Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская назвала выбары 2024 году «бязвыбарамі» і заклікала беларусаў «ня даць сябе падмануць»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Так званы Адзіны дзень галасаваньня, які прызначыў рэжым, — гэта „бязвыбары“, рытуал бяз сэнсу і справядлівасьці», — заявіла 24 лістапада дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў звароце ў сваім ютуб-канале.

Паводле яе слоў, «пад выглядам дэмакратычнага працэсу дыктатар спрабуе ўмацаваць уладу, за якую ён так старанна трымаецца „пасінелымі пальцамі“».

«Падрыхтоўка да гэтага дня больш нагадвае ваенную апэрацыю. Імёны ў выбарчых камісіях засакрэцілі, а на ўчасткі зьбіраюцца паставіць міліцыю і вайскоўцаў», — падае агенцтва «Позірк» словы палітыка.

Лукашэнка, паводле Ціханоўскай, «баіцца, што нешта зноў можа пайсьці не паводле пляну, як гэта было ў 2020‑м».

«Ён баіцца любой канкурэнцыі. Каб усё прайшло стэрыльна і ціха, рэжым ліквідаваў усе апазыцыйныя партыі, а іх лідэраў кінуў у турмы. Любая палітычная актыўнасьць крыміналізаваная», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Рэжыму, дадала яна, «няма чаго прапанаваць беларусам, акрамя рэпрэсіяў». «Кожны дзень людзей арыштоўваюць, катуюць. Любое іншадумства прызнаецца экстрэмізмам. Аб якім свабодным волевыяўленьні можа ісьці гаворка ў такіх умовах?» — сказала дэмакратычная лідэрка.

Яна заклікала беларусаў «быць пільнымі і ня даць сябе падмануць», «пазьбягаць удзелу ў рэжымных мерапрыемствах», а таксама «распаўсюджваць дакладную інфармацыю» і «падтрымліваць адзін аднаго».

«Толькі сумеснымі намаганьнямі мы зможам адбудаваць краіну, дзе закон цэніцца, голас кожнага ўлічваецца, а ўлада зьмяняецца», — заявіла Ціханоўская.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае пасяджэньне Ўсебеларускага народнага сходу ў новым статусе.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бюлетэнь — як падчас датэрміновага галасаваньня, гэтак і ў асноўны дзень выбараў. За парушэньне гэтага патрабаваньня пагражае адміністрацыйная адказнасьць.

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG