Гандлёвы цэнтар Амстор, Крамянчук. Скрыншот зь відэа ў Тэлеграме
Расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў горадзе Крамянчук Палтаўскай вобласьці, паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, у гандлёвым цэнтры знаходзіліся больш за тысячу цывільных. «Гандлёвы цэнтар палае, ратавальнікі займаюцца гашэньнем пажару, колькасьць ахвяр немагчыма нават уявіць», — паведаміў ён.
Зяленскі адзначыў, што ніякай небясьпекі і стратэгічнай каштоўнасьці для расейскага войска гэты аб’ект на станавіў.
Паводле стану на 22:00, у выніку ракетнага абстрэлу Краменчуку загінулі 13 чалавек, больш за 50 атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў кіраўнік Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Лунін.
У гашэньні пажару, паводле зьвестак украінскага боку, удзельнічаюць 115 пажарных і 20 машын Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый.
Паводле камандаваньня ВПС Узброеных сіл Украіны, удар па гандлёваму цэнтру ў Краменчуку Расея нанесла ракетамі Х-22, выпушчанымі з бамбавікоў Ту-22 М3. Паводле вайскоўцаў, расейскія самалёты, якія запусьцілі ракеты, вылецелі з аэрадрома ў Калускай вобласьці, а запускі зрабілі над Курскай вобласьцю Расеі.
Расея ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку пакуль не камэнтавала. Апэратыўна праверыць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў зоне баявых дзеяньняў, немагчыма.