Расея праз год зноў абстраляла Крамянчук. Летась пры абстрэле гандлёвага цэнтру тут пацярпелі звыш 100 грамадзян

Момант ракетнага абстрэлу Расеяй гандлёвага цэнтру ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці 27 чэрвеня 2022
Момант ракетнага абстрэлу Расеяй гандлёвага цэнтру ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці 27 чэрвеня 2022

Расейскія бамбавікі падняліся ў паветра з аэрадрому ў Калускай вобласьці.

27 чэрвеня Расея абстраляла з сваёй стратэгічнай авіяцыі з паўночнага кірунку горад Крамянчук Палтаўскай вобласьці. Сёньня якраз споўніўся год зь мінулага ўдару па гэтым горадзе, калі загінуў 21 чалавек, 77 атрымалі раненьні.

Як паведамілі ў камандаваньні Паветраных сіл Украіны, 27 чэрвеня 2023 году расейскія бамбавікі падняліся ў паветра з аэрадрому ў Калускай вобласьці.

Аб выбухах у горадзе паведамілі карыстальнікі сацыяльных сетак. Пазьней мясцовыя ўлады паведамілі, што расейскія ракеты Х-22 пацэлілі ў дачны каапэратыў, ахвяр і пацярпелых няма. Іншыя дэталі атакі высьвятляюць.

27 чэрвеня 2022 году Расея нанесла ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці. Загінуў 21 грамадзянін, 77 атрымалі раненьні.

Украінскія ўлады абвінавацілі Расею ў мэтанакіраваным удары па цывільным аб’екце, гандлёвым цэнтры ў Крамянчуку, называючы гэта тэрарызмам.

Чальцы Рады Бясьпекі ААН — ЗША, Альбанія, Вялікая Брытаніі, Ірляндыя, Нарвэгія і Францыя — летась на экстраным паседжаньні 28 чэрвеня выступілі са спэцыяльнай заявай, у якой рашуча асудзілі актывізацыю расейскіх ракетных удараў па тэрыторыі Ўкраіны, па яе жылых кварталах і аб’ектах цывільнай інфраструктуры ў пэрыяд з 25 па 27 чэрвеня 2022 году. Асобна адзначаўся факт гібелі мірных жыхароў у выніку гэтых удараў.

Краіны, якія падпісалі заяву, падкрэсьлілі неабходнасьць правядзеньня абʼектыўнага, прафэсійнага і незалежнага расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці тых, хто парушае міжнароднае гуманітарнае права і зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы.

Міністэрства абароны Расеі амаль праз суткі прызнала, што ракетны ўдар па Краменчуку, ад якога загінулі мірныя жыхары, наведнікі гандлёвага цэнтру, нанесьлі расейскія вайскоўцы.

Пры гэтым у зводцы расейскага міністэрства сьцьвярджалася, што ўдар быў нанесены «высокадакладнай зброяй» па вайсковым аб’екце — «ангарах з узбраеньнем і боепрыпасамі, якія паступілі ад ЗША і эўрапейскіх краін у раёне Крамянчуцкага заводу дарожных машын».

​
XS
SM
MD
LG