Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца ў Каардынацыйнай радзе? Два погляды на сытуацыю знутры


Ілюстрацыйнае фота. Палеміка вакол ByPol, Каардынацыйная Рада
Ілюстрацыйнае фота. Палеміка вакол ByPol, Каардынацыйная Рада

У Каардынацыйнай радзе ўтварылася няпростая сытуацыя. Са структуры сышла віцэ-сьпікерка Алена Жываглод, пакідаюць протапарлямэнт і іншыя дэлегаты. Свабода паспрабавала высьветліць, што адбываецца ў гэтай структуры.

8 лютага павінны былі скончыцца паўнамоцтвы дэлегатаў Каардынацыйнай рады, але новыя выбары сяброў да гэтага часу арганізаваныя так і не былі. Толькі 9 лютага большасьцю галасоў нарэшце зацьвердзілі выбарчую сыстэму Каардынацыйнай рады і дату выбараў яе новага складу: 25 траўня 2024 году.

Кіраўніца кампаніі «Честные люди» Алена Жываглод і прадстаўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Арцём Брухан пакінулі Каардынацыйную раду з фармулёўкай, што тэрмін паўнамоцтваў скончыўся. Аднак іншыя сябры Рады прагаласавалі за падаўжэньне паўнамоцтваў да новых выбараў.

Каардынацыйная рада першапачаткова была створаная ў жніўні 2020 году ў Менску. Празь нейкі час утварэньне прыйшло ў заняпад. Другое жыцьцё структуры было вырашана даць пасьля канфэрэнцыі «Новай Беларусі» ў жніўні 2022 году. Каардынацыйная рада павінна была стаць беларускім протапарлямэнтам у выгнаньні.

Сьпікерам КР стаў палітоляг Андрэй Ягораў, кіраўнік рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», бліжэйшы паплечнік палітзьняволенага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча.

Свабода выслухала два погляды на сытуацыю ў Каардынацыйнай радзе ад непасрэдных удзельнікаў гэтых працэсаў.

«Для нас гадзіньнік цікаў, а для іх — не»

Ужо былы дэлегат Каардынацыйнай рады Міхаіл Мацкевіч выйшаў зь яе складу 8 лютага. Згаджаецца, што сытуацыя няпростая і ў ёй досыць складана разабрацца чалавеку, які сочыць за ўсім гэтым ня вельмі пільна.

«Каардынацыйная рада другога скліканьня вымушаная была ствараць інстытуцыю наноў: распрацаваць статут, выпрацаваць адносіны з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам, прывесьці да парадку дыскусіі на сто чалавек. Працэдурныя рэчы патрабавалі часу і высілкаў», — кажа Мацкевіч.

Па яго словах, у КР прыйшлі людзі розных поглядаў і памкненьняў.

«Не хачу крытыкаваць у стылі Цапкалы, але СМІ шмат падсьвечвалі канфлікты ў КР. Цалкам разумею, што ў шараговага беларуса можа скласьціся ўражаньне, што там шмат скандалаў. Але гэта зусім ня так».

Мацкевіч расказвае, што дзесьці ад лістапада 2023 году пачалася праца над распрацоўкай новых мэханізмаў выбараў у Каардынацыйную раду. Агулам было прапанавана сем варыянтаў.

«Чаму так шмат? Бо нельга было ўзяць і проста скапіяваць ужо існуючыя сыстэмы. Трэба было распрацоўваць нешта з нуля праз рэпрэсіі ў Беларусі і небясьпеку».

Пасьля гэтага Каардынацыйная рада, па словах Мацкевіча, пачала перамовы з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам і палітычнымі партыямі на тэму агульнага мэханізму галасаваньня.

«Мы пайшлі на гэты дыялёг, які зацягнуўся. Для нас гадзіньнік цікае, бо 8 лютага канчаўся мандат. А для іх нічога ня цікала. 7 лютага адбывалася чарговая нарада фракцый Каардынацыйнай рады, з АПК, ОСЦ. У той самы час прадстаўнік Пераходнага кабінэту Павал Латушка дае інтэрвію „Белсату“, дзе проста выварочвае факты, кажа, што КР скончыла свой тэрмін, абрынаецца на нас з крытыкай. З боку палітыкаў, найперш Латушкі, назіраецца пасьлядоўная дзейнасьць па падрыве даверу да КР. Я ня бачу ў Латушку нейкага партнэра», — кажа Мацкевіч.

Пасьля гэтага частка дэлегатаў Каардынацыйнай рады сышлі з агульнага званка і рашэньне, якое б задавальняла ўсіх, прыняць не змаглі, лічыць суразмоўца.

«КР хацела як лепш, але з боку партнэраў не было такога жаданьня шукаць кампрамісу. КР правільна зрабіла, што вырашыла ўнутры прыняць гэтае рашэньне аб мэханізьме новых выбараў. Думаю, выбары адбудуцца напрыканцы траўня».

«50 агентаў? Гэта сьмеху варта»

Міхаіл Мацкевіч крытыкуе экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, які заявіў, што пры дапамозе КР прарасейскія сілы паспрабуюць адхіліць Ціханоўскую.

«Гэта проста накід на вэнтылятар, ня больш за тое. Што КР зрабіла ў дачыненьні да Ціханоўскай? Выступіла з моцнай крытыкай хіба? Казала, што яна нелегітымная? Хто там прарасейскія сілы? Іван Краўцоў? Дзе факты, дзе доказы? У КР шмат людзей. Гэта не такі інстытут, дзе адзін чалавек прымае рашэньні. Прарасейскія сілы павінны мець большасьць, каб праводзіць свой парадак дня. Там што, 50 агентаў? Гэта сьмеху варта», — лічыць Мацкевіч.

Суразмоўца Свабоды 8 лютага таксама прыняў рашэньне скласьці мандат сябра Каардынацыйнай рады ў сувязі са сканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў. Пры гэтым ён зычыць удачы тым людзям, якія застаюцца там працаваць і цяпер.

«Калі мы ня створым паўнавартасную КР, то гэта агульнанацыянальная загана. Калі людзі будуць так брудна гуляць, то як яны ставяцца да нацыянальнага пытаньня, ставячы свае амбіцыі вышэй за агульную справу? І пры гэтым яны будуць першымі крычаць пра аб’яднаньне. Я хачу падтрымаць калег з КР, бо яны даюць бой, выконваючы справу для ўсіх нас. Нам важна мець заканадаўчы орган хаця б у эміграцыі», — лічыць Міхаіл Мацкевіч.

«Часткова я згодны са словамі Мілінкевіча»

Іншы дэлегат Каардынацыйнай рады мае зусім процілеглыя погляды на тое, што там цяпер адбываецца. Ён папрасіў не называць ягонага імя, але пагадзіўся расказаць пра сваё бачаньне таго, што адбываецца ў структуры.

Найперш суразмоўца акрэсьліў разьмеркаваньне сілаў унутры КР.

«Большасьць у Каардынацыйнай радзе маюць фракцыя Андрэя Ягорава, каманда Віктара Бабарыкі і фракцыя Вольгі Кавальковай. Таксама часам іх падтрымлівае група Віталя Рымашэўскага. Гэта каля 60 чалавек. У апазыцыі знаходзяцца АГП плюс рух „За свабоду“, група дыяспар, фэмгрупа, а таксама пазафракцыйныя дэлегаты».

Дэлегат Каардынацыйнай рады апавядае, што была створаная Рада фракцый, дзе кожная зь іх мела адзін голас, а фракцыя сьпікера Андрэя Ягорава — адразу тры (празь вялікую колькасьць яе ўдзельнікаў — РС).

«Усе рашэньні прымаліся Радай фракцый. Там было 11 галасоў. Ягораў і яго паплечнікі звычайна мелі каля сямі галасоў, тады як іх праціўнікі — чатыры. Усе рашэньні імі прымаліся, на ўсе паездкі таксама езьдзілі толькі яны».

Суразмоўца падкрэсьлівае, што ўсе нязгоды і супярэчнасьці адмяталіся.

«Бабарыкінцы» і «ягораўцы» сыстэмна ўмерана крытыкуюць Офіс Ціханоўскай. Часткова я згодны са словамі Мілінкевіча, што ў будучай кадэнцыі яны будуць рыхтавацца да таго, каб не пераабраць шэраг прадстаўнікоў АПК, як гэта было летам. Я лічу, што моцных аргумэнтаў у тым, каб прыбраць Азарава, не было».

Таксама дэлегат расказвае, што шэраг сяброў Каардынацыйнай рады вельмі нэгатыўна ставяцца да кіраўніка НАУ і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі.

«Яны вельмі непрыгожа выкінулі Латушку з Каардынацыйнай рады. Рашэньне аб тым, што сябры АПК ня могуць быць у Каардынацыйнай радзе, было прынята, калі Латушка ўжо быў у КР, і па ідэі закон не павінен мець зваротнай сілы. Латушка для іх непрыемны, ён шмат выступае, яго цяжка спыніць», — кажа дэлегат.

«У ніводнай сур’ёзнай арганізацыі такога быць ня можа»

Што тычыцца цяперашняга крызісу, то дэлегат лічыць, што прычынай стаў мэханізм вызначэньня галасаваньня ў новае скліканьне КР.

«Кожны хоча працэдуру пад сябе. Ягораў хоча, каб была прынятая квота для НДА. Рымашэўскі таксама хоча квоты для НДА, бо ў яго таксама ёсьць шэраг такіх ініцыятываў. Таксама яны хочуць гендэрную квоту».

Паводле дэлегата, група Ягорава настойвае на тым, каб пры новым галасаваньні кожны карыстальнік мог прагаласаваць не за адну групу, а за тры.

«Умоўна кажучы, хтосьці падтрымае суб’ект Латушкі ўмоўнага, кагосьці яшчэ, і проста ня будзе за каго галасаваць больш. Падтрымае Ягорава. „Бабарыкінцы“ нешта таксама набяруць, і так у іх застанецца большасьць. „Бабарыкінцы“ жорстка за дыялёг з рэжымам, зьняцьцё санкцый, „топяць“ за гэта зь пенай ля рота. Яны не разумеюць, што зараз ніякіх дыялёгаў ня будзе».

Суразмоўца крытыкуе рашэньне аб працягненьні паўнамоцтваў Каардынацыйнай рады, бо яно была прынятае ўсяго 49 дэлегатамі, што не складала нават паловы ад першапачатковай колькасьці.

«Быў зьменены статут, што патрэбны ўдзел у галасаваньні больш як паловы дэлегатаў, і ад гэтай колькасьці больш за палову павінны падтрымаць ініцыятыву. Фактычна рашэньне можна прасунуць 26% сябраў. У ніводнай сур’ёзнай арганізацыі такога быць ня можа».

Дэлегат Каардынацыйнай рады таксама кажа, што сутыкнуўся ў структуры з сапраўдным «балотам».

«КР ня мае акрэсьленых паўнамоцтваў. Каардынацыйная рада можа толькі прымаць рэзалюцыі і выказваць рэкамэндацыі донарам, што трэба фінансаваць. Ягораў езьдзіць вельмі актыўна ў паездкі, а вось на паседжаньні часам нават не зьяўляецца. Езьдзіць па донарах усё ж значна цікавей, чым шчыльна працаваць з КР».

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG