Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Унутраная справа», «самы значны выклік расейскай дзяржаве». Сабралі міжнародныя рэакцыі на падзеі ў Расеі


Яўгеній Прыгожын. Ілюстрацыйнае фота
Яўгеній Прыгожын. Ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз сочыць за сытуацыяй у Расеі і лічыць тое, што адбываецца яе ўнутранай справай. Пра гэта заявіў прадстаўнік Эўракамісіі, камэнтуючы заклікі да мяцяжу з боку заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.

У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда паведаміў, што правёў кансультацыі з кіраўніком урада і міністэрствам нацабароны краіны ў сувязі з сытуацыяй у Расеі. Па словах Дуды, падзеі ў Расеі знаходзяцца пад пастаянным назіраньнем.

Мінабароны Вялікабрытаніі назвала зьвязаныя з Прыгожыным падзеі самым значным выклікам расейскай дзяржаве за апошні час.

Прадстаўнік Рады нацбясьпекі Белага дома ў гутарцы з «Голасам Амэрыкі» заявіў, што ў Вашынгтоне сочаць за сытуацыяй. «Мы будзем кансультавацца з саюзьнікамі і партнэрамі», — сказаў Адам Ходж.

Аб сваёй увазе да расейскіх падзей таксама заявілі прадстаўнікі Германіі і Францыі. Елісейскі палац пры гэтым удакладніў, што Парыж па-ранейшаму засяроджаны на падтрымцы Ўкраіны.

Кіеў у суботу заявіў, што падзеі ў Расеі толькі пачынаюцца. «Раскол паміж элітамі занадта відавочны. Згаджацца і рабіць выгляд, што ўсё ўладжана, не атрымаецца», — напісаў у твітэры дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Прэзыдэнт Украіны заклікаў грамадзян захоўваць адзінства і моц. «Чым даўжэй Расія будзе трымаць свае войскі і наймітаў на нашай зямлі, тым больш хаосу, болю і праблем для сябе потым атрымае», — гаворыцца ў тэлеграме Ўладзіміра Зяленскага.

У Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусі, які ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка, заявілі, што Беларусь застаецца саюзьнікам Расеі, які цалкам падзяляе мэты і задачы расейскай вайны ва Ўкраіне.

А лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG