Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заклікаў выключыць Расею з Рады Бясьпекі ААН


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (на экране) і ўдзельнікі пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН ушанавалі хвілінай маўчаньня ўкраінцаў, якія загінулі ў вайне Расеі супраць Украіны, 28 чэрвеня 2022
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (на экране) і ўдзельнікі пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН ушанавалі хвілінай маўчаньня ўкраінцаў, якія загінулі ў вайне Расеі супраць Украіны, 28 чэрвеня 2022

У Нью-Ёрку адбылося экстранае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, скліканае на просьбу Ўкраіны ў сувязі з расейскім ракетным ударам па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Рады Бясьпекі па відэасувязі.

Ён заклікаў пазбавіць Расею права голасу ў Генасамблеі і пастаяннага членства ў Радзе Бясьпекі ААН у сувязі з тым, што Масква пастаянна парушае асноўныя прынцыпы гэтай арганізацыі і міжнароднага юрыдычнага парадку ў цэлым.

Зяленскі назваў каляніяльнай вайну, якую Расея вядзе ва Ўкраіне, і адзначыў, што Расея не павінна ўдзельнічаць у галасаваньні ААН аб гэтай вайне.

Зяленскі таксама заклікаў ААН увесьці юрыдычны статус «дзяржавы-тэрарыста».

Украінскі лідэр таксама адрэагаваў на расейскую афіцыйную вэрсію здарэньня ў Краменчуку і на вэрсіі, якія распаўсюджваюцца пракрамлёўскімі СМІ і тэлеграм-каналамі:

«Я прапаную ААН накіраваць адмысловага прадстаўніка Генэральнага сакратара або іншага прадстаўніка для таго, каб яны наведалі месца падзей у Краменчуку і маглі пацьвердзіць, ці сапраўды быў удар, нанесены расейскай ракетай», — сказаў ён.

На просьбу прэзыдэнта Ўкраіны, пасьля заканчэньня ягонага выступу Рада Бясьпекі ААН ушанавала хвілінай маўчаньня памяць ахвяраў расейскага ракетнага нападу ў Краменчуку.

Да пачатку пасяджэньня шэсьць чальцоў Рады Бясьпекі — ЗША, Альбанія, Вялікая Брытаніі, Ірляндыя, Нарвэгія і Францыя — выступілі са спэцыяльнай заявай, у якой рашуча асудзілі актывізацыю расейскіх ракетных удараў па тэрыторыі Ўкраіны, па яе жылых кварталах і аб’ектах цывільнай інфраструктуры ў пэрыяд з 25 па 27 чэрвеня 2022 году. Асобна адзначаецца факт гібелі мірных жыхароў у выніку гэтых удараў.

Краіны, якія падпісалі заяву, падкрэсьлілі неабходнасьць правядзеньня абʼектыўнага, прафэсійнага і незалежнага расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці тых, хто парушае міжнароднае гуманітарнае права і зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы.

  • 27 чэрвеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 20 чалавек, 59 пацярпелі, яшчэ каля 40 прапалі бязь вестак. Да гэтага моманту ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы.
  • Міністэрства абароны Расеі амаль праз суткі прызнала, што ракетны ўдар па Краменчуку, ад якога загінулі мірныя жыхары, наведнікі гандлёвага цэнтру, нанесьлі расейскія вайскоўцы.
  • Пры гэтым у зводцы расейскага міністэрства сьцьвярджаецца, што ўдар быў нанесены «высокадакладнай зброяй» па вайсковым аб’екце — «ангарах з узбраеньнем і боепрыпасамі, якія паступілі ад ЗША і эўрапейскіх краін у раёне Крамянчуцкага заводу дарожных машын».
  • У ходзе экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН гэтую вэрсію Мінабароны паўтарыў афіцыйны прадстаўнік Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG