Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная рада прыняла рашэньне пра мэханізм і дату выбараў у новы склад: без самавылучэнцаў і квот для НДА

абноўлена

Пасяджэньне Каардынацыйнай рады, архіўнае фота
Пасяджэньне Каардынацыйнай рады, архіўнае фота

Выбары новага складу Каардынацыйнай рады адбудуцца 25 траўня 2024 году.

9 лютага большасьцю галасоў зацьвердзілі выбарчую сыстэму Каардынацыйнай рады.

Як паведаміў тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады, выбары будуць у наступнай канфігурацыі:

  • Прапарцыйная сыстэма.
  • Закрытыя спісы (фіксаваны парадак, кандыдаты бачныя).
  • Тры галасы ў кожнага выбарніка, ня больш за адзін голас за суб’ект, ня менш за адзін голас у бюлетэні.
  • Гендэрная квота ў наступнай фармулёўцы: гендэрная квота 40% (у кожнай пяцёрцы кандыдатаў ня менш за дзьве жанчыны) з магчымасьцю зьніжэньня квоты да 20% рашэньнем выбарчай камісіі для тых выбарчых субʼектаў, якія абʼектыўна ня могуць выканаць квоту 40% (арганізацыі ў сфэры бясьпекі, вэтэранскія і іншыя падобныя).
  • Бязь сьпісу самавылучэнцаў.
  • Бяз квот для НДА.

Ліст з абранай выбарчай сыстэмай будзе накіраваны ў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Крызіс у Каардынацыйнай радзе

7 лютага прадстаўнікі Кардынацыйнай рады вырашылі працягнуць паўнамоцтвы арганізацыі да моманту выбраньня трэцяга складу КР. Аднак гэты крок падтрымалі ня ўсе, некаторыя дэлегаты склалі свае паўнамоцтвы, паведаміла прэс-служба КР.

Нягледзячы на тое, што Каардынацыйная рада падоўжыла свае паўнамоцтвы, 8 лютага яе пакінула віцэ-сьпікерка Алена Жываглод, а каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» адклікала свайго дэлегата Арцёма Брухана. У абодвух выпадках названая адна прычына — у сувязі з завяршэньнем паўнамоцтваў КР другога скліканьня.

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне», якое адклікала свайго дэлегата, усклала палітычную адказнасьць за крызіс у структуры на сьпікера КР Андрэя Ягорава.

Жываглод таксама заявіла ў стрыме «Эўрарадыё», што ў Каардынацыйнай радзе крызіс, а сьпікер Андрэй Ягораў яго не прызнае і нічога не мяняе. Яе выхад — гэта спроба зьвярнуць увагу на праблему, якую выправіць, знаходзячыся ўнутры Рады, яна ня можа. Паводле Жываглод, КР за час яе дзейнасьці пакінулі больш за 13 дэлегатаў.

Пасьля выхаду з Каардынацыйнай рады Жываглод яе месца віцэ-сьпікера зойме блогер Ян Рудзік.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG