адмяніць заплянаваны наступ на Рафах. Перамовы Ізраілю і ХАМАС, пра якія яшчэ нядаўна гаварылі як пра імаверную падзею, цяпер практычна немагчымыя, адзначае AFP.

Ізраільскі ўрад заяўляе, што горад на мяжы з Эгіптам — апошні апорны пункт палестынскай групоўкі ХАМАС у Газе. Але адначасова гэта месца, куды ўцякалі тры чвэрці перамешчанага палестынскага арабскага насельніцтва, знайшоўшы прытулак у разгорнутых намётавых мястэчках бяз доступу да дастатковай колькасьці ежы, вады і лекаў.

«Сьвет павінен ведаць, і лідэры ХАМАС павінны ведаць, што калі да Рамадану нашы закладнікі ня будуць дома, баявыя дзеяньні будуць працягвацца паўсюль, у тым ліку ў раёне Рафаху», — сказаў Бэні Ганц, начальнік штабу ў адстаўцы, на канфэрэнцыі амэрыканскіх габрэйскіх лідэраў у Ерусаліме.

«У ХАМАС ёсьць выбар. Яны могуць здацца, вызваліць закладнікаў, а мірныя жыхары Газы могуць адзначыць сьвята Рамадан», — дадаў Ганц, член ваеннага кабінэту, што складаецца з трох чалавек.

Рамадан пачнецца каля 10 сакавіка.

Ізраіль засяродзіў свае ваенныя апэрацыі ў Хан-Юнісе, усяго за некалькіх кілямэтраў ад Рафаху і роднага гораду лідэра ХАМАС у Газе Ях'і Сінвара, які абвінавачваецца ў арганізацыі нападу 7 кастрычніка.

Напад ХАМАС, які пачаў вайну, забіў каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводзае зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі таксама захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

Як паведамляла Міністэрства аховы здароўя Газы, у выніку кампаніі ў адказ у Газе загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG