Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас расказаў Свабодзе аб пагрозах зь Беларусі для Літвы, меркаванай гібелі ўласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына і імаверным выхадзе вагнэраўцаў зь Беларусі.
— Спадар Арвідас, як вы ацэньваеце пагрозы з боку Беларусі цяпер, пасьля абвешчанай у Расеі гібелі Яўгенія Прыгожына?
— Я ацэньваю так, што сьмерць Прыгожына або жыцьцё Прыгожына ня мае вялікага значэньня для геапалітычнай сытуацыі ўвогуле ў рэгіёне. Цяперашнюю даволі складаную сытуацыю фармуе агрэсія Расеі супраць Украіны, і гэтым усё сказана. То бок, ёсьць Прыгожын, няма Прыгожына, будзе іншы прыгожыну. Гэта не мяняе сутнасьці сытуацыі. Пагрозы для Літвы існуюць і існавалі да Прыгожына і разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі. Пагрозы тыя самыя, мы іх ведаем, і Літва, у прынцыпе, рыхтавалася і рыхтуецца да адбіцьця такіх пагрозаў. Сьмерць Прыгожына істотных зьменаў ня ўносіць.
— І дыскусія, якая цяпер праходзіць у Польшчы, Латвіі і Літве аб неабходнасьці закрыцьця межаў зь Беларусьсю, застаецца ўсё яшчэ актуальнай?
— Мяркую, так. І гэта, я лічу, як сыгнал рэжыму Лукашэнкі — калі вагнэраўцаў выкарыстаюць менавіта для правакацый на мяжы, межы будуць закрытыя.
— Але цяпер, якалі як мяркуецца, няма Прыгожына, няма камандаваньня ПВК «Вагнэр», і ёсьць інфармацыя аб тым, што ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі пачалі разьбіраць лягер для вагнэраўцаў. Ці вы лічыце, што згортваньне лягеру ў Беларусі можа быць маніпуляцыяй і не адпавядаць рэчаіснасьці?
— Любую інфармацыю трэба правяраць. Пакуль што дакладных зьвестак мала. Я бачыў гэтую інфармацыю. Я ведаю, што ёсьць рух вагнэраўцаў назад у Расею, ён ёсьць, то бок найміты шукаюць сабе працу. Лукашэнка іх не забясьпечыў матэрыяльна, і проста яны «здымаюцца» з гэтага месца і шукаюць, дзе сябе прымяніць за грошы.