Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Бухвостаў трапіў у лякарню перад судом аб ліквідацыі арганізацыі


Аляксандар Бухвостаў
Аляксандар Бухвостаў

Вярхоўны суд 14 ліпеня рыхтуецца да разгляду справы аб ліквідацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ) і Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ). 18 ліпеня адбудзецца суд над Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), куды ўваходзілі дзьве зьліквідаваныя арганізацыі.

Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ) і Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) могуць быць зьліквідаваныя рашэньнем Вярхоўнага суду. Паседжаньне плянуецца на 14 ліпеня.

Напярэдадні суду лідэр СПМ Аляксандар Бухвостаў трапіў у шпіталь з праблемамі з сэрцам. Раней пасьля допытаў у КДБ ён ужо правёў некалькі тыдняў у лякарні з гэтымі праблемамі. На 14 ліпеня заплянаваная каранаграфія.

Бухвостаў і юрыст Ігар Комлік напісалі хадайніцтва аб пераносе судовага паседжаньня. Справа ня толькі ў праблемах са здароўем, але і ў тым, што прафсаюз ніяк не паінфармавалі аб тым, што суд будзе закрытым, піша «Народная воля».

Пры гэтым Аляксандар Бухвостаў не разумее, навошта ўладам закрыты працэс, калі раней у прапагандысцкіх фільмах ужо паказвалі шэраг абставінаў, у тым ліку фактычна прызналіся ў незаконным умяшаньні ў прыватнае жыцьцё.

«Якія могуць быць таямніцы, калі напярэдадні па БТ паказалі фільм пра дзейнасьць незалежных прафсаюзаў, у якім выкарыстоўвалі нават фрагмэнты з допытаў прафсаюзных лідэраў? Што ўтойваць, калі ў эфір трапілі нават прыватныя тэлефонныя размовы?»

Раней у паведамленьні прэс-службы Генпракуратуры адзначалася, што дзейнасьць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасьцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».

Напярэдадні, 13 ліпеня, Вярхоўны суд Беларусі канчаткова зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і Беларускі незалежны прафсаюз.

БНП: ідэю нельга закрыць!

У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбылося закрытае судовае паседжаньне аб ліквідацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП). Ініцыятарам ліквідацыі выступіла Генэральная пракуратура, піша БДКП.

У якасьці прадстаўнікоў прафсаюзу на паседжаньні выступілі старшыня БНП Максім Пазьнякоў і юрыст прафсаюзу Марына Сацукевіч. Нягледзячы на довады прафсаюзнага лідэра і юрыста, суд пастанавіў зьліквідаваць прафсаюз і яго структуру зь нізавых арганізацый.

На сёньня на легальным становішчы заставаліся яшчэ дзьве нізавыя арганізацыі — на ААТ «Беларуськалій» і УСП «Трэст «Рэммантажбуд», якія аб’ядноўвалі больш за 2000 работнікаў. У найбліжэйшы час у прафсаюзе будзе сфармавана камісія, якая зоймецца ліквідацыяй прафсаюзнай структуры. Яна зоймецца таксама рэарганізацыйнымі і маёмаснымі пытаньнямі.

«У сваю чаргу, мы дзякуем усім работнікам, якія былі часткай Незалежнага прафсаюзу да самага канца. БНП увайшоў у гісторыю як найбольш пасьпяховы дэмакратычны прафсаюз у найноўшай гісторыі Беларусі. Разам зь ім у гісторыю ўвайшлі і тыя, хто жадаў „людзьмі звацца“. Вялікі вам дзякуй! Мы ўпэўненыя, што з нашай ліквідацыяй працоўны рух у нашай краіне ня зьнікне, бо ідэю нельга закрыць!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG