Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВВС: у калёніях і СІЗА ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны знаходзяцца тысячы цывільных украінцаў


Сьледчы ізалятар у Санкт-Пецярбургу. Ілюстрацыйнае фота
Сьледчы ізалятар у Санкт-Пецярбургу. Ілюстрацыйнае фота

Усіх затрыманых пазбавілі волі, але пры гэтым яны афіцыйна не зьяўляюцца абвінавачанымі ці асуджанымі ў крымінальных справах.

У калёніях і сьледчых ізалятарах у Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны ўтрымліваюць тысячы ўкраінскіх грамадзян, якія не зьяўляюцца ваеннапалоннымі.

Як паведаміла расейская служба ВВС, гэтых людзей затрымалі расейскія вайскоўцы або супрацоўнікі праваахоўных органаў пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пры праходжаньні так званай фільтрацыі, а часам і проста на вуліцах праз падазрэньне ў «супрацьдзеяньні спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Усіх затрыманых пазбавілі волі, але пры гэтым яны афіцыйна не зьяўляюцца абвінавачанымі ці асуджанымі ў крымінальных справах. «Таму знайсьці іх афіцыйным шляхам немагчыма, а для іх вызваленьня, у адрозьненьне ад ваеннапалонных, не існуе ніякіх мэханізмаў», — адзначаюць журналісты ВВС.

Паводле расейскага заканадаўства, нават ва ўмовах ваеннага становішча людзей без суду нельга затрымліваць больш як на 30 дзён. Аднак час, месца і падстава затрыманьняў украінцаў вайскоўцы часьцей нідзе фармальна не фіксуюць, крымінальныя ці адміністрацыйныя справы супраць іх не зводзяць, і, адпаведна, не праводзяць расьсьледаваньня.

Як паведаміла ВВС, гэта вынікае з рашэньняў судоў. Да тых, каго затрымалі без фармальных абвінавачаньняў, доступу ў адвакатаў фактычна няма. У лепшым выпадку Мінабароны Расеі прызнае факт таго, што такія людзі знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, але адмаўляецца дапусьціць да іх адвакатаў і сваякоў «да заканчэньня праверачных мер».

Выданьне расказала гісторыі некалькіх жыхароў Украіны, захопленых расейскімі войскамі і, мяркуючы па ўсім, адпраўленых у расейскія СІЗА ці ў анэксаваны Крым. Нягледзячы на ўсе спробы зь імі сустрэцца, адвакатаў і сваякоў да іх так і не дапусьцілі. Змаглі толькі высьветліць, у якіх СІЗА іх утрымліваюць, і тое не заўсёды.

Пры гэтым у рамках абменаў палоннымі паміж Украінай і Расеяй дадому вярнуліся больш за 140 цывільных украінцаў, паведаміў амбудсмэн Украіны Дзьмітро Лубінец. Пэўную колькасьць украінскіх грамадзян расейцы адпусьцілі без тлумачэньняў. Іншыя з вызваленых потым расказалі пра катаваньні з боку расейскіх вайскоўцаў або супрацоўнікаў СІЗА.

Паводле інфармацыі ўкраінскага Міністэрства рэінтэграцыі, у лістападзе 2023 году ў расейскім палоне знаходзіліся больш за 700 цывільных. Але і гэта недакладная лічба. Дзьмітро Лубінец паведаміў, што на акупаваных тэрыторыях прапалі 25 тысяч цывільных. Частка зь іх магла загінуць ці проста выехаць і не выходзіць на сувязь, іншых маглі затрымаць. Паводле ацэнак праекту пошуку зьніклых украінцаў «Знайсьці сваіх», расейскія вайскоўцы або супрацоўнікі праваахоўных органаў без абвінавачаньняў маглі затрымаць каля 7500 цывільных. Знайсьці ўдалося каля 200. У гэтую статыстыку не ўваходзяць вывезеныя з тэрыторыі Ўкраіны дзеці, што стала падставай для абвінавачаньня Ўладзіміра Пуціна ў Міжнародным крымінальным судзе.

Расейскія і ўкраінскія праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш за 30 калёній і СІЗА, зь якіх атрымалі паведамленьні аб знаходжаньні там цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG