Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на саміце ў Дубаі паскардзіўся, што Беларусь — «лёгкія Эўропы», а на яе наклалі санкцыі


Аляксандар Лукашэнка прамаўляе на канфэрэнцыі ААН аб зьменах клімату
Аляксандар Лукашэнка прамаўляе на канфэрэнцыі ААН аб зьменах клімату

Сёлета Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх найважнейшых міжнародных канвэнцыях у пытаньнях экалягічнай бясьпекі — аб доступе да інфармацыі і аб ахове дзікай флёры і фаўны і прыродных біятопаў ў Эўропе.

Аляксандар Лукашэнка на саміце Арганізацыі Абʼяднаных Нацый аб зьменах клімату ў Дубаі заявіў, што экалягічныя праблемы немагчыма вырашыць ва ўмовах канфрантацыі.

«Мы надаем неацэнныя „экасыстэмныя паслугі“ нашаму кантынэнту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду — натуральныя балоты, лясы, „лёгкія Эўропы“. Разьвіваем „зялёную“ і атамную энэргетыку, мінімізуючы рызыкі зьменаў клімату. Парадаксальна, але ў адказ атрымліваем новыя эканамічныя санкцыі, бар’еры ў міжнародным гандлі, абмежаваньне доступу да тэхналёгіяў. І ня толькі мы. Час прызнаць: „зялёны“ парадак дня бессэнсоўны ва ўмовах канфрантацыі. Ён патрабуе павагі сувэрэнітэту краін і безумоўнай справядлівасьці», — заявіў Лукашэнка. Яго працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Сёлета Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх міжнародных канвэнцыях у пытаньнях экалягічнай бясьпекі: Оргускай (аб удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, доступе да інфармацыі й правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ініцыяванай Эўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН) і Бэрнскай (аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісанай у 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы).

Перад выступам на канфэрэнцыі ў кулюарах саміту Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтамі Зымбабвэ і Кеніі. Пазьней стала вядома аб ягонай кароткай сустрэчы з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам.

Прэзыдэнты Літвы, Латвіі і Польшчы Гітанас Наўседа, Эдгар Рынкевічс і Анджэй Дуда ў пятніцу байкатавалі агульнае фатаграфаваньне на сустрэчы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб зьменах клімату ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, бо ў ім удзельнічаў Аляксандар Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG