The Telegraph: ЗША плянуюць вярнуць ядзерную зброю ў Вялікую Брытанію

ЗША ўпершыню за 15 гадоў разьмесьцяць ядзерную зброю ў Вялікай Брытаніі ў адказ на ўзрастаньне пагрозы з боку Расеі, піша брытанская газэта The Telegraph са спасылкай на дакумэнты Мінабароны ЗША.

Згодна з дакумэнтамі, разьмешчанымі на сайце дзяржзакупак Пэнтагону, на авіябазе ў Саффолку плянуецца разьмясьціць сродкі балістычнай абароны і гідраўлічныя рампы ў рамках падрыхтоўкі да «немінучай» ядзернай місіі ў Вялікай Брытаніі, піша выданьне. Таксама на базе хутка пачнуць будаваць інтэрнат для амэрыканскіх вайскоўцаў.

Раней The Telegraph са спасылкай на крыніцы паведамляў, што ЗША плянуюць перакінуць на брытанскую авіябазу дзьве эскадрыльлі зьнішчальнікаў F-35A, здольных несьці ядзерную зброю. Чакаецца, што ім будуць магутныя гравітацыйныя бомбы B61-12, піша The Telegraph.

Паводле прадстаўніка Пэнтагону, якога цытуе The Telegraph, ЗША рэгулярна мадэрнізуюць свае ваенныя аб’екты ў краінах-саюзьніках. Гэта дзейнасьць часта суправаджаецца несакрэтнымі дакумэнтамі — яны не зьмяшчаюць прагнозаў і не прызначаныя для раскрыцьця якіх-небудзь канкрэтных пазыцый або дэталяў базаваньня, адзначыў прадстаўнік Пэнтагону.

«Палітыка ЗША заключаецца ў тым, каб не пацьвярджаць і не адмаўляць наяўнасьць або адсутнасьць ядзернай зброі ў якім-небудзь месцы», — таксама сказаў ён.

ЗША прыбралі ядзерныя боегалоўкі зь Вялікай Брытаніі ў 2008 годзе, вырашыўшы, што пагроза з боку Масквы паменшылася. Вяртаньне амэрыканскай зброі ў Вялікую Брытанію зьяўляецца часткай праграмы па разьвіцьці і мадэрнізацыі ядзерных абʼектаў у адказ на ўзмацненьне напружанасьці ў адносінах з Крамлём пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, піша The Telegraph.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава казала, што Масква будзе лічыць вяртаньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Вялікую Брытанію «крокам да эскаляцыі» і будзе вымушаная прыняць «кампэнсуючыя контрмеры».

Цяпер ядзерныя боегалоўкі ЗША разьмешчаныя ў Бэльгіі, Нямеччыне, Італіі, Нідэрляндах і Турэччыне ў адпаведнасьці з пагадненьнем NATO аб сумесным выкарыстаньні ядзернай зброі.

  • 25 сакавіка 2023 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
  • 6 ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ўжо ў Беларусі і перамяшчалі яе «не па зямлі». «Не хвалюйцеся наконт выкарыстаньня. Мы не зьбіраемся атакаваць нікога пры дапамозе ядзернай зброі. Вы нас не чапайце. І забудзьцеся пра ядзерную зброю. Але калі вы ўчыніце агрэсію, адказ будзе імгненны. Цэлі вызначаныя», — сказаў ён.
  • 25 сьнежня 2023 году Лукашэнка заявіў, што тактычная ядзерная зброя дастаўленая з Расеі ў Беларусь «даўно», «апошняя пастаўка» адбылася на пачатку кастрычніка. Заява Лукашэнкі зьявілася ў той час, калі Расея ўзмацняе свае пагрозы на адрас Захаду.

​
XS
SM
MD
LG