Эўразьвяз апублікаваў рашэньне аб новых санкцыях, якім ён увёў дадатковую забарону «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.
26 ліпеня камітэт сталых прадстаўнікоў краін Эўразьвязу ўзгадніў увядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску «з прычыны сытуацыі ў краіне і датычнасьці Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш за год таму, у чэрвені 2022-га.
У прыватнасьці, рашэньне Рады Эўразьвязу прадугледжвае наступныя меры:
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь агнястрэльнай зброі, яе частак і неабходных кампанэнтаў, і боепрыпасаў да яе.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў, якія маглі б паспрыяць вайскова-тэхнічнаму ўмацаваньню Беларусі альбо разьвіцьцю яе абарончага патэнцыялу і забесьпячэньню бясьпекі.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь пэўных відаў паўправадніковых прыбораў, інтэгральных схемаў, фотаапаратаў і аптычных кампанэнтаў, іншых электрычных/магнітных кампанэнтаў і электронных прыладаў.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі або касьмічнай прамысловасьці, уключаючы авіяцыйныя рухавікі і іх часткі.
- Таксама ў рашэньні апісваецца намэнклятура забароненай для экспарту электронікі. Гаворка ідзе пра тыя яе віды, якія спрыяюць разьвіцьцю абароннага патэнцыялу і гарантаваньню бясьпекі Беларусі, а таксама тыя віды электронікі, якія выкарыстоўвае Расея для сваёй вайны супраць Украіны, якія спрыяюць разьвіцьцю абарончага патэнцыялу і вытворчасьці ўзбраеньня ў Расеі.
Рашэньне ЭЗ не прадугледжвае ніякага зьмякчэньня санкцыяў адносна экспарту беларускіх угнаеньняў. Гэтага зьмякчэньня дамагаўся шэраг краінаў Эўразьвязу.
Хроніка санкцыяў ЭЗ 2022 году
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключылі фізычных і юрыдычных асоб з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, увялі абмежаваньні на гандаль таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў увялі забарону на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключыў ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT тры беларускія банкі: «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.