Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць пацярпелых у Ізраілі беларусаў вырасла да трох чалавек


Абстрэл сэктару Газа ізраільскай арміяй у адказ на атаку Ізраіля з боку ХАМАС
Абстрэл сэктару Газа ізраільскай арміяй у адказ на атаку Ізраіля з боку ХАМАС

Раней было вядома пра два выпадкі — маці і сына, параненых у Ашкелоне.

Пра траіх параненых на вайне ў Ізраілі беларусаў расказаў беларускі пасол у Ізраілі Яўген Вераб’ёў.

Стан параненай у першыя суткі баявых дзеяньняў беларускі ацэньваецца як цяжкі. У тым самым ракетным абстрэле Ашкелону пацярпеў і ейны сын, але ягоныя раненьні лёгкія.

Яшчэ адна беларуска пацярпела, калі спускалася ў бомбасховішча. Ёй ужо дапамаглі мэдыкі.

У першыя содні вайны беларускае МЗС пісала пра 30 зваротаў беларускіх грамадзян. Цяпер беларускі пасол у Ізраілі заявіў пра 150 зваротаў, частка зь якіх тычыцца магчымасьці як мага хутчэй выехаць з Ізраілю.

Ёсьць беларускія грамадзяне і ў сэктары Газа. Пераважна гэта жанчыны і дзеці.

Ізраільскія авіякампаніі працягваюць лётаць у Стамбул і Маскву, менавіта туды беларускім грамадзянам раіць вылятаць пасол у тым выпадку, калі заплянаваны раней рэйс з тэль-авіўскага аэрапорту імя Бэн-Гурыёна скасавалі або адклалі.

Раненьне афіцэра, які паходзіць зь Беларусі

Акрамя таго, ізраільскаму тэлеканалу 9TV стала вядома, што на вайне атрымаў раненьне камандзір вайсковай базы Цээлім Раман Гофман, які рэпатрыяваўся ў Ізраіль у 1990 годзе зь беларускага Мазыра. Ягоны стан ацэньваецца як цяжкі, афіцэру правялі некалькі апэрацый.

Афіцэра паранілі ў горадзе Сдэрот.

Гофман у 2019 годзе стаў першым прадстаўніком Вялікай аліі (рэпатрыяцыі), які дасягнуў званьня генэрал-маёра і атрымаў дывізію пад сваё камандаваньне. Дывізія Гофмана забясьпечвае ахову Галанскіх вышыняў і прылеглых да іх тэрыторый.

З 7 кастрычніка за час атакі ісламістаў у Ізраілі загінулі ня менш як 900 чалавек, каля 2,5 тысяч атрымалі раненьні. Некалькі сотняў чалавек прапалі бязь вестак, каля сотні знаходзяцца ў закладніках, таксама ёсьць палонныя вайскоўцы.

Ізраіль у адказ на атаку ХАМАС праводзіць ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы» і б’е па цэлях у сэктары Газа. Паводле зьвестак палестынскага боку, загінулі каля 700 палестынцаў, амаль 4 тысячы жыхароў Газы параненыя. Урад Ізраіля заявіў, што плянуе цалкам зьнішчыць ваенны патэнцыял ХАМАС, каб у будучыні гэтая арганізацыя не магла пагражаць грамадзянам краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG