Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для людзей ва ўзросьце такія прысуды як пажыцьцёвае зьняволеньне». За што пакаралі вялікімі тэрмінамі прафсаюзных лідэраў


Асуджаныя лідэры прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вячаслаў Арэшка
Асуджаныя лідэры прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вячаслаў Арэшка

Менскі гарадзкі суд пакараў лідэраў прафсаюзу РЭП вялікімі тэрмінамі зьняволеньня. Генадзь Фядыніч і Васіль Берасьнеў атрымалі па 9 гадоў калёніі, Вячаслаў Арэшка – 8 гадоў. Свабода спыталася ў былога старшыні прафсаюзу РЭП Васіля Завадзкага, пра што могуць сьведчыць такія вялікія прысуды.

«Рашэньне аб такім жорсткім прысудзе прымалася на самым версе»

Васіль Завадзкі лічыць, што рашэньне аб такім жорсткім прысудзе для прафсаюзных лідэраў прымалася на «самым версе».

«На жаль, ніхто не спадзяваўся на апраўдальны прысуд, які быў бы цалкам лягічны і законны. Але ніхто не чакаў і такога нечувана жорсткага выраку. Для людзей ва ўзросьце і пры такім стане здароўя гэта пажыцьцёвае зьняволеньне. Але сытуацыя зьменіцца значна хутчэй і законнасьць і справядлівасьць вернуцца ў нашу краіну», — кажа праваабаронца.

Завадзкі расказвае, што ня ведае падрабязнасьцяў суду, таму што працэс быў цалкам закрыты.

«Ёсьць такое абвінавачаньне ў іх, як „заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы“. Калі гаворка ідзе пра санкцыі, то гэта глупства проста. Таму што ў прафсаюзах была дыскусія наконт санкцый і было разуменьне, што ня справа прафсаюзаў — санкцыі ці заклік да іх. Прафсаюзы стаялі на абароне працоўнага чалавека. Абвінавачаньне ў экстрэмісцкім фармаваньні — гэта такі „фінт вушамі“ з боку рэжыму. Спачатку яны абвясьцілі групу грамадзян экстрэмісцкім фармаваньнем, потым абвінавачваюць, што тыя „займаліся экстрэмізмам“. З пункту гледжаньня законнасьці гэта бздура. Гэта такое беларускае ноў-хаў», — кажа Васіль Завадзкі.

Перад затрыманьнем прафсаюзных лідэраў у дзяржаўных СМІ, нават у раённых газэтах, ладзілася кампанія шальмаваньня прафсаюзу РЭП. Шараговыя члены прафсаюзу на камэры гаварылі, што выходзяць зь яго і «ўступілі туды памылкова».

«Пасьля ліквідацыі прафсаюзу і абвяшчэньня яго экстрэмісцкім фармаваньнем людзям нічога і не заставалася, як так рабіць. Прапагандысцкая кампанія была такой артпадрыхтоўкай да затрыманьня і абвінавачаньня Фядыніча, Берасьнева і Арэшкі, падрыхтоўкай грамадзкай думкі, — лічыць Васіль Завадзкі.

Ён кажа, што вялікія тэрміны палітзьняволеным маюць некалькі складнікаў.

«Па-першае, гэта помста за тое, што людзі не адмовіліся ад сваёй пазыцыі, праводзілі сваю лінію, дапамагалі людзям. Другое — прызнаньне іх аўтарытэту, хаця, вядома, лепш бы яго не было, такога прызнаньня. Трэцяе — складаецца такое ўражаньне, што рэжым рыхтуецца да нейкіх падзей і таму „выключае“ патэнцыйных папулярных асобаў, якія маюць харызму, умеюць працаваць і размаўляць зь людзьмі, павесьці іх за сабой. Чацьвёрты складнік — працягваць нагнятаць атмасфэру страху, спроба задушыць усё жывое і незалежнае ў краіне. Задача ж у канкрэтных асоб рэжыму адна: любымі спосабамі захаваць уладу, і ў гэтым памкненьні яны не спыняцца ні перад чым», — кажа праваабаронца.

За што і каго судзілі

Закрыты працэс над кіраўнікамі і актывістам прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ішоў з 25 лістапада. 27 сьнежня 2022 году агучылі рашэньне.

Судзьдзя Анастасія Папко вынесла прысуд:

  • Васілю Берасьневу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Генадзю Фядынічу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Вячаславу Арэшку — 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Берасьнева, Фядыніча і Арэшку вінавацілі паводле артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
  • ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
  • ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • ч. 3 арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).

Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня 2022 году былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюза мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня тое ж сталася зь Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.

Сёлета прафсаюзу РЭП споўнілася б 32 гады. У 1990-х колькасьць яго сяброў дасягала 275 тысяч чалавек. У 2018 годзе лідэраў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хіміі». Цяпер за кратамі знаходзіцца берасьцейская лідэрка РЭП Зінаіда Міхнюк.

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ўтварыўся ў лістападзе 1990 году. Заснавальнікамі прафсаюзу РЭП былі 93 нізавыя прафсаюзныя арганізацыі з усёй Беларусі.

Прафсаюз аб’яднаў тады 275 тысяч сяброў і ўвайшоў у склад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).

Пры непасрэдным удзеле прафсаюзу РЭП у 1990-х гадах былі праведзеныя шматтысячныя акцыі пратэсту «Не — зьбядненьню народу» на плошчы Свабоды і каля Палаца спорту ў Менску, якія дазволілі стабілізаваць становішча на прадпрыемствах.

Увесну 2017 году па ўсёй краіне прайшлі шматлюдныя маршы недармаедаў, адным з арганізатараў якіх быў РЭП. Акцыі пратэсту прайшлі ў Менску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Віцебску, Воршы, Рагачове, іншых гарадах краіны.

2 жніўня 2017 году ў офісах прафсаюзу РЭП у Менску і Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску адбыліся ператрусы. Канфіскавалі кампутары і фінансавыя дакумэнты. Супраць прафсаюзнага лідэра Генадзя Фядыніча і бухгальтара Ігара Комліка распачалі крымінальную справу аб фактах нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG