Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўседа: прэзыдэнты Літвы, Латвіі і Польшчы адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам у Дубаі


Агульнае фота ўдзельнікаў саміту ў Дубаі. Лукашэнка крайні справа ў першым шэрагу. 1 сьнежня 2023
Агульнае фота ўдзельнікаў саміту ў Дубаі. Лукашэнка крайні справа ў першым шэрагу. 1 сьнежня 2023

«Гэта называецца сямейным фота. Лукашэнка не належыць да той сям’і, да якой мы хочам належаць», — заявіў Гітанас Наўседа з гэтай нагоды.

Прэзыдэнты Гітанас Наўседа, Эдгар Рынкевічс і Анджэй Дуда байкатавалі агульнае фатаграфаваньне на сустрэчы Арганізацыі Абʼяднаных Нацый аб зьмяненні клімату COP28 у пятніцу ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, бо ў ім ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка.

Аб прычынах са спасылкай на літоўскага прэзыдэнта піша літоўская тэлевізія LRT.

«Было б крывадушна стаяць плячо ў плячо з кіраўніком дзяржавы, якая стала пляцдармам агрэсіі Расеі супраць Украіны, і як ні ў чым не бывала абмяркоўваць будучыню сьвету і зьмяненьне клімату. Беларускі рэжым спрыяе разбурэньню будучыні сьвету і разам з Расеяй нясе адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, ад гібелі людзей да катастрафічнага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе», — заявіў Наўседа.

У Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) з 30 лістапада да 12 сьнежня праходзіць Канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату, на якой плянуюць разгледзець выкананьне Парыскага пагадненьня аб клімаце, ухваленага ў 2015 годзе замест Кіёцкага пратаколу, а таксама разгледзець мэханізмы скарачэньня выкідаў да 2030 году.

На саміце ў Дубаі. 1 сьнежня 2023
На саміце ў Дубаі. 1 сьнежня 2023

У канфэрэнцыі бярэ ўдзел і Аляксандар Лукашэнка. Чакаецца ягоны выступ.

Сёлета Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў рашэньні аб выхадзе Беларусі зь дзьвюх экалягічных канвэнцый — Оргускай (аб удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, доступе да інфармацыі й правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ініцыяванай Эўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН) і Бэрнскай (аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісаную ў 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы).

  • У кастрычніку 2021 году ўдзельнікі Орхускай канвэнцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» перасьледам з боку дзяржавы. Было прынята рашэньне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі з 1 лютага 2022 году, калі да 1 сьнежня ўлады ня зробяць крокаў дзеля аднаўленьня рэгістрацыі аб’яднаньня. За такое рашэньне прагаласавалі 27 краінаў.
  • Орхуская канвэнцыя аб удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя, існуе ад 1998 году. Яе бакамі зьяўляюцца практычна ўсе эўрапейскія краіны, да сёньняшняга дня — уключна зь Беларусьсю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG