Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад выбарамі ў БДУ ідзе новая хваля рэпрэсій супраць выкладчыкаў, — палітоляг Турарбекава


Роза Турарбекава. Архіўнае фота
Роза Турарбекава. Архіўнае фота

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ідзе новая хваля рэпрэсій у дачыненьні да выкладчыкаў.

Пра падзеі ў БДУ расказала «Позірку» былая выкладчыца катэдры міжнародных адносін, кандыдат гістарычных навук, палітоляг Роза Турарбекава.

Пра тое, як выглядаюць рэпрэсіі ва ўнівэрсытэце, Розе Турарбекавай вядома «па 2021 годзе», калі звольнілі яе саму.

Тады, паводле яе, у канцы году «прыйшлі сьпісы ў дэканаты факультэтаў усяго ўнівэрсытэту». У іх былі «пазначаныя асобы, якіх трэба звольніць; людзі, якіх трэба панізіць на пасадзе; каго трэба выклікаць на прафіляктычную гутарку».

Тыя падзеі ў ВНУ, лічыць яна, сталі «падрыхтоўкай да рэфэрэндуму» аб зьмяненьні Канстытуцыі ў лютым 2022 году.

«Я думала, што ўжо тады звольнілі ўсіх незадаволеных, усіх, хто хадзіў на пратэсты, хто быў актыўны і не хаваў сваёй актыўнасьці, а ўсіх астатніх проста запалохалі», — сказала Турарбекава.

Цяпер, паводле палітоляга, «праводзіцца дакладна такая ж кампанія напярэдадні так званых выбараў у так званы парлямэнт». Ёй вядома, што ў канцы мінулага году («прыкладна ў лістападзе, магчыма, у сьнежні») ва ўнівэрсытэт зноў «прыйшлі спісы на звальненьне, на паніжэньне і на прафіляктычныя гутаркі».

Турарбекава выказала думку, што выкладчыкі, якіх вырашылі звольніць, былі недзе «заўважаныя, можа, хадзілі на пратэсты, праходзілі ў папярэдніх сьпісах». Пры гэтым яна ўпэўнена, што «папярэджаньні і паніжэньні» закранулі людзей, якія «не хадзілі на пратэсты, не праяўлялі ніякай палітычнай актыўнасьці».

«З чым зьвязана гэтая хваля... мусіць, кожны выпадак зьяўляецца індывідуальным. Але гэты сьпіс быў сфармаваны, адпраўлены з рэктарату дэканам. Працэс, як правіла, курыруе прарэктар у бясьпецы, афіцэр КДБ. І людзей сталі звальняць і паніжаць на пасадзе літаральна перад Новым годам. Гэта я таксама зьвязваю з палітычнай кампаніяй перад так званымі выбарамі», — сказала палітоляг.

Яна мяркуе, што да прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году «будзе праведзена самая, напэўна, вялікая кампанія паводле таго ж сцэнара».

Вынікам рэпрэсій у ВНУ Турарбекава назвала «колькаснае і якаснае скарачэньне высокапрафэсійных, высокакваліфікаваных кадраў», у першую чаргу тых, хто мае навуковую ступень.

«І так у Беларусі з гэтым вялікая праблема, — канстатавала экспэрт. — Дысэртацыі, кандыдацкія і доктарскія, якія абараняюцца, асабліва ў сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах, — іх узровень упаў вельмі моцна. Акрамя таго, напрацаваны акадэмічны капітал цяпер бязьлітасна вычышчаецца. Людзей звальняюць, нягледзячы на заслугі ў навуцы, пэрспэктыўнасьць».

Паводле слоў экс-выкладчыцы БДУ, каб «выгадаваць аднаго кандыдата навук», неабходна ня менш за 10 гадоў, «у вельмі рэдкіх выпадках — 7–8».

«Гэта была пэўная сэлекцыя, дастаткова вялікі час падрыхтоўкі, — патлумачыла яна. — І вось мы выгадавалі кандыдата навук, каб ён у будучыні падтрымліваў узровень навуковых дасьледаваньняў, і вы яго звальняеце. Пэрспэктыўнага, маладога кандыдата навук».

Тое ж тычыцца прафэсуры, якая ў Беларусі зьяўляецца «выміраючым відам», бо «доктарскія дысэртацыі абараняюцца вельмі рэдка», дадала палітоляг. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што «рэпрэсіўная палітыка адносна акадэмічных свабод унутры Беларусі» вядзецца «ўжо дастаткова даўно», аднак «якасны скачок, які здарыўся пасьля 2020 году, проста заганяе ў труну беларускую навуку».

Паводле інфармацыі Турарбекавай, да восені 2023 года толькі з БДУ было звольнена каля 100 дацэнтаў і прафэсараў.

«Дацэнты — гэта нават не кандыдаты навук, гэта ўжо больш высокая ступень, навуковае званьне, якое дае чалавеку права на кіраўніцтва асьпірантамі. А прафэсар — гэта ўвогуле навуковы кірунак. Было выкінута 35 прафэсараў з унівэрсытэту, лічыце, выкінута 35 навуковых кірункаў, навуковых школ. Плюс 60 дацэнтаў — гэта патэнцыйныя навуковыя школы і патэнцыйныя навуковыя кірункі», — канстатавала суразмоўца.

Наколькі ёй вядома, сярод звольненых ёсьць «дацэнты, якія ўжо набліжаліся» да таго, «каб стаць прафэсарамі», бо ў іх было «некалькі абароненых асьпірантаў, некалькі кандыдатаў навук». Сама Турарбекава да звальненьня падрыхтавала да пасьпяховай абароны трох кандыдатаў навук, «на падыходзе былі яшчэ двое».

Экс-выкладчыца БДУ мяркуе, што ва ўнівэрсытэце «маглі застацца адмыслоўцы» ў галіне хіміі і фізыкі, але нават там маюцца палітызаваныя тэмы, напрыклад зьвязаныя з АЭС і ядзернымі адкідамі.

«А што да сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, гэта проста кашмар. Найбольш пацярпелі гісторыкі, на другім месцы філёлягі, спэцыялісты ў беларускай мове, але ня толькі. Цяпер ідзе перасьлед тых, хто выкладае польскую мову», — падсумавала суразмоўца.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG