Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія патрабуюць ад Беларусі вывесьці «Вагнэр» і спыніць мігранцкі крызіс


Міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Лаанемец, міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі і міністар унутраных спраў Латвіі Марыс Кучынскіс пасля перамоваў у Варшаве, 28 жніўня 2023
Міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Лаанемец, міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі і міністар унутраных спраў Латвіі Марыс Кучынскіс пасля перамоваў у Варшаве, 28 жніўня 2023

Кіраўнікі МУС абмеркавалі ўмовы закрыцьця межаў зь Беларусьсю. МУС Літвы рыхтуе прапанову закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

У Польшчы сустрэліся кіраўнікі міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і самой Польшчы. Яны правялі перамовы аб сытуацыі са знаходжаньнем і дзейнасьцю ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнікі МУС абмеркавалі пытаньне закрыцьця межаў.

Польшча, Літва і Латвія закрыюць мяжу зь Беларусьсю ў выпадку крытычнага інцыдэнту. Пра гэта, які піша агенцтва РАР, заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі па выніках сустрэчы са сваімі балтыйскімі калегамі. Сустрэча адбылася ў Варшаве, на ёй абмяркоўваўся мэханізм закрыцьця мяжы з Беларусьсю.

«Мы рашуча настроены на сумесныя дзеяньні. Калі дойдзе да крытычнага інцыдэнту, незалежна ад таго, будзе гэта мяжа польская, літоўская ці латвійская, мы неадкладна распачнём дзеяньні ў адказ. Будуць закрытыя ўсе памежныя пераходы, якія пакуль адкрытыя, роўна як грузавыя, так і пасажырскія. Рэжым Лукашэнкі багацее на таварным транзыце, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі. Усе пераходы будуць закрытыя», — сказаў ён.

Каміньскі адзначыў, што суседзі Беларусі патрабуюць ад яе поўнага вываду групы «Вагнэр» з тэрыторыі краіны, а таксама адводу ад мяжы нелегальных мігрантаў і вяртаньня іх у краіны паходжаньня. Польскі міністар падкрэсьліў, што сьмерць кіраўнікоў ПВК «Вагнэр» прынцыпова не зьмяняе сытуацыю з групай. На тэрыторыі Беларусі застаецца вялікая група баевікоў, якія могуць рабіць што заўгодна.

Міністры краін Балтыі і Польшчы дамовіліся аб двух асноўных крытэрах, пры якіх будзе цалкам закрытая мяжа зь Беларусьсю, паведамляе кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, якую цытуе Delfi.lt.

Паводле Білатайце , гэта «узброены інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краінаў, які зьяўляецца сур'ёзнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы», а таксама «арганізаваны масавы прарыў нелегалаў».

«Калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, будзе праведзены апэратыўны абмен інфармацыяй паміж нашымі службамі, і тады будзе прынятае рашэньне на ўзроўні ўраду», — заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы.

Гаворачы пра вынікі сустрэчы ў Варшаве, Білатайце зазначыла:

«Мы дамовіліся аб агульнай рэакцыі ў выпадку фіксацыі крытычных інцыдэнтаў. Дамовіліся дзейнічаць супольна, рашуча і скаардынавана», — сказала ў панядзелак журналістам Білатайце.

МУС Літвы рыхтуе прапанову закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю

Літва плянуе закрыць яшчэ два пункты зь Беларусьсю. Пра гэта паведаміла міністарка ўнутраных спраў краіны Агне Білатайце, піша BNS.

Гэта памежныя пункты «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»), — паведаміла Агне Білатайце на сустрэчы з калегамі з краін Балтыі і Польшчы ў Варшаве ў 28 жніўня.

«На гэты момант такая прапанова ўнесеная. Яна павінна быць разгледжаная, усе працэдуры завершаныя і, відаць, пасьля разгляду і прыняцьця рашэньня гэта павінна быць зроблена ў найбліжэйшы час», — сказала Білатайце.

  • 18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — «Шумск»/«Лоша» і «Цьверач»/«Відзы».
  • У выпадку іх закрыцьця працоўнымі застануцца два пераходы:
  • «Салечнікі» (зь беларускага боку «Беняконі»),
  • «Меднікі» (зь беларускага боку «Каменны Лог»).

Рашэньне аб поўным закрыцьці межаў Эўразьвязу зь Беларусьсю, «пэўна, яшчэ ня будзе прынята», заявіў у этэры тэлеканалу TV3 кіраўнік МУС Латвіі Марыс Кучынскіс.

Паводле яго словаў, якія прыводзіць партал навінаў Delfi, «цяпер важна абмяняцца падрабязнай інфармацыяй, прадэманстраваць агульныя пазыцыі і салідарнасьць».

Міністарка унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла раней, што афіцыйная Вільня мае плян поўнага закрыцьця мяжы.

«Літва падрыхтавала плян закрыцьця мяжы, ён мае розныя ўзроўні, мы яго прадставім і абмяркуем з нашымі калегамі, каб пры адпаведных узроўнях пагрозы мы маглі ажыцьцяўляць адны і тыя ж дзеяньні і рашэнні адначасова», — цытуе яе BNS.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG