Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль аб’явіў аб новым вызваленьні закладнікаў у Газе


70-гадовы Луіс Хар, які быў вызвалены ў Рафаху 12 лютага 2024
70-гадовы Луіс Хар, які быў вызвалены ў Рафаху 12 лютага 2024

Армія абароны Ізраіля абʼявіла аб вызваленьні двух закладнікаў узброенай групоўкі ХАМАС (прызнана тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) падчас рэйду ў горад Рафах на поўдні сэктара Газа.

«Уначы былі выратаваныя два ізраільскія закладнікі, Фэрнанда Сімон Марман (60 гадоў) і Нарбэрта Люіс Хар (70 гадоў), якія былі выкрадзеныя тэрарыстычнай арганізацыяй ХАМАС», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Арміі Ізраіля.

Прэс-аташэ ЦАХАЛ паведаміў, што закладнікі знаходзяцца ў «добрым» стане. Іх адправілі ў лякарню для мэдыцынскага абсьледаваньня.

Дзявятага лютага прэмʼер-міністар Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу загадаў вайскоўцам рыхтавацца да эвакуацыі цывільнага насельніцтва Рафаха напярэдадні новай апэрацыі супраць узброенай групоўкі ХАМАС. Пасьля распачатай наземнай апэрацыі ізраільскай арміі ў Рафах уцякла амаль палова насельніцтва сэктара Газа.

Гуманітарныя арганізацыі папярэджваюць, што наступ Ізраіля на Рафах можа пагоршыць і без таго катастрафічную гуманітарную сытуацыю ў Газе, адзначае Associated Press.

Пра тое, што апэрацыя ў Рафаху стане катастрофай для ўцекачоў, заявілі і многія замежныя лідэры.

Днём раней палестынскі Чырвоны Паўмесяц паведаміў, што ізраільскае войска наносіць удары па Рафаху. ЦАХАЛ, у сваю чаргу, адзначыў, што наносіць удары на поўдні сэктара Газа.

Больш за 240 чалавек былі захоплены баевікамі ХАМАС сёмага кастрычніка 2023 г. у якасьці закладнікаў. За час паўзы ў баявых дзеяньнях з палону былі вернуты 110 чалавек, яшчэ 124, у тым ліку 113 грамадзян Ізраіля, застаюцца ў закладніках. Больш за 30 з іх былі завочна абвешчаныя памерлымі ізраільскімі ўладамі.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG