Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпенка расказаў, як улады зьбіраюцца праводзіць галасаваньне 25 лютага 2024


Старшыня ЦВК Ігар Карпенка, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка, архіўнае фота

Складу выбарчых камісій Цэнтравыбаркам публікаваць ня будзе, а для назіральнікаў ад АБСЭ «правядзе неабходныя працэдуры ў акрэдытацыі», пра гэта сярод іншага расказаў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.

Карпенка заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ, што сьпісы сяброў выбарчых камісій публікаваць ня стануць. Ён сьцьвярджае, што гэта нібыта прадугледжана заканадаўствам, але апошняя рэдакцыя Выбарчага кодэксу яго абвяргае, заўважыла «Люстэрка».

Паводле Карпенкі, на наступных выбарах дэпутатаў у камісіях будуць працаваць каля 70 тысяч чалавек. Раней у Беларусі такія сьпісы публікавалі.

«Але, як той казаў, хацелі ж узяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сыстэма. А ў выніку атрымалі булінг, ганеньні гэтых людзей. Таму што гэтыя сьпісы становяцца раптам аб’ектам вывучэньня, што тут граху хаваць, розных спэцыяльных службаў, у тым ліку суседніх непрыязных дзяржаў. Вось мы самі стваралі гэтыя ўмовы. Цяпер мы гэтага рабіць ня будзем», — заявіў старшыня ЦВК.

Пры гэтым ён зазначыў, што «гэта ня значыць, што чальцы камісіі будуць безназоўнымі».

«Калі вы прыйдзеце на выбарчы ўчастак, вы напэўна ўбачыце сяброў камісіі, якія там знаходзяцца, з бэджыкамі — зь імем і па бацьку. Ва ўсякім разе, калі вы захочаце зьвярнуцца да старшыні камісіі, ён прадставіцца, хто ён такі, калі ў вас ёсьць нейкія пытаньні і гэтак далей», — заявіў Карпенка.

Таксама Карпенка сказаў, што калі назіральнікаў ад Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) запросяць на выбары ў Беларусі, Цэнтравыбаркам «правядзе неабходныя працэдуры па акрэдытацыі».

Паводле Ігара Карпенкі, запрашэньне назіральнікаў АБСЭ — «не кампэтэнцыя Цэнтральнай выбарчай камісіі».

Чыноўнік адзначыў, што ЦВК, як правіла, запрашае кіраўнікоў цэнтральных выбарчых органаў краін СНД, партнэрскіх дзяржаў Міжнароднай асацыяцыі выбарчых органаў, «у якую ўваходзіць 111 краін».

«Зразумела, што ўсе 111 краін мы запрашаць ня будзем, але, ва ўсякім выпадку, мы маем намер запрасіць кіраўніцтва цэнтральных выбарчых камісій краін СНД», — заявіў ён.

«Мы выбары праводзім для сябе, для сваёй краіны. Гэта наша ўнутраная справа, — сказаў кіраўнік ЦВК. — І ўжо сапраўды мы не абавязаныя даваць справаздачу ні перад якімі эўрапейскімі структурамі — ні адносна нашага заканадаўства, ні адносна тых выбарчых працэдур, якія прадугледжаны выбарчым заканадаўствам. І мы гэтага рабіць, адпаведна, ня будзем».

25 траўня першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў на міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі «Тэорыя і практыка выбарчага працэсу» заявіў:

«Настаў час па-новаму зірнуць на ўсе гэтыя мэнтарскія ацэнкі вынікаў выбараў і нашага заканадаўства, якія ідуць з ключавых эўрапейскіх палітычных арганізацый шэрагу краін».

На яго думку, АБСЭ «да гэтага часу так і не выпрацавала празрыстых адзіных стандартаў правядзеньня выбарчых кампаній».

17 верасьня Карпенка, гаворачы аб назіраньні за выбарамі, заявіў, што Бюро дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ «ня мае нейкіх адзіных стандартаў адносна ацэнкі выбараў», а выкарыстоўвае «розныя рэкамэндацыі ў разрэзе той ці іншай краіны», якія адрозьніваюцца:

«Гэтыя мэханізмы, на жаль, дэстабілізуюць абстаноўку ў некаторых краінах падчас электаральнай кампаніі. Мы маем намер прыцягваць і такія арганізацыі, як ШАС, БРІКС, АДКБ, якія таксама могуць выпрацаваць падыходы для ацэнкі электаральных працэсаў у краінах-удзельніцах».

  • Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і мясцовыя саветы дэпутатаў 29-га скліканьня ўпершыню пройдуць у адзіны дзень галасаваньня, якім вызначаны 25 лютага 2024 году.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.

Што трэба ведаць пра Адзін дзень галасаваньня-2024

  • Адзіны дзень галасаваньня адбудзецца 25 лютага 2024 году. Перадвыбарная агітацыя дазволена з 31 студзеня па 24 лютага.
  • Вылучэньне прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій мусіць адбыцца да 5 сьнежня. Самі ж камісіі трэба ўтварыць не пазьней за 11 сьнежня. Стварыць участкі для галасаваньня трэба не пазьней чым 10 студзеня 2024 году, а ўчастковыя камісіі не пазьней за 25 студзеня.
  • Да 16 сьнежня камісіі павінны прыняць рашэньне аб колькасьці подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў, вылучэньне якіх адбудзецца з 17 сьнежня да 15 студзеня ўключна. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 16 студзеня да 30 студзеня ўключна. У пэрыяд з 31 студзеня па 24 лютага 2024 года можа праводзіцца перадвыбарная агітацыя.
  • Датэрміновае галасаваньне працягнецца з 20 па 24 лютага. Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая ладзіцца Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам з 2008 году, а таксама яе экспэрт Павал Сапелка падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG