Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нырку не перасадзілі». Палітвязьня Васіля Берасьнева вярнулі ў калёнію


Васіль Берасьнеў, архіўнае фота, 2018 год.
Васіль Берасьнеў, архіўнае фота, 2018 год.

Прафсаюзны актывіст у зьняволеньні пакутуе ад ныркавай недастатковасьці.

Пра сытуацыю з палітвязьнем Васілём Берасьневым Свабодзе расказаў Максім Пазьнякоў, які знаходзіцца за мяжой і часова выконвае абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

«Яго абсьледавалі ў шпіталі на працягу двух дзён і адправілі назад у калёнію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калёніі. Крыніцы, зь якімі я кантактаваў, нават ня ведаюць, як ён цяпер пачуваецца», — сказаў Свабодзе Максім Пазьнякоў.

Паводле Максіма Пазьнякова, Васіля Берасьнева вярнулі ў калёнію ў першай палове кастрычніка.

У 73-гадовага Берасьнева адна нырка. Праблемы са здароўем у палітвязьня абвастрыліся яшчэ ў СІЗА, а ў калёніі № 15, што пад Магілёвам, стан здароўя рэзка пагоршыўся. Паводле дасьведчаных крыніц, у яго павысіўся ціск і пачаліся моцныя болі ў нырцы. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Васіля Берасьнева на пачатку кастрычніка забралі з калёніі і паклалі на абсьледаваньне ў Магілёўскі абласны шпіталь.

«Сытуацыя крытычная. Калі сапраўды неабходная перасадка, трэба біць ва ўсе званы і рабіць гэта неадкладна. А ўвогуле — палітвязьня трэба вызваляць, і як мага хутчэй, і дзеля гэтага выкарыстоўваць усе магчымасьці», — казаў на пачатку кастрычніка праваабаронца Ігар Казьмерчак.

Паводле Максіма Пазьнякова, яму невядома, чаму ў Магілёўскім абласным шпіталі Васілю Берасьневу апэрацыю па перасадцы ныркі так і не зрабілі. «Мае крыніцы пра дыягназ таксама ня ведаюць», — сказаў Максім Пазьнякоў.

  • Васіль Берасьнеў — лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, быў выканаўцам абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Прафсаюзнага актывіста затрымалі 19 красавіка 2022 году ў межах крымінальнай справы супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў. Сёлета ў студзені Менскі гарадзкі суд пакараў лідэраў прафсаюзу РЭП вялікімі тэрмінамі зьняволеньня. Генадзь Фядыніч і Васіль Берасьнеў атрымалі па 9 гадоў калёніі, Вячаслаў Арэшка — 8 гадоў.
  • Берасьнева, Фядыніча і Арэшку прызналі вінаватымі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
  • Васіль Берасьнеў віны не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі актывіста палітычным вязьнем.

За што і каго з прафсаюзных актывістаў судзілі ў сьнежні 2022 году

Закрыты працэс над кіраўнікамі і актывістам прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ішоў з 25 лістапада. 27 сьнежня 2022 году агучылі рашэньне.

Судзьдзя Анастасія Папко вынесла прысуд:

  • Васілю Берасьневу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Генадзю Фядынічу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Вячаславу Арэшку — 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Берасьнева, Фядыніча і Арэшку вінавацілі паводле артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
  • ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
  • ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • ч. 3 арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).

Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня 2022 году былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюза мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня тое ж сталася зь Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.

Сёлета прафсаюзу РЭП споўнілася б 32 гады. У 1990-х колькасьць яго сяброў дасягала 275 тысяч чалавек. У 2018 годзе лідэраў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хіміі». Цяпер за кратамі знаходзіцца берасьцейская лідэрка РЭП Зінаіда Міхнюк.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG