Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 ліпеня: экс-памочніцу судзьдзі затрымалі за зьліў зьвестак у «Чорную кнігу Беларусі»; ператрусы ў Фаніпалі


Z-сымбаль расейскай вайны ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота
Z-сымбаль расейскай вайны ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У ноч на 30 чэрвеня ў Наваполацку невядомы абліў фарбай аўтамабіль Ssan Yong на крымскіх нумарах з сымболікай Z, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі вайны супраць Украіны. Відэа пашкоджанага аўтамабіля з камэнтарамі ўладальніка зьявілася ў сацсетках, паведамляе Reform.by.

Падазраюць 53-гадовага мясцовага жыхара, які працуе на адным з прадпрыемстваў горада. Міліцыянты знайшлі яго, затрымліваў мужчыну АМАП. Як паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкаму, супраць яго завялі крымінальную справу за хуліганства.

Жанчыну асудзілі на 3,5 года «хатняй хіміі» за абразу начальніка Карэліцкага РАУС і паклёп на Лукашэнку

У судзе Карэліцкага раёну 13 чэрвеня асудзілі Вікторыю Качан паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу.

Судзьдзя Ірына Каско прызначыла Вікторыі 3 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Жанчыну затрымалі сёлета 1 сакавіка. З 4 сакавіка і да вынясеньня прысуду яна знаходзілася пад хатнім арыштам. Вікторыю абвінавацілі ў тым, што з 2020-га па 2022 год яна пакідала «абразьлівыя і паклёпніцкія» камэнтары ў тэлеграм-чаце «Карэлічы 97%». Жанчына абразіла начальніка Карэліцкага РАУС Аляксея Гаўраша, а таксама абвінаваціла Лукашэнку ў забойстве людзей.

Зь Вікторыі спагналі на карысьць Гаўраша 1000 рублёў маральнай шкоды.

Вікторыя Качан з 2014-га па ліпень 2022 году пражывала ў Расеі. Працавала ў прыватным гандлёвым прадпрыемстве. Мае на ўтрыманьні дваіх непаўналетніх дзяцей.

Ператрусы ў Фаніпалі

Праваабаронцы паведамляюць аб чарговай аблаве ў Фаніпалі па крымінальнай справе. Сілавікі прыходзяць зь ператрусамі і затрымліваюць людзей.

Крымінальная справа на падставе ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Фаніпалі ўзбудзілі ў жніўні 2022 года.

Падлік яе фігурантаў ідзе ўжо на дзясяткі, сьцьвярджаюць праваабаронцы. Шмат каго ўжо асудзілі да пазбаўленьня або абмежаваньня волі.

Сілавікі затрымалі былую памочніцу судзьдзі за зьліў зьвестак у «ЧКБ»

Паводле інфармацыі «Медиазоны», гаворка пра Дар'ю Дакучыц, былую памочніцу судзьдзі Першамайскага раёну Менску.

У «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, яна кажа, што перадала ў «Чорную кнігу Беларусі» зьвесткі пра судзьдзю і пакідала «гнеўныя камэнтары».
Таксама яна кажа, што «пакідала на сьценах адміністрацыйных будынкаў розныя надпісы, такія як «Не забудземся, не даруем»».

Расейскага айцішніка затрымалі за «распальваньне варожасьці ў Беларусі»

У блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале сьцьвярджаецца, што расеец распальваў нацыянальную варожасьць у Беларусі, падаў прашэньне аб прызнаньні яго ўцекачом у амбасаду ЗША і прыклаў сфабрыкаваныя дакумэнты, пішаReform.by.

У тэлеграм-канале дэманструецца заява, нібыта напісаная затрыманым у адрас іміграцыйных уладаў ЗША, у якой ён просіць прытулак і кажа, што ўдзельнічаў у апазыцыйных мітынгах у Расеі ў 2017-2019 годзе, яго затрымлівалі, а ў верасьні 2022 году ён атрымаў позву з ваенкамату.

На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што працуе айцішнікам, прыехаў у Беларусь у 2020 годзе, пісаў пасты «з распальваньнем нянавісьці да расейскіх вайскоўцаў».

У Беларусі заблякавалі сайт Mediakritika.by

Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала сайт Mediakritika.by, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Рэсурс быў заснаваны больш за 10 гадоў таму для крытычнай ацэнкі тэмаў, якія ўздымае журналісцкая супольнасьць.

Пры спробе зайсьці на партал з тэрыторыі Беларусі зьяўляецца паведамленьне ад інтэрнэт-правайдэраў пра тое, што «доступ да рэсурсу абмежаваны для выкананьня рашэньня Міністэрства інфармацыі, прынятага на падставе закона Рэспублікі Беларусь »Аб сродках масавай інфармацыі«».

Прычыны блякаваньня сайту не паведамляюць.

Менскага шаўрміста затрымалі за тату з гербам Украіны

У Менску затрымалі повара-шаўрміста за тату ў выглядзе герба Украіны на руцэ. «Пакаяльнае» відэа зь ім апублікаваў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал. Сьцьвярджаецца, што ён затрыманы «па скаргах наведвальнікаў», у паведамленьні гаворыцца таксама аб «распальваньні міжнацыянальнай варожасьці» ў сеціве.

На запісе хлопец гаворыць, што працуе на вуліцы Янкі Лучыны. Паводле яго, наведвальнікі зрабілі яму заўвагу наконт тату, ён «агрэсіўна ім адказаў», а тыя выклікалі ўчастковага.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», затрыманы малады чалавек — 22-гадовы Ільля Садоўскі. Яго затрымалі яшчэ на пачатку чэрвеня, да гэтага часу ён знаходзіцца за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG