Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без дазволу Пуціна Лукашэнка нават зазірнуць у ядзернае сховішча ня зможа, — экспэрт у ядзерных пытаньнях Максім Старчак


Расейскі бамбавік Су-24, здольный несьці ядзерную зброю. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі бамбавік Су-24, здольный несьці ядзерную зброю. Ілюстрацыйнае фота

Колькі ядзернай зброі завязуць у Беларусь? Ці зможа яе выкарыстаць Лукашэнка? Якая імавернасьць таго, што Расея скарыстае ядзерныя зарады зь Беларусі супраць Эўропы, каб удар у адказ прыпаў на беларускую тэрыторыю? Чым NATO можа адказаць на ядзерны выклік Пуціна?

На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Радыё Свабода адказвае экспэрт у расейскай ядзернай зброі, навуковы супрацоўнік Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе Максім Старчак.

— Якія расейскія тактычныя ядзерныя боепрыпасы, хутчэй за ўсё, завязуць у Беларусь? Лукашэнка сказаў: утрая больш магутныя за тыя, што скінулі на Хірасіму і Нагасакі ў 1945 годзе.

Максім Старчак
Максім Старчак

— Дакладна не вядома, але тэарэтычна ядзерныя боезарады могуць мець магутнасьць ад 0,3 да 340 кілятонаў (кт), у залежнасьці ад прызначэньня. Яны не абмяжоўвалася ніякімі дамовамі, таму магутнасьці могуць быць любыя. І так, у тэорыі яны могуць быць магутнейшыя за тыя, што скінулі на японскія гарады. Там было 16 кілятонаў на Хірасіму і 21 кілятона — на Нагасакі.

У ракет «Іскандэр-М» ядзерная боегалоўка можа мець магутнасьць да 50 кілятонаў. Якія бомбы будуць у беларускай авіяцыі, незразумела. Але ў якасьці прыкладу можна сказаць, што ядзерная авіяцыйная бомба РН-28 мела магутнасьць ад 1 да 10 кт. Іншая авіяцыйная бомба, РН-40, мела магутнасьць 30 кт. Такім чынам, калі параўноўваць амэрыканскага «Малога», скінутага на Хірасіму, і ядзерную боегалоўку, якую можна ўсталяваць на «Іскандэр», то так, яна можа быць у тры разы больш магутная.

— Па вашай ацэнцы, якую колькасьць боепрыпасаў могуць завезьці? Уладзімір Пуцін і 25 сакавіка, калі ўпершыню абвясьціў аб рашэньні, і пазьней падкрэсьліваў, што Расея капіюе амэрыканскую праграму Nuclear sharing разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі краінаў-саюзьніц па NATO. Ці будзе Масква яе капіяваць і ў колькасьці боепрыпасаў? Ці гэта будзе нейкая невялікая, сымбалічная колькасьць боепрыпасаў?

— Напэўна, Пуцін меў на ўвазе сумеснае выкарыстаньне ядзернай зброі (Nuclear sharing) у NATO як мэханізм, а ня колькасьць боегаловак. Пуцін лічыць, што ЗША маюць у Эўропе 200 ядзерных тактычных боепрыпасаў у пяці краінах. Хоць, паводле апошніх зьвестак, гэта ўжо 100 боегаловак, па 20 боезарадаў у кожнай краіне. Ён, напэўна, можа разьмясьціць і 100, і 200 у адной Беларусі. Але ўсё ж ядзерная зброя — гэта зброя стрымліваньня і столькі разьмяшчаць сэнсу няма. Асабліва ўлічваючы, што пакуль вядома толькі пра базаваньне ў Беларусі аднаго комплексу «Іскандэр-М» і 10 самалётаў, здольных несьці тактычную ядзерную зброю. Таму, калі Пуцін сабраўся капіяваць колькасьць, то дастаткова будзе 20–40 ядзерных боегаловак.

— Ці можна меркаваць, якая будзе прапорцыя паміж колькасьцю авіябомбаў і ракет пад «Іскандэры»?

— Відавочна, што авіяцыйных боезарадаў павінна быць больш. Колькасьць «Іскандэраў-М», якія ў выніку апынуцца ў Беларусі, невядомая, а адзін існуючы комплекс можа несьці ад 2 да 4 ракет. Самалёты, у залежнасьці ад тыпу самалётаў і ракет, у сярэднім могуць несьці ад 2 да 8 бомбаў. У цэлым, паводле ацэнак экспэртаў, у Расеі ў сем разоў больш тактычных ядзерных боезарадаў для авіяцыі, чым для сухапутных войскаў.

— Масква неаднаразова заяўляла, што ядзеная зброя ў Беларусі будзе пад яе поўным кантролем і кіраваньнем і рашэньне аб выкарыстаньні будзе прымаць яна. Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай заявіў, што без ваганьняў выкарыстае гэтую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. Праўда, дадаў, што папярэдне хутка па тэлефоне ўзгодніць загад з Пуціным. Гэта праява ягонай мэгаляманіі ці ўзгодненая з Масквой стратэгічная нявызначанасьць? Хто ўсё ж будзе прымаць рашэньне аб выкарыстаньні ТЯЗ зь беларускай тэрыторыі?

— Гэта імкненьне Лукашэнкі чарговы раз паказаць сваю значнасьць і незалежнасьць. Цяжка сабе ўявіць, што «Сьвяты Грааль» у выглядзе ядзернай зброі Пуцін будзе саступаць Лукашэнку. Упэўнены, што не. Нават склады зь ядзернымі боепрыпасамі Лукашэнку не адчыняць бяз санкцыі Пуціна. Але згадка пра тэлефон можа раскрываць мэханізм узгадненьня рашэньня аб ужываньні ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Не пытаньне фактычнага ўжываньня, а выпрацоўкі палітычнага рашэньня аб гэтым.

Зараз актыўнасьць авіяцыі і «Іскандэраў-М» на беларускай тэрыторыі як патэнцыйных ядзерных пагрозаў будзе маніторыцца з асаблівай пільнасьцю.

Расея афіцыйна заявіла, што яна кантралюе тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, а гэта значыць, што нават калі ядзерная зброя будзе выкарыстаная раптам беларускім бокам, адказнасьць — на Расеі.

— Ці ёсьць тэхнічна ў тактычнай зброі коды запуску, як у стратэгічнай, або схема выкарыстаньня гэтай зброі іншая? Загад на выкарыстаньне расейскай ТЯЗ аддаецца зь «ядзернай валізкі» прэзыдэнта РФ ці інакш?

— У супольнасьці ядзерных экспэртаў ёсьць уяўленьне, што кіраваньне ТЯЗ не настолькі цэнтралізаванае, як стратэгічнай ядзернай зброяй, і загад на яе выкарыстаньне можа быць аддадзены на больш нізкіх узроўнях камандаваньня. Але кантроль за тактычнай ядзернай зброяй, асабліва сухапутных сілаў і авіяцыі, калі ядзерныя боезарады знаходзяцца на складах па-за авіябазамі і наземнымі сродкамі дастаўкі, можа быць падзелены на два складнікі.

Першы — гэта кантроль захоўваньня. Можна, напэўна, параўнаць яго з кантролем за стратэгічнай ядзернай зброяй, то бок ён цалкам замыкаецца на прэзыдэнта РФ (як я казаў, бяз санкцыі Пуціна Лукашэнка нават не зазірне ў сховішча).

Другі ўзровень кантролю — гэта кантроль падчас транспартаваньня, гэта значыць тады, калі працэс ажыцьцяўляецца канкрэтнымі людзьмі, стоадсоткавы кантроль за якімі палітычнае кіраўніцтва ўсталяваць ужо ня можа.

Далей, палітычнае кіраўніцтва таксама ня можа быць упэўненае ў выкананьні загаду яшчэ і таму, што ўжываньне ТЯЗ ажыцьцяўляецца не тэхнічнымі сродкамі, а канкрэтнымі афіцэрамі.

Ужываньне ТЯЗ хоць і мае менш высокі кантроль, чым стратэгічнай ЯЗ, але ланцужок ад загаду да выкананьня можа быць большы, як і магчымасьці яго ня выканаць.

— Які пратакол выкарыстаньня амэрыканскай ядзернай зброі ў рамках Nuclear sharing? Скажам, нямецкаму пілёту з загружанай на борт В61 у выпадку чаго аддасьць загад яе выкарыстаць прэзыдэнт ЗША ці кіраўніцтва Нямеччыны?

— Паводле палітыкі NATO ў справе выкарыстаньня ядзернай зброі, для гэтага трэба атрымаць ухвалу Групы ядзернага плянаваньня Альянсу (генэральны сакратар і міністры абароны краінаў-чальцоў) і дазвол ад прэзыдэнта ЗША і прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі. Наогул, у тэорыі, ужываньне ТЯЗ можа рэалізоўвацца некалькі тыдняў: гэта час на ўзгадненьне і працэдуру выкананьня. І ў Расеі, і ў ЗША.

— Афіцыйнае тлумачэньне Масквы: разьмяшчэньне ТЯЗ у Беларусі — адказ на ўступленьне ў NATO Фінляндыі. Тлумачэньне Лукашэнкі: ён папрасіў пра гэта Пуціна, каб на Беларусь не напалі. У якой ступені магчыма другое? У 1962 годзе ў Хрушчова, калі ён разьмяшчаў ракеты на Кубе, быў матыў абараніць рэжым Кастра?

— Гэта палітычныя заявы, яны могуць быць іншымі ці сказанымі праз коску. Просьбы сталі любімым ходам Пуціна. Ваенныя дзеяньні Расеі ў Сырыі таксама былі на просьбу Башара Асада, і ўварваньне ва Ўкраіну таксама абгрунтоўвалі тым, што кіраўнікі «ЛДНР» зьвярнуліся да Пуціна з просьбай дапамагчы ў адбіцьці агрэсіі з боку Ўкраіны. Гэта проста пытаньне легітымацыі рашэньняў.

Ядзерная зброя ў Беларусі — гэта палітыка Пуціна, перш за ўсё дзеля аказаньня ціску на ЗША і NATO. Яшчэ адна карта, якую ён кідае ў гульню для супрацьстаяньня зь імі, у надзеі, што яна стане козырам і дазволіць яму выйграць і ажыцьцявіць свае задачы.

— Ці магчыма, што мэта разьмяшчэньня ТЯЗ у Беларусі не ўзмацненьне пагрозы, а нанясеньне ўдару, з тым, каб удар у адказ прыпаў па Беларусі? Сяргей Караганаў у нядаўнім артыкуле прапанаваў ударыць ядзернай зброяй па Польшчы. Ён мяркуе, што магутнага адказу ня будзе. Можа, удар у адказ па Беларусі — канвэнцыйнай або ядзернай зброяй — і праўда будзе не такім ужо зьніштажальным для Расеі?

— Гэта зусім варʼяцкія ўяўленьні пра ролю ядзернай зброі як пра рэальны сродак на полі бою, а ня сродак стрымліваньня. Пакуль перадумоваў да гэтага няма. Караганаў і яму падобныя экспэрты могуць прапаноўваць розныя варыянты выкарыстаньня зброі масавага зьнішчэньня, але яны не абцяжараныя ўладай і магчымасьцямі. І МЗС, і Мінабароны РФ заўсёды асьцярожна падыходзілі да пытаньня выкарыстаньня ядзернай зброі, спадзяюся, так яно і застанецца.

Зразумела, Беларусь фігуруе ў ваенных плянах NATO, але, я думаю, яна ўжо была там як саюзьнік Расеі ў Эўропе, і яе фактар і бязь ядзернай зброі ўлічваўся. Так, са зьяўленьнем ТЯЗ тактычнае выкарыстаньне сродкаў NATO ў гіпатэтычнай вайне можа быць зьмененае, сцэнары дапрацаваныя.

У справе ўжываньня ядзернай зброі няма дакладнай формулы: Расея ажыцьцяўляе ядзерны ўдар па Польшчы, а ў адказ NATO бʼе па Беларусі. Ніхто ніколі такіх гарантыяў ня дасьць. Гэта немагчыма прадказаць і разьлічыць. Так, калі ракеты ці бомбы з тэрыторыі Беларусі паляцяць на Польшчу, адказ, хутчэй за ўсё, прыйдзецца па Беларусі. Але што гэта дае?

У супрацьстаяньні з Захадам Расея нічога ад гэтага ня выйграе. У вайне з Украінай тым больш. Супрацьдзеяньне з боку NATO толькі ўзмоцніцца. ТЯЗ усё ж стваралася і яе выкарыстаньне прадугледжвалася на той выпадак, калі праціўнік урываецца на вашую тэрыторыю пераўзыходзячымі сіламі і вы ня можаце іх стрымаць звычайнымі сродкамі. Тады ўжываецца ТЯЗ. У адзіночным удары ТЯЗ проста па горадзе няма ні ваеннай неабходнасьці, ні эфэкту стрымліваньня. Вось Расея ўдарыць па Познані ядзернай зброяй, як гэта прапаноўвае Караганаў. І што?

NATO і ЗША прызнаюць сваю паразу? Ці адмовяцца ад падтрымкі Ўкраіны? Не, у такім разе ўся паўночнаатлянтычная канцэпцыя бясьпекі пацярпела б крах. А значыць, абавязкова будзе адказ. Пытаньне ж ня ў Познані, і ня ў тым, што яна менш каштоўная для ЗША, чым Бостан. Тут ужо не нацыянальнымі катэгорыямі вымяраецца пытаньне, а шматнацыянальнымі. Абарона не адной Польшчы, а — Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі, Італіі і гэтак далей. «Познань» падвысіць стаўкі да кантынэнтальных маштабаў, а ня зьнізіць іх да ўзроўню гораду.

— Якая імавернасьць прэвэнтыўнага ўдару канвэнцыйнай зброяй па сродках дастаўкі ТЯЗ у Беларусі, калі зьявяцца прыкметы падрыхтоўкі да яе выкарыстаньня?

— Гэта добрае ваеннае рашэньне. Я б прымаў яго да ўвагі. На ўзроўні NATO, вядома, будзе рознае стаўленьне да падобнага рашэньня. Зразумела будзе, што вядзецца падрыхтоўка да выкарыстаньня. Добра. Але выкарыстаньня супраць каго? А калі вучэньні? Нават падчас «халоднай вайны» вучэньні выглядалі як падрыхтоўка да нападу. З прычыны чаго давялося ствараць каналы прамой сувязі вайскоўцаў, каб папярэджваць неадэкватную рэакцыю. Каб прэвэнтыўнага ўдару не было, трэба захоўваць расейска-амэрыканскія вайсковыя кантакты, або ствараць у выпадку Беларусі прамую сувязь паміж вайскоўцамі Беларусі і камандаваньнем NATO. Інакш прэвэнтыўны ўдар пры прыкметах падрыхтоўкі да выкарыстаньня ТЯЗ выглядае, сапраўды, занадта прывабным рашэньнем.

— Як NATO адкажа на выклік Пуціна з разьмяшчэньнем ТЯЗ у Беларусі? Ці магчымы адказ у выглядзе далучэньня да Nuclear sharing, скажам, Польшчы? Ці ў дадзеным выпадку самым балючым для Пуціна будзе якраз адсутнасьць якога б там ні было адказу?

— Каб Польшча далучылася да Nuclear sharing, трэба, каб NATO дэнансавала Фундамэнтальны акт Расея — NATO 1997 году. Гэтыя размовы вяліся ў ЗША і NATO ў 2021–2022 гадах, але цяпер яны не мэйнстрым. Перамог пункт гледжаньня, што ня трэба зьвяртаць на гэта асаблівай увагі і гуляць у пуцінскую гульню.

Пуцін спрабуе сфармаваць вакол вайны з Украінай ядзерны фактар (небясьпека якога апрыёры турбуе ЗША), але ў яго гэта не атрымалася. На ўсе яго заявы аб ядзернай зброі — поўны ігнор. ЗША не падвышаюць стаўкі ў гэтым канфлікце з Расеяй, гэта значыць, не адбываецца Карыбскага крызісу 2.0. Уцягнуць ЗША не атрымліваецца, і, адпаведна, прадʼявіць патрабаваньні па Ўкраіне ўзамен на зьмену сваёй ядзернай палітыкі — таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG