Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі пра атаку бесьпілётнікамі вайскова-марской базы ў Новарасійску. СБУ паказала атаку на карабель


Вайсковы марскі бесьпілётнік набліжаецца да расейскага дэсантнага карабля «Оленегорский горняк» каля порта Наварасійска, 4 жніўня 2023
Вайсковы марскі бесьпілётнік набліжаецца да расейскага дэсантнага карабля «Оленегорский горняк» каля порта Наварасійска, 4 жніўня 2023

Расея з 18 ліпеня ледзь не штодня абстрэльвае ўкраінскія парты ў Адэскай вобласьці, якія Ўкраіна магла выкарыстоўваць для пастаўкі свайго збожжа на ўсясьветны рынак пасьля аднабаковага выхаду Расеі з збожжавых дамоўленасьцяў.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў ноч на 4 жніўня «Ўзброеныя сілы Ўкраіны двума марскімі безэкіпажнымі катэрамі ажыцьцявілі спробу атакі вайскова-марской базы ў Новарасійску».

«Безэкіпажныя катэры візуальна вызначаныя і зьнішчаныя агнём з штатнага ўзбраеньня расейскіх караблёў, якія ахоўвалі вонкавы рэйд вайскова-марской базы», — сказана ў паведамленьні Міністэрства абароны Расеі.

Вайсковае ведамства Расеі таксама паведаміла, што сродкі супрацьпаветранай абароны ў Крыме зьбілі 10 бесьпілётнікаў, нібыта запушчаных украінскімі войскамі. Яшчэ тры дроны спынілі сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

Усе гэтыя выпадкі ў Расеі назвалі тэрарыстычнай атакай Украіны. Аднак паведамляюць, што пацярпелых і разбурэньняў няма.

Ніякіх відэа- ці фотадоказаў атакі дронамі ў афіцыйных паведамленьнях Міністэрства абароны Расеі няма. Але адзін з расейскіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў апублікаваў відэазапіс, на якім бачна, што адзін з вайсковых караблёў атрымаў пашкоджаньні. Ідэнтыфікаваць, калі карабель атрымаў пашкоджаньні, немагчыма.

Відэазапіс з імаверна падбітым расейскім караблём распаўсюдзілі і некалькі ўкраінскіх тэлеграм-каналаў.

Пазьней украінскае выданьне «Українська правда» з спасылкай на свае крыніцы ў Службе бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што пашкоджаны вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк». Гэты карабель перамешчаны з Паўночнага флёту Расеі ў Чорнае мора для ўзмацненьня штурмавой групоўкі і дэсантаваньня расейскіх войскаў каля Адэсы.


Апублікаваны відэазапіс суправаджаецца камэнтаром аб атацы варожага карабля надводным дронам СБУ з 450 кіляграмамі трацілу. На караблі ў часе атакі нібыта былі больш як 100 чальцоў экіпажу.

Паводле выданьня, расейскі карабель сур'ёзна пашкоджаны і ня зможа выконваць баявыя задачы.

Расея з 18 ліпеня ледзь не штодня абстрэльвае ўкраінскія парты ў Адэскай вобласьці, якія Ўкраіна магла выкарыстоўваць як альтэрнатыўны шлях пастаўкі свайго збожжа на ўсясьветны рынак пасьля аднабаковага выхаду Расеі з збожжавых дамоўленасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG