Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнт Берасьцейскага ўнівэрсытэту расказаў, як сілавікі праводзілі рэйд у інтэрнаце і галоўным корпусе


Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, архіўнае фота
Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, архіўнае фота

Днямі сілавікі затрымалі 15 студэнтаў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Некалькі зь іх засталіся ў ІЧУ.

Падрабязнасьці аблавы расказаў BG.media адзін са студэнтаў навучальнай установы. Ён быў адным з тых, каго абшуквалі 1 сьнежня ў інтэрнаце Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна. Паводле яго, сілавікі прыйшлі ў інтэрнат і ў галоўны корпус БрДУ.

«Яны відавочна шукалі кампрамат. Сярод студэнтаў ёсьць думка, што сочаць нават за некалькімі выкладчыкамі, не ангажаванымі, якія вылучаюцца больш свабоднымі поглядамі, хаця такіх ва ўнівэрсытэце засталося зусім ня шмат. Увогуле, супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіК зьявіліся спачатку ў галоўны корпус; там, наколькі я ведаю, затрымалі некалькіх чалавек зь фізмату, а потым, ужо бліжэй да вечара, наляцелі ў інтэрнат. І гэта быў сапраўдны „трэш“.

Яны ўрываліся ў пакоі, патрабавалі ў нас тэлефоны, пераварочвалі ўсё дагары нагамі. У мяне нічога крамольнага не знайшлі, хоць сякая-такая перапіска ў тэлефоне была, але я звычайна выдаляю лішняе і наагул імкнуся максымальна абараняць свае акаўнты. А чатырох хлопцаў забралі ў ІЧУ, яны да гэтага часу, наколькі я ведаю, там знаходзяцца. Ім, па словах блізкіх сваякоў, „шыюць“ „экстрэмізм“».

Па словах маладога чалавека, некаторыя студэнты ВНУ размаўлялі паміж сабой у чаце, створаным як альтэрнатыва афіцыйным каналам унівэрсытэту. У ліку іншага там пісалі пра вайну ва Ўкраіне, што яна незаконная, несправядлівая, а Пуціна і Расею называлі агрэсарамі.

Хтосьці, відаць, выдаў ці вылічыў актывістаў чату, адсюль і рэйд, які зрабілі сілавікі.

Як лічыць студэнт, ніякіх фатаграфій з нацысцкай сымболікай у іхных размовах ніхто не выкладаў. Яны зьявіліся ўжо ў дзень «хапуну». Такія выявы маглі проста паслужыць правакацыяй, падставай для ўрываньняў сілавікоў у інтэрнат і саму ВНУ.

Масавыя затрыманьні і ператрусы ў студэнтаў і выкладчыкаў Берасьцейскага ўнівэрсытэту адбыліся 30 лістапада. Перасьлед зазналі каля 15 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG