Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выгуляў свой „боінг“. Выйшаў на трыбуну і схлусіў». Навошта Лукашэнку экалягічны саміт у Дубаі


Экалягічны саміт у Дубаі. Палітоляг Класкоўскі, эколяг Ірына Сухій. Каляж
Экалягічны саміт у Дубаі. Палітоляг Класкоўскі, эколяг Ірына Сухій. Каляж

Пахваліцца «зялёнай атамнай энэргетыкай»? Дзеля чаго Лукашэнка ўдзельнічае ў саміце аб зьмене клімату ў Дубаі? І як беларускія эколягі ацэньваюць рэальную сытуацыю ў экалёгіі і выхад Беларусі з шэрагу міжнародных канвэнцый у пытаньнях экалягічнай бясьпекі?

Пра гэта разважаюць сузаснавальніца беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій і палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Цяжка згадаць, каб калі-небудзь Аляксандар Лукашэнка цікавіўся экалягічнымі пытаньнямі і выказваўся пра гэта. У яго прамове на саміце было шмат прыгожых словаў: «У нас няма маральнага права жыць толькі для сябе. Мы павінны зазіраць за гарызонт, паважаць законы прыроды і ствараць аснову для працягу чалавечага роду тут і зараз, на нашай плянэце. Іншага дому ў нас няма і не будзе». Калі адкінуць патэтыку, то якая асноўная мэта Лукашэнкі ў Эміратах і ці дасягнуў ён яе?

Аляксандар Класкоўскі: Лукашэнка ж, як вядома, галоўны жывёлавод, галоўны эканаміст, галоўны гісторык, і цяпер вонкава хоча зарысавацца галоўным і самым мудрым на плянэце эколягам. Насамрэч, калі каротка казаць, трэба ж выгульваць свой «боінг». І паляцеў. І да 2020 году яго ў Эўропу надта не запрашалі, а цяпер той вэктар зусім адрэзаны. Тут яшчэ быў пікантны момант нядаўна, калі яго нават у Кітай на форум «Адзін пояс, адзін шлях» не запрасілі. Ён, відаць, настолькі абвастрыў дачыненьні з суседнімі краінамі ЭЗ, што гэта паставіла пад удар транзытныя інтарэсы Пэкіну, і такім чынам Лукашэнку паўшчувалі. Таму ён на гэтым саміце ў нейкай ступені бярэ рэванш.

Гэта, як заўжды, будзе папоўніцы скарыстана і ўжо скарыстоўваецца беларускай прапагандай. Хоць ёсьць два практычныя моманты. Самі Эміраты, як вядома, улюбленае месца для Лукашэнкі. Гэты форум працяглы, больш за 10 дзён, я думаю, што гэта магчымасьць (як Лукашэнка часта рабіў з сынамі і ўсёй чэлядзьдзю) проста пазагараць, адпачыць, пакупацца.

Некалькі дзён таму Лукашэнка праводзіў нараду ў Менску і казаў пра замежныя пляны. Прагучала, што ў кулюарах саміту ён хоча з шэрагам афрыканскіх лідэраў перамовіцца, і мы ўжо бачылі фатаграфіі з саміту, дзе ён на канапе зь нейкімі афрыканскімі прэзыдэнтамі. Каб працягвалася ілюзія, што ніякай ізаляцыі няма, што жыве правадыр рэжыму насычаным міжнародным жыцьцём.

— Ірына, я хацела вас папрасіць пракамэнтаваць іншы фрагмэнт прамовы Лукашэнкі: «Мы аказваем бясцэнныя „экасыстэмныя“ паслугі нашаму кантынэнту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду — натуральныя балоты, лясы, лёгкія Эўропы. Разьвіваем „зялёную“ атамную энэргетыку, мінімізуючы рызыкі зьмены клімату». Што б вы сказалі пра захаваньне балотаў і „зялёную“ атамную энэргетыку?

Ірына Сухій: Насамрэч Беларусь нічога ня робіць, каб зьменшыць выкіды вуглякіслага газу, а з балотамі... Гэта такая хлусьня. Выйшаў на трыбуну і схлусіў. Нічога не захоўваецца. Былі праекты аднаўленьня балотаў, якія пры падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН рабіліся. Калі ўсё гэта скончылася, тое, што забалоцілі, цяпер зноў асушаюць. Ізноў зьяўляюцца пляны здабычы торфу. У 2011 годзе мы змагаліся супраць таго, каб на тэрыторыях, якія хацелі адрэзаць ад заказьнікаў, пачалі асушэньне балотаў. У той момант мы перамаглі, бо і Міністэрства прыроды было на нашым баку. Цяпер ізноў новыя пляны асушэньня, здабычы торфу, і гэта называецца «захаваньнем лёгкіх Эўропы».

Што да лясоў, то цяпер лясы максымальна высякаюць. Нядаўна ў Лясным кодэксе быў зьніжаны ўзрост дрэваў, якія можна секчы. Усё прадаецца куды толькі магчыма.

І пра атамную энэргетыку зусім цудоўны пасаж. Калі станцыя працуе, выкідаў CO2 у атмасфэру няма, затое ёсьць выкіды радыянуклідаў... З кожным годам павялічваецца ўдвая забруджваньне радыянуклідамі. Яно мінімальнае, гэта ў асноўным аэразолі, якія з атамнай станцыі трапляюць у атмасфэру і асядаюць вакол. Але бачна дакладна, што было ў 2020, 2021, 2022 гадах. З кожным годам забруджваньне будзе павялічвацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG