Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымаў Лукашэнка магчымасьць самастойна выкарыстоўваць ядзерную зброю?


Ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці ядзерную зброю
Ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці ядзерную зброю

Ці запіша Лукашэнка ў новую ваенную дактрыну Беларусі сваё права аднаасобна прымаць рашэньне пра выкарыстаньне ядзернай зброі, разьмешчанай на тэрыторыі краіны?

З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да вайсковага экспэрта Юрыя Фёдарава.

— Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў учора, што ў новай ваеннай дактрыне краіны будуць прапісаныя статус і ўмовы выкарыстаньня ядзернай зброі, разьмешчанай на тэрыторыі Беларусі. Праект дактрыны пакуль не абнародаваны, саму дактрыну маюць прыняць сёлета на Ўсебеларускім народным сходзе.

На заяву Хрэніна адрэагаваў прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі. Ён заявіў: «Офіс ААН па пытаньнях раззбраеньня павінен даць ацэнку жаданьню рэжыму Лукашэнкі кантраляваць расейскую тактычную ядзерную зброю ў Беларусі». Як вы лічыце, што можа быць запісана ў гэтым праекце беларускай ваеннай дактрыны наконт ядзернай зброі? Ці сапраўды гэта будзе тое, пра што кажа Кавалеўскі?

Юры Фёдараў
Юры Фёдараў

— Мне цяжка сказаць, што там можа быць запісана, бо тэкст не абнародаваны. Але ёсьць відавочнае жаданьне Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня сапраўды атрымаць кантроль над выкарыстаньнем расейскай ядзернай зброі, якая знаходзіцца ў Беларусі. Кантроль, як вызначаюць юрысты-міжнароднікі, якія спэцыялізуюцца ў гэтай галіне, — гэта магчымасьць незалежна ад каго б там ні было іншага ўжыць ядзерную зброю. Тут ключавая частка — «незалежна ад каго б там ні было іншага».

Якія абмежаваньні накладае дамова аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі на ядзерную дзяржаву, якая тэарэтычна можа перадаць ядзерную зброю няядзернай дзяржаве? Строга забароненыя дзьве рэчы — перадача ўласна ядзернай зброі і перадача кантролю над ёй. Але ў трактоўцы, што такое ядзерная зброя, у дамове ёсьць некаторая няпэўнасьць.

Бо ядзерная зброя складаецца з двух кампанэнтаў: выбуховага прыстасаваньня (баявога зараду) і сродку дастаўкі гэтага боепрыпасу. Аднак юрысты-міжнароднікі кажуць, што ў дамове пад ядзернай зброяй разумеецца толькі ядзерны боепрыпас. А перадача сродкаў дастаўкі ядзернай зброі распаўсюдам ядзернай зброі ня лічыцца. Такую думку маюць многія юрысты. Гэтак жа мяркуюць афіцыйныя асобы амэрыканскага ўраду і ўрадаў тых заходніх краінаў, на тэрыторыі якіх разьмешчаная амэрыканская тактычная ядзерная зброя. Гэтае разьмяшчэньне адбываецца ў рамках дамоваў NATO.

Там ёсьць сродкі дастаўкі, абсталяваныя для ўжываньня ядзернай зброі. І гэта нацыянальныя сродкі дастаўкі — нямецкія, італьянскія, турэцкія і г.д. Дамова не забараняе перадачу сродкаў дастаўкі, не забараняе кансультацыі, сумеснае плянаваньне ўжываньня ядзернай зброі, не забароненая пабудова сховішчаў для ядзернай зброі, не забароненая падрыхтоўка пэрсаналу прымаючага боку для абслугоўваньня ядзернай зброі і падтрыманьня яе баяздольнасьці. У межах NATO дзейнічае праграма Nuclear sharing — сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі. У межах гэтай праграмы дзейнічае прынцып «двайнога ключа». Гэта не перадача кантролю, гэта наданьне няядзерным чальцам NATO права заблякаваць, забараніць ужываньне ядзернай зброі Злучанымі Штатамі, калі гэтая зброя знаходзіцца на тэрыторыі гэтых няядзерных краінаў. Папросту кажучы, нямецкі ўрад можа забараніць Вашынгтону ўжыць ядзерную зброю, разьмешчаную ў Нямеччыне.

Я мяркую, што кіраўніцтва Беларусі хоча атрымаць менавіта кантроль — права і тэхнічную магчымасьць ужываць ядзерную зброю па сваім уласным жаданьні. Як вынікае з заяваў расейскіх дыпляматаў, Масква выступае супраць перадачы Менску кантролю над расейскімі боегалоўкамі, разьмешчанымі ў Беларусі. Калі ваенная дактрына Беларусі будзе апублікаваная, мы ўбачым, як канкрэтна там трактуецца гэтае пытаньне.

— Ня толькі расейскія, але і беларускія дыпляматы, у прыватнасьці, прадстаўнік Беларусі ў ААН, заяўлялі, што кантроль за тактычнай ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі застанецца за Расеяй. Але Лукашэнка не аднойчы гаварыў іншае. Як вы мяркуеце, ці дазволіць Расея Лукашэнку запісаць у ваеннай дактрыне, як той казаў, чорным па белым, што Беларусь будзе менавіта кантраляваць тактычную ядзерную зброю?

Ці там будзе запісана нешта падобнае да таго «двайнога ключа», пра які вы расказвалі адносна краінаў NATO? Што Беларусь можа не дапусьціць выкарыстаньня Расеяй ядзернай зброі, разьмешчанай у Беларусі, і ня больш за тое? Ці што рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі зь беларускай зямлі будуць прымаць супольна ўлады Беларусі і Расеі?

— Калі размова ідзе пра цяперашняе кіраўніцтва Расеі, я гатовы дапусьціць любыя нечаканасьці, любы авантурызм. У тым ліку і дазвол Беларусі кантраляваць ядзерную зброю і запісаць права на гэта ў яе ваенную дактрыну. Не выключаю, што нехта з атачэньня Пуціна пераканаў яго пайсьці на саступкі Лукашэнку ў гэтым пытаньні. Пуцін не аднойчы прымаў дастаткова авантурныя рашэньні, якія мелі вельмі кепскія наступствы і для Расеі, і для яе суседзяў. Але калі ён застаецца нават адносна ў здаровым розуме, я мяркую, што ён ня пойдзе на такую авантуру.

— Але дапусьцім, што пойдзе. Ці можа быць задзейнічаны міжнародны мэханізм, пра які казаў спадар Кавалеўскі? Калі ў беларускай ваеннай дактрыне будзе запісана, што Беларусь кантралюе тактычную ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі, гэта ўжо можа трактавацца як прамое парушэньне дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Якімі могуць быць міжнародныя наступствы гэтага?

— Так, наступствы парушэньня гэтай міжнароднай дамовы будуць. Яны тэарэтычна могуць быць рашэньнем Рады бясьпекі ААН. Але відавочна, што Расея накладзе вэта на такое рашэньне Рады бясьпекі ААН адносна Беларусі ці яе самой. Але гэта ня зможа прадухіліць дадатковыя санкцыі, якія будуць прымацца асобнымі дзяржавамі ці саюзамі дзяржаваў, напрыклад, NATO ці ЭЗ. Яны могуць прыняць розныя санкцыі ў такой сытуацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG