Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: ЗША працуюць над пагадненьнем, якое прывядзе да шасьцітыднёвага замірэньня ў Газе


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Злучаныя Штаты вядуць перамовы аб спыненьні агню ў сэктары Газа на тэрмін, «ня меншы за шэсьць тыдняў» у рамках шырокай угоды.

Угода таксама прадугледжвае вызваленьне закладнікаў, заявіў у панядзелак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

«Мы актыўна працуем дзеля міру, бясьпекі і годнасьці як палестынскага, так і ізраільскага народу. І я няспынна працую над гэтым, — сказаў Байдэн журналістам пасьля перамоваў з каралём Ярданіі Абдалом II. — Злучаныя Штаты працуюць над пагадненьнем аб вызваленьні закладнікаў паміж Ізраілем і ХАМАС, якая прынясе неадкладны і працяглы пэрыяд спакою ў Газе, прынамсі, на шэсьць тыдняў».

Байдэн таксама сказаў, што грамадзянскія асобы, якія хаваюцца ў паўднёвым горадзе Рафах на эгіпецкай мяжы, «павінны быць абаронены» ад атакі Ізраіля, які разглядае магчымасьць наземнага ўварваньня ў гэты густанаселены раён, у якім апынуліся больш за мільён палестынцаў.

«Ваенная апэрацыя ў Рафаху не павінна ажыцьцяўляцца без надзейнага пляну ў гарантаваньні бясьпекі і падтрымкі больш за мільёну чалавек, якія знаходзяцца ў прытулак, — заявіў Байдэн. — Мы з самага пачатку выразна заявілі, што выступаем супраць любога прымусовага перамяшчэньня палестынцаў з Газы».

Выйшаўшы на трыбуну пасьля Байдэна, кароль Ярданіі зноў заклікаў да неадкладнага спыненьня агню.

«Мы ня можам дапусьціць атаку на Рафах, за ёй абавязкова надыдзе гуманітарная катастрофа, — сказаў ён. — Мы ня можам заставацца ў баку і дазволіць гэтаму працягвацца. Нам трэба надзейнае перамір’е проста цяпер. Гэтая вайна павінна скончыцца».

Кароль Абдала II знаходзіцца з афіцыйным візытам у Вашынгтоне разам з каралевай Раніяй і насьледным прынцам Ярданіі Хусэйнам.

Ярданія і іншыя арабскія дзяржавы вельмі крытычна ацэньваюць дзеяньні Ізраілю і адмаўляюцца ад публічнай падтрымкі доўгатэрміновага плянаваньня далейшых дзеяньняў, настойваючы, што гэтаму павінна папярэднічаць спыненьне баявых дзеяньняў. Яны патрабуюць спыненьня агню зь сярэдзіны кастрычніка мінулага года, калі колькасьць ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў Газе пачала імкліва расьці.

У апошні час адміністрацыя Байдэна заняла больш цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да Ізраілю, заявіўшы на мінулым тыдні, што рэакцыя Тэль-Авіва на напад ХАМАС была «празьмернай».

Вашынгтон заявіў, што ня будзе падтрымліваць ніякай ваеннай апэрацыі, распачатую ў Рафаху, без належнага ўліку інтарэсаў цывільнага насельніцтва.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG