Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет прыгразіў прыпыніць мірную дамову з Ізраілем, калі той увядзе войскі ў прымежны горад


Уцекачы ў горадзе Рафах на поўдні сэктару Газа, 8 лютага 2024
Уцекачы ў горадзе Рафах на поўдні сэктару Газа, 8 лютага 2024

Улады Эгіпту прыгразілі прыпыніць дзеяньне мірнай дамовы з Ізраілем, калі ізраільскія войскі ўвойдуць у прымежны з Эгіптам горад Рафах у сэктары Газа, паведамляе амэрыканскае агенцтва Associated Press.

Пагроза прагучала пасьля таго, як прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што ўвесьці войскі ў Рафах неабходна для перамогі ў вайне супраць палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразвязе.

Увечары 11 лютага на сайце Белага дому зьявілася паведамленьне пра тэлефонныя перамовы паміж прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і Нэтаньягу. Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што нельга праводзіць ваенную апэрацыю ў Рафаху без рэалістычнага пляну, які б гарантаваў бясьпеку і падтрымку больш чым 1 мільёну чалавек, што знайшлі там прытулак.

У Рафах ад пачатку наземнай апэрацыі ізраільскай арміі ў кастрычніку 2023 году зьбегла амаль палова насельніцтва сэктару Газа. Большасьць палестынцаў цяпер жывуць там у намётавых лягерах і сховішчах ААН паблізу мяжы з Эгіптам.

Гуманітарныя арганізацыі папярэджваюць, што наступ Ізраіля на Рафах можа пагоршыць і без таго катастрафічную гуманітарную сытуацыю ў Газе, адзначае Associated Press.

Прадстаўнікі ХАМАС заявілі, што ўварваньне ў Рафах падарве перамовы пры пасярэдніцтве ЗША, Эгіпту і Катару аб спыненьні агню і вызваленьні ізраільскіх закладнікаў у абмен на палестынцаў, якія знаходзяцца ў турмах Ізраілю.

У сваю чаргу прэмʼер-міністар Ізраілю ў размове з тэлеканалам ABC News выказаў меркаваньне, што мірныя жыхары Рафаху могуць перамясьціцца на поўнач, бо там ёсьць раёны, якія ўжо зачышчаны ад ХАМАС. Пры гэтым на поўначы Газы пасьля баёў ёсьць значныя разбурэньні, а ў цэнтральнай частцы сэктару дагэтуль працягваюцца баі, адзначае тэлеканал.

Эўразьвяз і ЗША перасьцераглі Ізраіль ад наземнай апэрацыі на мяжы з Эгіптам. Брусэль і Вашынгтон лічаць, што баявыя дзеяньні там могуць абярнуцца сурʼёзнай гуманітарнай катастрофай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG