Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страчаны шанец Лукашэнкі. Чаму Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна афіцыйнага Менску


Сьцягі Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка не скарыстаўся шанцам, які яму даваў Эўразьвяз, цягам апошняга году ня ўводзячы новых санкцыяў.

За гэты час ані Беларусь не дыстанцыявалася ад Расеі, ані палітычныя рэпрэсіі не спыніліся, а наадварот — залежнасьць Лукашэнкі ад Масквы ўзрасла, а тэрор супраць любога іншадумства ўнутры краіны ўзмацніўся.

Сьцісла:

  • Зь леташняга чэрвеня ЭЗ ня ўводзіў новых санкцыяў адносна Беларусі. Такім чынам ЭЗ паказваў, што бачыць розьніцу у падыходах Масквы і Менску да вайны супраць Украіны.
  • Цяпер у Брусэлі ўбачылі, што падтрымка Расеі афіцыйным Менскам узмацнілася.
  • Таксама трыгерам новых санкцыяў ЭЗ стала ўнутраная палітыка лукашэнкаўскага рэжыму. Гэта цэлая сыстэма захадаў, накіраваных на ўзмацненьне палітычнага тэрору супраць іншадумства і апазыцыі.
  • Новыя санкцыі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі супраць Расеі.

3 жніўня апублікаваны пералік новых санкцыяў у дачыненьні да афіцыйнага Менску, які Эўразьвяз прыняў яшчэ 26 ліпеня.

Варта адзначыць, што зь леташняга чэрвеня ЭЗ ня ўводзіў новых санкцыяў адносна Беларусі, хоць супраць Расеі такія абмежаваньні прымалі за гэты час некалькі разоў. Такім падыходам ЭЗ паказваў, што не атаясамлівае віну Беларусі і Расеі ў вайне супраць Украіны, бачыць розьніцу у падыходах Масквы і Менску, зважае на тое, што беларускае войска ня ўдзельнічае ў агрэсіі. Таму РФ атрымала значна мацнейшыя санкцыі, чым Беларусь. І такой дыфэрэнцыяцыяй ЭЗ даваў Лукашэнку шанец адступіць. Гэта быў сыгнал, які падштурхоўваў Менск да скарачэньня вайсковага супрацоўніцтва з РФ, да ўнутрыпалітычнай лібэралізацыі.

Варта прызнаць, што за гэты час беспасярэдні ўдзел Беларусі у вайне супраць Украіны хутчэй зьменшыўся. З кастрычніка 2022 году беларуская тэрыторыя не выкарыстоўваецца Расеяй дзеля запуску ракет ці дронаў. Колькасьць расейскіх войскаў ў Беларусі істотна зьменшылася.

Тым ня менш цяпер, больш чым праз год, ЭЗ вырашыў прыняць новыя санкцыі адносна Беларусі. Чаму?

Прычын шмат. Найперш, агулам кажучы, Лукашэнка не скарыстаўся шанцам, які яму даў ЭЗ. Ня толькі не адбылося дыстанцыяваньня ад Расеі, але наадварот: беларуска-расейскі саюз узмацніўся. Супрацоўніцтва у сфэры ВПК стала шчыльнейшым. Вайскова-тэхнічная інтэграцыя, пастаўкі ў Расею розных кампанэнтаў узбраеньняў, боепрыпасаў, якія расейцы выкарыстоўвалі на фронце ва Ўкраіне, выйшлі на новы ўзровень.

  • Не спыняюцца міграцыйныя атакі супраць Польшчы і Літвы.
  • Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі зрабіла краіну яшчэ больш таксычнай у вачах Захаду.
  • На беларускай тэрыторыі зьявіўся новы інструмэнт ціску на суседяў — узброеныя аддзелы ПВК «Вагнэр».

Важным чыннікам увядзеньня новых санкцыяў ЭЗ стала ўнутраная палітыка лукашэнкаўскага рэжыму. Была прынятая цэлая сыстэма захадаў, накіраваных на ўзмацненьне палітычнага тэрору супраць апазыцыі і ўсялякага іншадумства. Цяжка не заўважыць, што ў Беларусі адбываецца эвалюцыя рэжыму ў бок таталітарызму. Моцна вырасла за год колькась палітвязьняў.

Таксама цягам апошняга году ўлады Беларусі прынялі комплекс захадаў супраць замежнага капіталу ў краіне, адмовіліся плаціць даўгі крэдыторам у валюце і інш. Гэтая сьвядомая адмова ад правілаў і нормаў функцыянаваньня эканомікі ў сьвеце стала яшчэ адной з падставаў перайсьці да больш жорсткай размовы з афіцыйным Менскам.

Акрамя таго, дзейнічае лёгіка канфлікту. Вайна ва Ўкраіне стала вайной на зьнясіленьне. І ў падобнай сытуацыі непазьбежна робіцца стаўка на аслабленьне праціўніка і ягоных хаўрусьнікаў. А ў такім разе не да цырымоніяў, тонкасьцяў і нюансаў.

Калі казаць пра зьмест новых санкцыяў, то ў значнай ступені яны прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, ужытымі супраць Расеі. Уводзіцца дадатковая забарона на экспарт у Беларусь з краін ЭЗ «агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгіяў, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». То бок Эўразьвяз спрабуе закрыць шчыліны, празь якія Расея спрабавала абыходзіць санкцыі.

Таксама ўводзяцца санкцыі супраць чыноўнікаў, вінаватых у рэпрэсіях, і некаторых прапагандыстаў рэжыму. Каб ведалі, што ніхто не забыты і нішто не забыта, усё фіксуецца.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG