Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнесеныя ветрам гісторыі. Дзе знаходзяць прытулак зрынутыя дыктатары


Аляксандар Лукашэнка, Курманбек Бакіеў, Бэн Алі, Мэнгісту Хайле Мар’ям, Віктар Януковіч. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Курманбек Бакіеў, Бэн Алі, Мэнгісту Хайле Мар’ям, Віктар Януковіч. Каляж

Звычайна дыктатары, імкнучыся пазьбегнуць адказнасьці за ўчыненае, любымі спосабамі стараюцца ўтрымліваць уладу пажыцьцёва.

Звычайна дыктатары, імкнучыся пазьбегнуць адказнасьці за ўчыненае, любымі спосабамі стараюцца ўтрымліваць уладу пажыцьцёва. Калі ж гэта не ўдаецца і пад ціскам непераадольных абставін (змовы, народнага паўстаньня ці вонкавых сілаў) з рэжымам аднаасобнага панаваньня даводзіцца разьвітвацца, то адзінае выйсьце для былога ўсёмагутнага ўладара — уцёкі за мяжу.

Лічыцца, што ў сучасным сьвеце ўсё меней мясьцін, дзе гатовыя прытуліць і схаваць зрынутых дыктатараў. Аднак гэта датычыць пераважна краінаў эўрапейскага кантынэнту і Паўночнай Амэрыкі, дзе пры ўладзе дэмакратычныя ўрады. У дзясятках краінаў Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амэрыкі, дзе ўсталяваліся і дзесяцігодзьдзямі застаюцца пры ўладзе аўтарытарныя рэжымы, да лёсаў палітычных аднадумцаў ставяцца звычайна з разуменьнем і спагадай. І гатовыя пры неабходнасьці падставіць плячо. Прыкладаў такіх у найноўшай гісторыі нямала.

Мноства такіх гісторый адбываліся на вачах у Лукашэнкі (а некаторыя — і пры ягоным непасрэдным удзеле). Ён, без сумневу, рабіў высновы на падставе таго, што назіраў. Тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020-м і наступных гадах — у значнай ступені плён тых назіраньняў і высноў. Адной з найбольш відавочных альтэрнатыў для Лукашэнкі ў 2020-м (калі б не ўдалося гвалтам задушыць народныя пратэсты) было менавіта выгнаньне, эміграцыя. Грунтуючыся на досьведзе папярэднікаў, ён выбраў іншы шлях — жорсткае, бязьлітаснае задушэньне грамадзкага ўздыму, утрыманьне ўлады любой цаной. І, замест таго, каб выпраўляцца ў выгнаньне самому, змусіў уцякаць ад палітычных рэпрэсій сотні тысяч суграмадзян.

Менскі прытулак для Курбанбека Бакіева

Калі ў красавіку 2010 году ў выніку народных пратэстаў быў зрынуты кіргіскі аўтакратычны лідэр Курманбек Бакіеў, то Лукашэнка быў адным зь першых, хто падтрымаў яго і асудзіў кіргіскую рэвалюцыю. І менавіта ў Менску Бакіеў на доўгія гады знайшоў палітычны прытулак для сябе і сваёй сям’і.

Абгрунтоўваючы перад дэпутатамі тое сваё рашэньне, 20 красавіка 2010 году Лукашэнка даволі шчыра выклаў матывы, якімі кіраваўся, ратуючы зрынутага лідэра далёкай цэнтральнаазіяцкай краіны:

«...А тут дзяржаўны пераварот! Зрынулі законна выбранага прэзыдэнта, заціснулі недзе ў гарах, страляніна наўкол...»

«У Беларусі ня будзе ніякіх каляровых рэвалюцый... Вы мне даравалі б, калі б заўтра краіну грамілі марадэры, а я, маючы ў руках сілавы блёк, зброю, дазволіў бы здзеквацца з краіны і народу? У нас немагчымая страляніна, таму што ўсе ведаюць маю рашучасьць. ... Гэтым рэвалюцыям павінен быць пакладзены канец!»

Курманбек Бакіеў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску пасьля таго як уцёк у Беларусь, 2010
Курманбек Бакіеў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску пасьля таго як уцёк у Беларусь, 2010

Іншымі словамі, Лукашэнка ня проста ратаваў Бакіева — ён такім чынам абараняў і тую мадэль улады, якую сам стварыў у Беларусі. Як паказалі падзеі 2020 году, страхі былі небеспадстаўныя. І ўрокі Бакіева Лукашэнка засвоіў.

Што да зрынутага ў 2010 годзе былога кіргіскага лідэра, то ён і цяпер жыве пад аховай у Менску. У сябе на радзіме Бакіеў завочна асуджаны на 25 гадоў няволі — за злоўжываньне службовым становішчам ды іншыя злачынствы. Новая ўлада ў Бішкеку доўгі час патрабавала ад Менску экстрадыцыі Бакіева, але кожны раз атрымлівала адмову. На першым часе гэта значна азмрочвала ўзаемныя адносіны дзьвюх краін, якія абедзьве ўваходзяць у шчыльныя інтэграцыйныя аб’яднаньні, кантраляваныя Масквой. Але апошнім часам пра колішняга высокапастаўленага палітэмігранта і ў Бішкеку, і ў Менску ўспамінаюць усё радзей. А зь некаторага моманту Лукашэнка зноў стаў лятаць у Кіргізстан зь візытамі.

Бэн Алі — першая ахвяра «Арабскай вясны»

Незьмяняльны туніскі прэзыдэнт Зін аль-Абідзін Бэн Алі пасьля пачатку рэвалюцыі і месяца няспынных маніфэстацый у студзені 2011 года пасьпеў уцячы з краіны ў Саудаўскую Арабію, дзе атрымаў палітычны прытулак, а разам зь ім — раскошны асабняк з надзейнай аховай.

У свой час Бэн Алі, быўшы прэм’ер-міністрам, спрытна зрынуў свайго папярэдніка, першага прэзыдэнта Тунісу Хабіба Бургібу. Гэта адбылося ў лістападзе 1987 году. На той час Бургіба кіраваў краінай ужо 30 гадоў, усталяваў рэжым аднаасобнай дыктатуры, культ асобы (у краіне яго прынята было называць «вярхоўным байцом») і зусім не зьбіраўся ў адстаўку. Аднак прагны да ўлады прэм’ер Бэн Алі змусіў 84-гадовага дыктатара да адстаўкі «па стане здароўя», а пасьля выдаліў са сталіцы і пасадзіў пад хатні арышт у родным горадзе Бургібы — Манастыры. Там зрынуты дыктатар і памёр, пражыўшы яшчэ 13 гадоў.

Зін аль-Абідзін Бэн Алі, 2010
Зін аль-Абідзін Бэн Алі, 2010

Самога Бэн Алі пасьля вымушаных уцёкаў у выпадку вяртаньня на радзіму чакаў куды больш суровы лёс. 13 чэрвеня 2012 году Вайсковы трыбунал Тунісу асудзіў яго завочна на пажыцьцёвае зьняволеньне — за забойства дэманстрантаў падчас задушэньня пратэстаў. 35 гадоў турмы і штраф у 65 мільёнаў даляраў прысудзілі і ягонай жонцы, якая ўцякла разам зь ім. Зрэшты, на радзіму зрынуты дыктатар больш не вярнуўся: памёр у выгнаньні ў 2019 годзе.

«Афрыканскі Сталін»

У 1970-80-я лідэр этыёпскіх камуністаў Мэнгісту Хайле Мар’ям лічыўся ці не самым вялікім сябрам Савецкага Саюзу: прыйшоўшы да ўлады, будаваў сацыялізм з афрыканскім тварам. Адным з галоўных ягоных мэтадаў быў «чырвоны тэрор». За гады ўлады «афрыканскага Сталіна» (1977–1991) у Этыёпіі закатавалі, паводле розных ацэнак, ад 100 тысяч да 2 мільёнаў людзей. Пасьля таго, як у 1990 годзе СССР перастаў утрымліваць этыёпскі рэжым, дыктатура Мэнгісту Хайле Мар’яма хутка пала.

Мэнгісту Хайле Мар’ям
Мэнгісту Хайле Мар’ям

Сам ён знайшоў прытулак у Зымбабвэ, пад крылом мясцовага дыктатара Робэрта Мугабэ (яшчэ аднаго сябра Лукашэнкі), які прыняў яго як «асаблівага госьця». Зрынуты этыёпскі дыктатар пасяліўся зь сям’ёй на ўрадавай віле, агароджанай высокай сьцяной, якую пастаянна ахоўваюць паліцыянты і вайскоўцы. У рэдкіх выпадках, калі Мэнгісту выходзіць з дому, то, як сьцьвярджаюць відавочцы, носіць пры сабе зброю.

На радзіме былы дыктатар асуджаны да сьмяротнай кары праз павешаньне за катаваньні і забойствы ні ў чым не вінаватых людзей. Але ўсе спробы новых этыёпскіх уладаў дамагчыся экстрадыцыі зрынутага прэзыдэнта пакуль што беспасьпяховыя.

Як уцякаў Януковіч

Калі ў 2014 годзе ва Ўкраіне перамагла «рэвалюцыя годнасьці», зьбеглы прэзыдэнт Віктар Януковіч мог апынуцца ў Беларусі. Прынамсі, Лукашэнка быў да гэтага гатовы. 5 жніўня 2020 году ў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону ён так успамінаў пра тыя падзеі:

«Мы зь ім сустракаліся, я яго падтрымліваў падчас Майдану. Я яму расьпісаў усё, што бачыў. Я ня ведаў, што ён уцячэ. Ён жа пераляцеў на Данбас, і я лічу, што Данбас пачаўся адтуль. Ён думаў: „Я буду на Данбасе — і „майданутыя“ мяне не зачэпяць. І мы зробім Украіну Ўкраінай“. ...Чалавек дапусьціў слабіну... Я б Януковіча прытуліў. Я лічу, што тады ў вас адбыўся дзяржпераварот. Ён дапусьціў да такога. Але так нельга».

Януковіч, як вядома, уцёк у Расею і дагэтуль там застаецца. Свае першыя пасьля ўцёкаў прэсавыя канфэрэнцыі ён даваў у Растове-на-Доне. Але пазьней стала вядома, што Януковіч пасяліўся ў Падмаскоўі, на дзяржаўнай дачы ў Бакаўцы, якая належыць казённай установе «Загарадны дом „Русічы“» пры МУС Расеі.

Віктар Януковіч, Растоў-на Доне, 2016
Віктар Януковіч, Растоў-на Доне, 2016

Важнаму палітычнаму ўцекачу расейскія ўлады адвялі трохпавярховы асабняк плошчай больш як 2000 квадратных мэтраў — з аховай, абслугай, басэйнам, комплексам лазьняў і ўсім іншым для раскошнага жыцьця. Раней на гэтай тэрыторыі разьмяшчалася дача савецкага маршала Будзённага, а ў апошнія гады, да Януковіча, тут жыў колішні губэрнатар Маскоўскай вобласьці Барыс Громаў.

У 2019 годзе ўкраінскі суд завочна прызнаў Януковіча вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і пасобніцтве ў вядзеньні агрэсіўнай вайны і асудзіў на 13 гадоў зьняволеньня. Амаль усе краіны Захаду ўнесьлі імя Януковіча ў санкцыйныя сьпісы.

Дзе мог бы схавацца Лукашэнка?

Дыктатараў па-ранейшаму ня так мала на сьвеце. Каб вытрымаць і выжыць у супрацьстаяньні з дэмакратычным сьветам, яны міжволі шукаюць кантактаў адзін з адным, палітычна і эканамічна падтрымліваюць адзін аднаго, узаемна вучацца супрацьстаяць санкцыям, а пры вострай неабходнасьці гатовыя і выратаваць сабрата ад «няўдзячнага народу» — у выпадку, калі паўстаньне альбо грамадзкі пратэст аказаліся пасьпяховымі. Пры гэтым дыктатарскую салідарнасьць яны праяўляюць, нярэдка пераадольваючы ўзаемную рэўнасьць і зайздрасьць. Лёгіка гэтага своеасаблівага «інтэрнацыянала дыктатараў» зусім зразумелая: дапамог ты — у пэўны момант дапамогуць і табе.

Арэал існаваньня жорсткіх аўтарытарных рэжымаў сёньня — пераважна Афрыка, Блізкі Ўсход, Цэнтральная Азія і некаторыя краіны Лацінскай Амэрыкі. Ва ўмераных геаграфічных шыротах іх амаль не засталося. Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна — ці не адзінае выключэньне на мапе эўрапейскага кантынэнту.

За апошнія дзесяцігодзьдзі жыцьцё для зрынутых дэспатаў ускладнілася. Са стварэньнем Міжнароднага крымінальнага суду зьявіўся юрыдычны мэханізм, які дазваляе прыцягваць іх да адказнасьці за зробленыя злачынствы. Апроч таго, зьявіліся «паляўнічыя на дыктатараў» — юрысты-добраахвотнікі, якія мэтанакіравана вядуць расьсьледаваньне спраў супраць колішніх дэспатаў, якія хаваюцца ад правасудзьдзя.

У старым анэкдоце зрынуты дыктатар, якому неадкладна трэба ўцякаць, стоячы на даху прэзыдэнцкага палаца перад адчыненымі дзьверцамі верталёта, незадаволена круціць у руках прынесены яму глёбус і ніяк ня можа вырашыць, куды ляцець. Урэшце паварочваецца да ад’ютанта з пытаньнем: «А іншага глёбуса ў нас няма?».

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка (зьлева) на перамовах у Сочы, 2023
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка (зьлева) на перамовах у Сочы, 2023

Лукашэнку ў выпадку патрэбы нібыта ёсьць дзе ратавацца. Ён падтрымлівае цесныя кантакты з многімі дыктатарамі і аўтакратамі. Зымбабвэ і Экватарыяльная Гвінэя ў Афрыцы, Нікарагуа, Вэнэсуэла і Куба ў Лацінскай Амэрыцы, Іран, Сырыя і Эміраты на Блізкім Усходзе, Туркмэністан і Ўзбэкістан у Цэнтральнай Азіі, а яшчэ ж і Кітай, і Паўночная Карэя... Сьпіс патэнцыйных прытулкаў даволі вялікі. Іншая справа, што ўсе гэтыя краіны пераважна знаходзяцца ў тропіках ці ў раёнах з сухім гарачым кліматам. Лукашэнка ня раз прызнаваўся, што такі клімат яму не даспадобы.

А яшчэ ж пры выбары месца для пражываньня сваю ролю можа выканаць і пералік замежных моў, якімі валодае Лукашэнка, і магчымасьць займацца агранамічнымі практыкаваньнямі з пэўнымі сельгаскультурамі. Так што пры ўсім нібыта доўгім сьпісе выбар, калі б надарылася такая неабходнасьць, быў бы спынены, хутчэй за ўсё, на якой-небудзь краіне СНД. А найбольш верагодна, як і ў выпадку са зрынутым Януковічам, на Расеі, у адным з падмаскоўных палацаў для новай расейскай знаці. Калі толькі і ў РФ не адбудзецца такіх палітычных зьменаў, у выніку якіх адчуваць сябе ў бясьпецы зьбеглыя аўтакраты больш ня змогуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG