Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарыя выступіла супраць пастаўкі 100 танкаў Leopard 1A5 Украіне


Відэавыступ прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў швайцарскім парлямэнце, 15 чэрвеня 2023 году, Бэрн
Відэавыступ прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў швайцарскім парлямэнце, 15 чэрвеня 2023 году, Бэрн

Фэдэральная рада Швайцарыі палічыла, што згода на рээкспарт танкаў Leopard ва Ўкраіну супярэчыць дзейнаму заканадаўству краіны.

Фэдэральная рада Швайцарыі (калегіяльны кіраўнік дзяржавы, орган, які выконвае функцыі ўраду Швайцарыі) адхіліў запыт швайцарскай кампаніі Ruag AG аб перадачы Ўкраіне 96 танкаў Leopard 1A5. Кампанія хацела перадаць Украіне танкі, набытыя ў Італіі.

Рада падкрэсьліла, што прыхільнасьць Швайцарыі прынцыпу нэўтралітэту і надзейнасьці ў прымяненьні вяршэнства права маюць для яе ключавое значэньне.

Яшчэ 27 красавіка кампанія Ruag AG папрасіла дазволу на рээкспарт ва Ўкраіну 96 ужываных і непрыдатных да эксплюатацыі танкаў Leopard 1A5.

Цяпер танкі на захоўваньні ў Італіі (кампанія Ruag AG набыла іх у 2016 годзе), і перад перадачай Украіне іх трэба будзе адрэстаўраваць у Нямеччыне.

Нядаўна ў швайцарскім парлямэнце адбыліся дэбаты пра падрыхтаваны парлямэнцкім камітэтам бясьпекі законапраект, які дазваляе трэцім краінам пастаўляць швайцарскую зброю. На думку парлямэнцкай большасьці, згода на перадачу зброі супярэчыць прынцыпу нэўтралітэту краіны.

Швайцарыя пасьлядоўна адмаўляецца пастаўляць зброю Ўкраіне. У лютым яна адмовіла Гішпаніі ў рээкспарце дзьвюх швайцарскіх 35-мм зэнітных гармат Oerlikon ва Ўкраіну.

У 2022 годзе Швайцарыя адмовіла Нямеччыне ў адпраўцы ва Ўкраіну боепрыпасаў швайцарскай вытворчасьці, якія цяпер знаходзяцца на нямецкіх складах. Гаворка ішла пра боепрыпасы калібру 35 мм для зэнітных комплексаў Gepard, абсталяваных вышэйзгаданымі гарматамі Oerlikon.

У чэрвені 2022 году Швайцарыя таксама адмовіла Даніі ў пастаўках Украіне швайцарскіх бронетранспартэраў, якімі карыстаецца дацкае войска.

Штораз урад Швайцарыі абгрунтоўвае свае адмовы тым, што краіна нэўтральная, і ўраду заканадаўча забаронена пастаўляць зброю краінам, якія ўдзельнічаюць у працяглых збройных канфліктах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG