Кампанія за ядзернае раззбраеньне заявіла аб росьце пагрозы ад разгортваньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі

Ракентыя сістэмы ў Беларусі, здольныя несьці ядзерныя баегалоўкі. Ілюстрацыйнае фота
Ракентыя сістэмы ў Беларусі, здольныя несьці ядзерныя баегалоўкі. Ілюстрацыйнае фота

Дзеяньні Расеі і Беларусі назвалі «вельмі безадказным рашэньнем».

«Завяршэньне разгортваньня Расеяй ядзернай зброі ў Беларусі гарантуе, што ядзерная пагроза ў 2024 годзе будзе вышэйшай, чым у 2023-м», — заявіла 9 студзеня генэральны сакратар брытанскай Кампаніі за ядзернае раззбраеньне (КЯР) Кейт Хадсан. Яна заклікала асудзіць гэтыя дзеяньні як «вельмі безадказнае рашэньне».

«Ядзерная зброя не гарантуе бясьпекі беларусаў, але зробіць краіну мішэньню ў выпадку ядзернай вайны паміж NATO і Расеяй, — канстатавала Хадсан. — Як і ў выпадку з разьмяшчэньнем амэрыканскай ядзернай зброі ў Вялікай Брытаніі, мы павінны выступаць супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі ва ўсіх трэціх краінах і падтрымліваць тых, хто выступае супраць яе».
Паводле генэральнага сакратара КЯР, у 2024 годзе неабходна «зрабіць усё магчымае для ўмацаваньня міру і дыялёгу і выступіць супраць валоданьня ядзернай зброяй усімі дзяржавамі».

Кампанія зьвярнула ўвагу на пагрозьлівую рыторыку Аляксандра Лукашэнкі, ролю ўладаў у Менску ў вайне Расеі супраць Украіны, суседзтва Беларусі з трыма краінамі NATO — Польшчай, Літвой і Латвіяй.

У той жа час яна спаслалася на дадзеныя леташняга апытаньня цэнтру Chatham House, паводле якіх тры чвэрці беларусаў супраць ядзернай зброі ў сваёй краіне.
25 сьнежня 2023 году Лукашэнка, адказваючы ў Санкт-Пецярбургу на пытаньні журналістаў перад паседжаньнем Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады, заявіў, што тактычная ядзерная зброя дастаўлена з Расеі ў Беларусь «даўно», «апошняя пастаўка» адбылася ў пачатку кастрычніка.
Кампанія за ядзернае раззбраеньне заснавана ў 1957 годзе.

Дамагаецца ліквідацыі ядзернай зброі ў сьвеце і Вялікай Брытаніі ў прыватнасьці, паўсюднай адмовы ад іншых тыпаў зброі масавага паражэньня (хімічнай і біялягічнай); забароны на вытворчасьць, выпрабаваньні і выкарыстаньне зброі са зьбедненым уранам; «бязьядзернай, менш мілітарызаванай і больш бясьпечнай Эўропы».

Арганізацыя выступае «супраць вайсковых баз і ядзернай зброі ЗША ў Эўропе, сяброўства Вялікай Брытаніі ў NATO, атамнай энэргетыкі».

​
XS
SM
MD
LG